29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі знайшлі яшчэ адзін ключавы сімптом каранавірусу

3
Медыкі знайшлі яшчэ адзін ключавы сімптом каранавірусу

Ён будзе чацвёртым у ліку.

Да спісу з трох ключавых прыкметаў заражэння каранавірусам навукоўцы мяркуюць патрэбным дадаць чацвёрты – паразу скуры, паведамляе cursorinfo.co.il.

Брытанская Нацыянальная служба аховы здароўя рэкамендуе дыягнаставаць каранавірусную інфекцыю паводле трох ключавых сімптомаў – гэта высокая тэмпература, новы сухі кашаль, страта нюху і пачуцця смаку. Навуковыя спецыялісты Каралеўскага каледжа Лондана мяркуюць, што трэба прызнаць ключавым сімптомам кавіду і чацвёрты маркер, які прадугледжвае змяненне ў стане скуры. Да такіх высноваў яны прыйшлі, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра амаль 12 000 чалавек з скурным сыпам, якія прайшлі тэставанне на COVID-19.

Іх праца ў вывучэнні магчымых сімптомаў каранавірусу паказала, што інфекцыя правакуе з'яўленне скурных высыпанняў, якія можна падзяліць на тры катэгорыі.

Сып тыпу крапіўніцы. Такое парушэнне характарызуецца раптоўным з'яўленнем на скуры пухлінак, якія з'яўляюцца і знікаюць даволі хутка цягам некалькіх гадзінаў, звычайна выклікаючы моцны сверб. Сып гэтага тыпу часта пачынаецца з моцнага свербу далоняў або падэшваў, можа паражаць любую частку цела, спрыяць ацёку вуснаў, павекаў.

Сып тыпу ветранай воспы. У яе выпадку невялікія чырвоныя пухлінкі са свербам узнікаюць дзе заўгодна на целе, але пераважна канцэнтруюцца на локцях, каленях, тыльным баку пясцяў і стопаў. Высыпанні могуць захоўвацца цягам некалькіх дзён ці тыдняў.

«Кавід пальцаў». Гэтым тэрмінам дэрматолагі называюць раздражненне скуры на пальцах рук і ног, чырванаватае альбо пурпурнае, якое нагадвае абмаражэнне, часам хваравітае, але звычайна без свербу. Такі тып сыпу найбольш часта сустракаецца ў маладых людзей.

Кіраўнік даследавання, доктар Марыё Фалчы, адзначыў, што заражаныя каранавірусам пацыенты, у якіх выяўляўся сып, пакутавалі ад яго значна даўжэй, чым гэта адбываецца ў абставінах, калі раздражненне скуры становіцца вынікам іншых захворванняў. Навуковец перакананы, што змяненне стану скуры павінна быць афіцыйна прызнанае чацвёртай ключавой прыкметай каранавіруснай інфекцыі.

«Праз некаторыя чыннікі скура не была ўзятая да ўвагі як важны орган-мішэнь для COVID-19 і не стала дыягнастычным інструментам. Аднак, хоць скурны сып у якасці сімптому кавіду менш распаўсюджаны, чым ліхаманка, ён больш спецыфічны для яго і доўжыцца даўжэй», – канстатаваў эксперт.

Навуковец заклікаў звяртаць самую пільную ўвагу на раздражненне скуры ў выглядзе сыпу з мноства чырванаватых плямак або пухлінак на целе – асабліва, калі яно выяўляецца ў спалучэнні з рэспіраторнымі сімптомамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках