Байдэн павялічыў адрыў ад Трампа да 12% за тыдзень да выбараў прэзідэнта ЗША
36- 27.10.2020, 14:11
- 15,953
Выбары адбудуцца ўжо 3 лістапада.
Напярэдадні апошняга тыдня прэзідэнцкай кампаніі 2020 года кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн цяпер найбольш апярэджвае свайго канкурэнта Дональда Трампа, піша «Зеркало недели. Украина».
Паводле звестак агульнанацыянальнага апытання Yahoo News і YouGov, перавага былога віцэ-прэзідэнта над прэзідэнтам складае 12%. За Байдэна гатовыя прагаласаваць 54% амерыканцаў, калі за Трампа гатовыя аддаць свае галасы 42%.
Варта адзначыць, што розніца ў 12 пунктаў - у чатыры разы большая за агульнанацыянальную перавагу Хілары Клінтан над Трампам у гэты адрэзак гонкі 2016 года.
Перад фінальным раундам дэбатаў паміж Трампам і Байдэнам апытанне Gallup паказала, што 56% амерыканцаў мяркуюць, што Трамп не заслугоўвае другога тэрміну. Гістарычна ў ЗША ўсе кандыдаты з рэйтынгам адабрэння 50% і вышэйшым перамагалі, а прэзідэнты з рэйтынгам адабрэння значна ніжэйшым за 50% саступалі.
Трамп, які спрабуе затрымацца ў Белым доме яшчэ на адну кадэнцыю, прадаўжае адставаць у апытаннях ад Байдэна. Аналітыкі часопіса The Economist мяркуюць, што шанцы Байдэна на перамогу значна вышэйшыя, чым у дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Варта адзначыць, што ў Байдэна найлепшыя рэйтынгі перад выбарамі, чым у кожнага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ЗША з 1936 года.