23 красавiка 2024, aўторак, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Сілавікі могуць прывесці да падзення рэжыму

32
Экспэрт: Сілавікі могуць прывесці да падзення рэжыму
Фото: «Наша Ніва»

Узурпатар цалкам страціў які-небудзь уплыў на сітуацыю ў краіне.

Прадстаўляючы новых кіраўніка МУС і начальніка ГУУС Менска, Лукашэнка ў пятніцу, 30 кастрычніка, зрабіў шэраг гучных заяў у адрас пратэстоўцаў у Беларусі. «Калі хтосьці дакранецца да вайскоўца, ... ён павінен сысці адтуль як мінімум без рук»; а тыя, хто «спрабуюць разбурыць інфраструктуру дзяржавы, павінны ведаць: з сённяшняга дня... мы ў палон нікога не бяром», заявіў кіраўнік Беларусі.

Пра тое, што стаіць за неадэкватнай рыторыкай Лукашэнкі, як яна адаб'ецца на дзеяннях беларускіх сілавікоў і ўдзельнікаў акцый пратэсту, і якім чынам на палітыку Лукашэнкі могуць паўплываць знешнія гульцы, Deutsche Welle распытала экспэрта Фінскага інстытута міжнародных дачыненняў Рыгорыя Ніжнікава.

- Лукашэнка заявіў, што «адступаць няма куды» і што адыходзіць ён не збіраецца. Чаму яго рыторыка ў апошнія дні так змянілася?

- Я думаю, гэта паказчык таго, што ў беларускіх уладаў няма ніякіх ідэй, ніякіх стратэгій. Яны не разумеюць, што рабіць... Зараз яны бачаць, што сітуацыя ідзе не згодна з іх сцэнаром, і зноў спрабуюць развязаць праблемы тымі ж метадамі, якія не працавалі і дагэтуль.

Кажучы пра апошні выступ Лукашэнкі, мы павінны таксама прымаць пад увагу кантэкст. Ён выступаў на калегіі МУС, а мы ведаем, што сілавікі - гэта яго адзіная падтрымка. Таму Лукашэнка павінен быў прадэманстраваць гэтым людзям сваю падтрымку і паказаць, што «мы ў адной лодцы» - рэжым Лукашэнкі і сілавікі. І што калі сыдзе ён, то наступствы для сілавікоў будуць адпаведнымі. У самім МУС прайшлі дастаткова сур'ёзныя кадравыя змены, і Лукашэнка хацеў даць ведаць, што гэтыя змены не мяняюць палітыкі дзяржавы.

- Атрымліваецца, што гэтыя гучныя заявы адрасаваліся ў большай ступені сілавікам, чым пратэстоўцам?

- Так, гэтыя словы былі сказаны перш за ўсё для сілавікоў, каб аказаць ім маральную падтрымку. Мы ж разумеем, што гэтыя людзі не жалезныя, хоць і падтрымліваюць Лукашэнку. Але знаходзіцца тыдзень за тыднем пад моцным ціскам грамадскасці вельмі цяжка. Яны ўсё мацней гразнуць у гэтай дрыгве, не разумеючы, куды Лукашэнка пойдзе. Гэтая сітуацыя аказвае маральны ціск калі не на вышэйшае, то на сярэдняе і ніжэйшае звяно супрацоўнікаў сілавых структур.

- Які пасля гэтага можна чакаць рэакцыі сілавікоў, як зменяцца іх дзеянні? Ці развяжуць ім рукі выказванні Лукашэнкі?

- Я так не думаю. Вядома, у Лукашэнкі і ў сілавікоў ёсць вялікае жаданне, каб пратэсты спыніліся. Але яны не спыняцца, і рэпрэсіі тут не дапамогуць. Калі сілавікі сапраўды пяройдуць да больш жорсткім метадаў, то гэта будзе вялікай памылкай, наступствы будуць незваротнымі і неспадзяванымі, гэта можа прывесці да падзення рэжыму.

- Якую ролю тут можа выканаць знешнепалітычны фактар? Лукашэнка гаварыў па тэлефоне з дзяржсакратаром ЗША Пампеа, а ў Менск прылятаў кіраўнік расейскай выведкі Нарышкін...

- Я думаю, што галоўнае тут - гэта ціск Масквы, які паступова нарастае. Гэта, вядома, супадзенне, але ўсе заявы Лукашэнкі, што ўсе дзеянні беларускіх уладаў дагэтуль заставаліся даволі мяккімі, былі зробленыя пасля таго, як Пуцін у нейкай ступені пакрытыкаваў празмернае выкарыстанне сілы супраць пратэстоўцаў у Беларусі.

У гэтым выпадку мы бачым, што Масква, хоць і прытрымліваецца палітыкі падтрымкі Лукашэнкі, але паступова нарошчвае ціск на рэжым у Менску. Каб ім былі зроблены захады на паслабленне ўлады Лукашэнкі, на яе перадачу іншым інстытутам, на якія Расея зможа аказваць уплыў.

Лукашэнка разумее, што пратэсты будуць працягвацца, што ён не можа ні купіць, ні запалохаць беларускае грамадства, супрацьстаянне рэжыму працягнецца. Таму ён уважліва сочыць за дзеяннямі Захаду і Расеі, ведаючы, што яго будучыня залежыць ад таго, што распачнуць у Маскве, Вашынгтоне і Брусэлі.

- Як пагрозы Лукашэнкі на адрас пратэстоўцаў паўплываюць на пратэст у краіне?

- Ніяк не паўплываюць. Лукашэнка цалкам страціў які-небудзь уплыў на пратэстоўцаў. Яны не ўспрымаюць яго пагрозы сур'ёзна, для некаторых гэта будзе толькі дадатковай прычынай, каб выйсці на вуліцу і выказаць сваё меркаванне і стаўленне да цяперашняга рэжыму.

Яшчэ адзін момант - рыторыка Лукашэнкі на працягу ўсёй яго палітычнай кар'еры далёка не заўсёды адпавядае дзеянням. Ён можа казаць розныя рэчы, якія маюць асабліва інструментальны характар і цалкам разыходзяцца з тым, што ён робіць потым.

Людзі ў Беларусі гэта бачаць пастаянна. Таму ў гэтыя выхадныя яны зноў выйдуць пратэставаць.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках