28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святы Рафал Каліноўскі: афіцэр, патрыёт, паўстанец, манах, святар

Святы Рафал Каліноўскі: афіцэр, патрыёт, паўстанец, манах, святар
Фота: domrekolekcyjny.pl

Заступніцтва святога Рафала дапамагае ў розных жыццёвых сітуацыях.

20 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Рафала Каліноўскага — афіцэра, патрыёта, удзельніка нацыянальна-вызвольнага паўстання, і нарэшце — манаха кармэліта і святара.

З незвычайным і яскравым жыццёвым шляхам гэтага святога нас знаёміць артыкул Уладзiмiра Лiўшыца, апублікаваны на сайце horki.info.

Маладыя гады

Юзаф Каліноўскі нарадзіўся 1 верасня 1835 года ў Вільні ў сям’і Андрэя Каліноўскага і Юзэфы Палонскай.

фота: catholic.by

Да васьмі гадоў Юзаф Каліноўскі вучыўся дома, а ў 1843 разам са сваім братам Віктарам паступіў у Шляхецкі інстытут (закрытая навучальная ўстанова для дзяцей высакароднага паходжання).

Цiкава, што мовай выкладання там была руская і французская. Юзаф старанна вучыўся і ў 1850 г. скончыў інстытут з залатым медалём. У якасці ўзнагароды імя Юзафа Каліноўскага было выбіта на мармуровай дошцы гэтай навучальнай установы.

Паўстала пытанне: дзе вучыцца далей? На той час універсітэт у Вільні быў ужо зачынены. Бацька прапанаваў Юзафу i другому сыну Вiктару паехаць на вучобу ў Горы-Горацкi земляробчы інстытут. Віктар ахвотна пагадзіўся, Юзаф жа вагаўся, але не наважыўся сказаць пра гэта бацьку.

Толькі праз нейкі час, апісваючы сваё жыццё ў «Споведзi», Каліноўскі прызнаецца, што ў душы меў жаданне паступіць у духоўную семінарыю ў Вільні.

Такім чынам у 1850 г. браты Калiноўскiя апынулiся ў Горках. На жаль, даследчыкам пакуль не ўдалося знайсцi дакументы аб вучобе Юзафа Калiноўскага ў горацкім iнстытуце.

З летнiх канiкул 1852 г. Юзаф у Горкi ўжо не вярнуўся. Вырашыў вучыцца ў Пецярбургу.

Перамены ў душы

Спачатку Юзаф Каліноўскі планаваў паступіць у школу, дзе рыхтавалі інжынераў па будаванню дарог і мастоў. Аднак яго не прынялі з прычыны адсутнасьці месцаў. Таму вырашыў ісці вучыцца ў Мікалаеўскую ваенна-інжынeрную акадэмію.

Вучыўся добра, быў дысцыплінаваны. Акадэмію скончыў у 1855 і атрымаў дыплом інжынера-механіка будаўнічых работ.

У пачатку ліпеня 1856 Юзаф атрымаў чын падпаручніка расійскай арміі, а праз год, у чэрвені 1857, скончыўшы навучанне, — чын лейтэнанта.

Фота: niedziela.pl

Добрага студэнта пакiнулi працаваць ад’юнктам матэматыкі. Вядома, што ў тыя часы Юзаф далучыўся да падпольнага рэвалюцыйнага гуртка Дамброўскага-Серакоўскага.

Акурат тады ў гурток уваходзiў i Людвіг Звяждоўскі, будучы кiраўнiк паўстання ў Горках у красавiку 1864 г. Ён у той час вучыўся ў ваеннай акадэміi Генштаба. Несумненна, што Звяждоўскі і Юзаф Каліноўскі сустракалiся.

Аднак хутка планы ў Юзафа памянялiся i на пачатку красавіка 1859 г. ён адмовіўся ад выкладчыцкай працы ў Пецярбургу і паехаў у Курск, дзе працаваў на будоўлi чыгуначнай лініі Курск – Канатоп.

У гэты перыяд, як ён пісаў у лісце да брата Віктара, што няспынная праца над сабой, далёка ад людзей, здзейсніла вялікую перамену ў яго душы. Юзаф «распазнаў велізарную патрэбу ўсталяваных рэлігійных паняццяў і канчаткова да іх звярнуўся».

Унутраную перамену Каліноўскі прыпісваў уплыву «Споведзі» Святога Аўгустына, якую шмат разоў перачытваў.

Аднак хутка спынiлася фінансаванне будаўніцтва чыгункi, i Юзаф папрасіў перавесці яго ў фартэцыю (крэпасць) ў Брэсце, куды прыбыў у пачатку лістапада 1860.

Да 1863 г. малады афіцэр служыў інжынерам-капітанам у Брэсцкай крэпасці. Жывучы ў Брэсце, Юзаф працягваў духоўныя разважанні над «Споведдзю» святога Аўгустына. Гэта прывяло Юзафа Каліноўскага да пераканання: неабходна прысвяціць жыццё служэнню Богу і Касцёлу.

Удзел у паўстанні і ссылка

У маі 1863 Юзаф Каліноўскі дэмабілізаваўся з войска па стане здароў’я. Ён вярнуўся ў Вільню і пачаў там працаваць настаўнікам геаметрыі ў гімназіі.

У гэты час Юзаф падтрымліваў кантакты з многімі кіраўнікамі паўстання і ўвайшоў у склад Нацыянальнага ўраду паўстання. Як былому вайскоўцу яму ў чэрвенi 1863 г. даручылi ўзначалiць вайсковую секцыю Выканаўчага аддзела Літвы.

Пасля задушэння паўстання Юзаф Каліноўскі 13 сакавіка 1864 г. быў арыштаваны. Дагэтуль за ўдзел у паўстанні ўжо былі пакараныя яго браты: Віктар, Караль і Габрыель.

2 чэрвеня 1864 г. Юзафу абвясцілі прысуд: смяротнае пакаранне праз расстрэл. Гэтую вестку ён прыняў спакойна. Рыхтуючыся да смерці, паспавядаўся і прыняў святую Камунію. Аднак сям’я выкарыстала ўсе магчымасьці, каб дабіцца адмены смяротнага прысуду, і ў выніку расстрэл быў заменены на дзесяцігадовую ссылку.

фота: catholic.by

Пазбаўлены шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў, з сабой у дарогу Юзаф Каліноўскі ўзяў крыж, Новы Запавет i кнігу Тамаша Кемпійскага «Следам за Хрыстом».

Ва Усоллі, куды Юзафа Каліноўскага скiравалi ў ссылку, знаходзіліся саляныя крыніцы і варніцы, дзе працавалі ссыльныя. Ён жыў у бараку, у якім месцілася каля ста вязняў. Тады ўжо думаў пра ўступленне ў манаскі ордэн, шмат маліўся. Удасканаліў свае веды у лацінскай, англійскай, французскай мовах.

У ссылцы Юзаф Каліноўскі быў абраны адным з суддзяў. Ён стараўся дапамагаць іншым нe толькі маральна, але і фізічна.

24 ліпеня 1872 г. Юзаф быў вызвалены з сібірскай ссылкі і скіраваўся ў Вільню. Аднак яму не дазволілі пасяліцца ў родным горадзе, некаторы час давялося жыць у Смаленску. У красавіку 1874 года Юзаф Каліноўскі змог прыехаць у Варшаву.

«Трэба мець чыстае сэрца»

15 ліпеня 1877 г. Юзаф Каліноўскі прыбыў у дом айцоў кармэлітаў у Грацы (Аўстрыя), дзе ўступіў у Ордэн кармэлітаў босых і 26 лістапада 1877 прыняў манаскае імя — брат Рафал. Да 1881 г. Рафал вучыўся ў г. Рааб у Венгрыі, у студзені 1882 г. атрымаў пасвячэння дыяканату, а праз тыдзень — прэзбітэрату. Служыў настаяцелем кляштару ў в. Чэрна каля Кракава, а пасля — у Вадавіцах.

З 1899 г. быў Генеральным вікарыем кармэлітаў босых у Галіцыі. Праславіўся святасцю і асаблівым дарам спаведніка.

Айцец Рафал пiсаў рэлігійна-філасофскія трактаты. Быў аўтарам цiкавых успамінаў пра паўстанне 1863–1864 гг.

Ён памёр у 1907 г. ад сухотаў. Цела Рафала Каліноўскага было перавезена і пахавана на кляштарных могілках у Чэрнай, якія сталі месцам пілігрымавання мноства вернікаў.

Фота: Wikimedia Commons

Рафал быў абвешчаны бласлаўлёным папам Янам Паўлам ІІ у 1983 г., кананізаваны ў 1991 г. Святы Рафал Каліноўскі лічыцца апекуном афіцэраў і вайскоўцаў, заступнік у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях.

Як адзначае айцец Аркадзь Куляха OCD, «Рафал Каліноўскі гарэў вялікай любоўю да Касцёла і прагнуў яго еднасці, таму ў сваіх малітвах прасіў Бога аб паяднанні паміж хрысціянамі і да такой малітвы заахвочваў іншых. Ён ведаў дасканала як праваслаўных, так і пратэстантаў…»

Сваё пакліканне айцец Рафал бачыў перадусім у служэнні любові і прысвячэнні сябе іншым. Маліўся ён так:

«Божа, калі я павінен жыць, то ўчыні, каб ужо толькі дзеля Цябе жыў праз учынкі, здзейсненыя з любові да Цябе».

Сучаснікі называлі святога Рафала «хадзячай малітвай». Ён сам вучыў: «Для таго каб маліцца, трэба мець чыстае сэрца».

Заступніцтва святога Рафала дапамагае ў розных жыццёвых сітуацыях: аддаленні ад Бога, пошуках веры, працэсе навяртання, а таксама з’яднання ў веры.

«Нам нельга сумнявацца ў тым, што Бог у сваёй міласэрнасці кожнаму вызначыў заданне, якое ён павінен выканаць на гэтым свеце. Калі хочаш стаць святым, стаць дасканалым — будзь верным выканаўцам сваіх абавязкаў», — верыў Рафал.

Выява: zyciezakonne.pl
Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках