18 красавiка 2024, Чацвер, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Хадановіч: У Беларусі адбываецца штосьці неймаверна душэўнае

Андрэй Хадановіч: У Беларусі адбываецца штосьці неймаверна душэўнае
Фото: «Радыё Свабода»

Вядомы бард і паэт падзякаваў Сяргею Ціханоўскаму.

Журналіст «Радыё Свабода» Ян Максімюк пагутарыў з паэтам Андрэем Хадановічам пра песьню «Муры» і пра тое, чым ён займаўся падчас сёлетняй рэвалюцыі ў Беларусі.

— Спачатку запытаю вас пра тое, пра што, магчыма, шмат хто ўжо ведае. Але, як думаю, пра гэта будзе прыемна пачуць ад вас яшчэ раз ня толькі аднаму мне. Як гэта было зь песьняй «Муры», якая па сутнасьці стала гімнам выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай?

Пачалося з польскай вэрсіі

— З «Мурамі» было не адразу і ня сёлета. Усё пачалося дзесяць год таму, але пры вельмі падобных абставінах. Быў сьнежань 2010-га, адбыліся «выбары», калі можна так у двукосьсі зазначыць, чарговы раз былі фальсыфікаваныя. І я 19 сьнежня вырашыў, што пайду, як шмат хто іншы, на мітынг пратэсту. Я якраз займаўся тэкстамі Качмарскага, думаў пра будучы альбом, які ўрэшце праз пару год і зьявіўся. І я падумаў: а чаму б мне на гэтым мітынгу не пачытаць ня ўласныя тэксты? Заўсёды ёсьць небясьпека нейкай мітынгоўшчыны. У 2006-м годзе я штосьці чытаў, а потым часам і саромеўся за гэта. Тэксты-аднадзёнкі зьяўляюцца. Чаму мне не пачытаць нешта праверанае часам?

Я сеў над тэкстам «Муроў», паслухаў на Ютубе чарговы раз, як яго сьпявае ў розных вэрсіях Яцэк Качмарскі. Я некалькі разоў падыходзіў да гэтай песьні, але мне не ўдавалася. Але калі ўявіў сабе, што гэтую песьню я буду сьпяваць канкрэтным людзям, у мяне адразу нешта склалася. Можна сказаць, што досыць хутка. Далёка ад арыгіналу я адышоў. Для параўнаньня, не было ў польскай вэрсіі гэтага «разбуры турмы муры, / хочаш свабоды — то бяры»…

Са сьвежа зьлепленым тэкстам я пайшоў да лідэраў нашых пратэстаў на плошчу Незалежнасьці, залез на помнік самі ведаеце каму і выгукнуў гэты тэкст так, як мог.

Я прыйшоў з тэмпэратурай, быў холад, гітары не было, быў такі маленькі мэгафончык, празь які ўсе прамаўлялі. Але сотні людзей, а можа і тысячы, падхапілі гэта і зь першага прыпеву пачалі разам з маім няўмелым крыкам таксама падкрыкваць, падпляскваць і падпяваць. На адну хвіліну, казалі мне потым знаёмыя, нам падалося, што ўсё будзе добра і скончыцца шчасьліва. Словы, якія шмат чаго для мяне каштуюць. (…)

Дзякуй Сяргею Ціханоўскаму

Потым зьявіўся альбом зь песьнямі Качмарскага. На Радыё Свабода ёсьць некалькі трэкаў. І на некалькі гадоў песьня як бы замёрла ў стадыі «добра вядомая ў вузкіх колах». А ў 2020-м яна раптам ператварылася ў адну з самых вядомых. Уявіце — перакладная, замежная — ператварылася ў адну з самых вядомых беларускіх песьняў. Відаць, трэба сказаць дзякуй Сяргею Ціханоўскаму, блогеру і кіраўніку руху, які выкарыстаў гэта ў сваёй дзейнасьці. А падхапіла гэта Сьвятлана Ціханоўская, і на кожным перадвыбарчым мітынгу ўсё пачыналася і заканчвалася гэтай песьняй, часам рускай вэрсіяй, а чым бліжэй да гарачага часу, тым актыўней беларуская вэрсія выцясьняла рускую. Сёньня сотні тысяч людзей калі ня ўсю песьню сьпяюць, то здольныя падхапіць або працытаваць словы прыпеву.

— Я прыгадваю сабе, што калі я першы раз пачуў гэтую песьню, у выкананьні Яцэка Качмарскага, — гэта быў канец 1970-х. Тады песьня сьпявалася падпольна, ведалі яе нямногія, сьпявалі на студэнцкіх вечарынах, але потым, у 1980, зьявілася «Салідарнасьць», і гэтую песьню пачалі сьпяваць на мітынгах…

Каталёнская вэрсія

— Давайце ўжо для сусьветнай справядлівасьці ўдакладнім: Яцэк Качмарскі прыдумаў словы, але не мэлёдыю, і натхніўся ідэяй замежнага арыгіналу, таксама, як было і ў маім выпадку. Дзесяць гадоў да яго ў Каталёніі знакаміты бард Люіс Ляк напісаў песьню «L’Estaca» (Слуп), але гэтая «l’estaca» адсылала да слова «дзяржава», «рэжым», і кожнаму каталёнцу было ясна, які слуп трэба паваліць. Зразумела, гаворка ішла пра рэжым Франка. Але каталёнская вэрсія — яна такая сумна-безнадзейная. Спачатку дзед сьпявае ўнуку, унук падхоплівае гэтую песьню і сьпявае яе маладзейшым, а слуп усё стаіць. Ну, чымсьці гэта падобнае да беларускай сытуацыі для мяне. (…)

Два першыя куплеты Качмарскага больш аптымістычныя — прыходзіць сьпявак і запальвае сэрцы. І тысячы людзей пляскаюць у далоні і падхопліваюць, і паляць яму сьвечкі. Але ёсьць трэці, філязофскі і сумны куплет, калі пратэсты пераходзяць у актыўную фазу, калі пачынаюць разьбіраць брук, паліць помнікі, а паэт аказваецца збоку, ужо непатрэбны. Можа быць, і слушна, што непатрэбны. У паэта свая дарога, а ў масы людзей — свая.

— Як вам падабаецца такая роля народнага барда, тэксты песьняў якога завучваюць на памяць дзясяткі тысяч чалавек? Гэта тое, што вам, як паэту, хацелася?

Зьнікненьне аўтара

— Прызнаюся ў хвілінцы дробнай прыемнасьці. Учора я ішоў праз доўгі падземны пераход, набліжаючыся да дзяўчыны, якая сьпявала… Яна пабачыла мяне, спыніла папярэднюю песьню і засьпявала «Муры». Я памахаў ёй і паказаў знак перамогі. Настрой, трэба сказаць, быў палепшаны.

Але ў прынцыпе трэба сказаць, што песьня зрабілася народнай. А гэта непазьбежна азначае зьнікненьне аўтара. Я тут сваю функцыю называю эстафэтай свабоды. Ад Люіса Ляка да Качмарскага, ад Качмарскага да Беларусі і далей. Я на кароткі час гэтую ролю выканаў, а цяпер гэтую ролю выконваюць сьпевакі, тыя, хто часам гераічна, часам кранальна, у падземных пераходах альбо на ганку філярмоніі, альбо ў гандлёвых цэнтрах, як мы ведаем… Сотні людзей, неймаверныя, неверагодныя флэш-мобы яднаньня і салідарнасьці. Гэта нашмат важней. Я думаю, што большасьць людзей ня ведае, хто я такі, і ня мусіць пры ведаць, сьпяваючы.

Трэба сказаць, што калі мяне цяпер актыўна запрашаюць у двары сустракацца зь людзьмі і сьпяваць і прадстаўляюць як аўтара «Муроў», адразу пачынаецца радаснае зьдзіўленьне і аплядысмэнты. Па-першае, аказваецца, што гэты аўтар ёсьць. Большасьць людзей яшчэ сэкунду таму мяне ня ведала. Так што без перабольшаньня з гэтай вядомасьцю аўтарства.

Не мае куплеты

Калі рух Ціханоўскага пачаў гэтай песьняй актыўна карыстацца, у яе зьявіліся працягі — чацьвёрты і пяты куплеты, напісаныя блізка ня мной. Яны наіўныя і правільныя па пасланьні, я згодны са зьместам гэтых куплетаў. Але мне бывае крышачку сорамна за ўзровень таго, што паэтычна атрымалася ў тых, хто напісаў — пра «братоў-афіцэраў», пра «ў сьветлы сонечны пуць» і ўсе гэтыя рэчы. Часам хочацца сказаць: людзі, я тут ужо ні пры чым. Але песьня сапраўды абрастае варыянтамі, значыць, зь ёй штосьці адбываецца паводле лёгікі народнасьці. Мабыць, так і трэба ў нашыя часы.

— Што вы рабілі падчас сёлетняга палітычнага сэзону ў Беларусі — пісалі, выступалі з чытаньнямі і сьпевамі, перакладалі, хадзілі на пратэсты?

Дабраўся да Люіса Ляка і Віктара Цоя…

— Літаральна за дзень да выбараў я сеў і, пракансультаваўшыся з калегамі з каталёнскай мовай, пераклаў гэты верш «L’Estaca». Цяпер, у адрозьненьне ад таго, што было дзесяць гадоў таму, у мяне ёсьць смартфон і Фэйсбук — я запісаў гэтую песьню і пусьціў людзям.

І ўвогуле трэба сказаць, што цягам гэтага канца лета і паловы восені я больш за ўсё перакладаў песьні, прычым песьні рэвалюцыйныя, песьні салідарнасьці, песьні пратэсту. Незадоўга да выбараў я зрабіў сваю вэрсію знакамітай песьні Віктара Цоя «Перамен», разумеючы, што яна таксама будзе адной з галоўных песень гэтага лета і восені. Здаецца, песьня пачынае прыжывацца. (…)

…і да Анны Марлі і Леанарда Коэна

Часам на замову штосьці перакладаецца. Сьвета Бень, наша знакамітая Сьвета Бень, для свайго новага праекту замовіла ў мяне «Песьню партызанаў» Анны Марлі — тое, што мы ва ўсім сьвеце ведаем як «Партызан» Леанарда Коэна. Ён сьпявае ангельскую вэрсію, а арыгінал — па-француску. Я зь дзьвюх вэрсій паспрабаваў зрабіць беларускую. (…)

Лета ў Пружанах

У жніўні, да хваробы (у верасьні Андрэй Хадановіч захварэў на каранавірус. — РС), мы разам з жонкай Марынай і дачкой Аленай былі пераважна ў Пружанах, хоць галасаваць, канешне, езьдзілі ў Менск. Унікальнасьць нашага сёлетняга паўстаньня ў Беларусі ў тым, што паўстаюць усе, а ня толькі тыя ў сталіцы. У малым райцэнтры Пружаны людзі дзень у дзень выходзілі, у будні сотнямі, у выходныя тысячамі, і ўдзельнічалі ў пратэстах. Я, напрыклад, выступаў, сьпяваў і чытаў на мітынгах там, у Пружанах.

Гэта было ня так страшна мне, бо міліцыянты, якія прыяжджалі, — яны зачастую добрыя знаёмыя, а то і сваякі людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Зразумела, яны ў свой мэгафон паўтаралі пра несанкцыянаванасьць, пра тое, што трэба спыніцца, а ім адказвалі: а што ты мне зробіш, ты свайго брата, свайго швагра будзеш біць? І яны падціскалі хвасты і адыходзілі. Хоць зь іншага боку я разумею, чаго ў маленькім гарадку каштуе людзям выходзіць на пратэсты, дзе ўсе ўсіх ведаюць, дзе 26 год дагэтуль панавала атмасфэра татальнага страху. (…)

Беларускія двары

Цягам апошняга тыдня, калі я ўжо выздаравеў і засумаваў па жывых кантактах, я пачаў радасна адгукацца на запрашэньні сустракацца ў дварах… Адбываецца штосьці неймаверна душэўнае. Людзі пачынаюць знаёміцца, пачынаюць рабіць у сваіх мікрараёнах, у сваіх дварах прыгожыя рэчы. Рабіць Беларусь візуальна адчувальнай навокал нас. І за апошні тыдзень я сем разоў хадзіў з такімі канцэртамі. (…)

Два актуальныя вершы Андрэя Хадановіча

Ліст да былога

Вам пішуць лісты ўсё адчайней — то вершы, то проза.

Вы трапіце ў пекла з пасадаю Дзеда Мароза.

У возеры лёду зь нядобрай лацінскаю назвай

прымерзлы да меху лістоў: атрымаў — то адказвай.

Псыхоляг спытае: «Як жыў ты, ня любы нікому, —

так доўга і нудна, што ледзь не загнаў нас у кому?»

Эўропа свабоды законаў краіне пазычыць.

Бабуля-Сьнягурка лісты пасартуе, падлічыць.

Напіша з намётаў пра Плошчу дзьве тысячы шосты.

Сямнаццаты пра дармаедаў. Пра «амэрыканку» дзясяты:

«Ці помніш наш плач на Каляды? Ці помніш пра ШОС ты?»

Вы ў роспачы: «ёлка, зажгісь!» — выбухаюць гранаты.

«Дзядуля, ці вернецца тата?» — пытае маленькі.

«Нягоднік, дачку адпусьці!» — праклінае старая.

Чытаеце ліст — і дрыжаць ад марозу каленкі,

а хтосьці ўвесь час, кожны дзень, на вачах памірае.

З Абхазіі, Крыму, Данбасу напішуць прыязьней,

але не ўратуе, бо ўсё — аб суседзе крывавым.

А хтось перашле вам у пекла лісты палітвязьням,

усім палітвязьням — і будзе надоўга чытва вам.

Дашлюць дзевяностыя сьмешныя мэмы пра яйцы.

Дваццаты ж напіша: «А знаеце, вас не баяцца.

Калі супраць нас вы калёну шляце за калёнаю, —

баімся, ды ўсё-ткі выходзім. Бо страх — не галоўнае.

Досьць жартаў пра бацьку. Хапае і ўласных бацькоў нам.

Вы ж чуйкаю чуеце шанец апошні сысьці!

Жывому ніколі ня позна пабыць беспрацоўным,

ці Дзедам Марозам для ўнукаў — яшчэ пры жыцьці».

11.08.2020

На беразе Волі

Лета на беразе Волі. Да ранку нямнога.

Стужачка сонца, а потым — яшчэ, і яшчэ.

Воля ня ловіцца ў рукі разьліку зямнога.

Хваля ня ловіцца ў рэкі, бо сонцам цячэ.

Хваля мацнее — і сьвет на вачах маладзее,

юны прачнуўся — і сьлёз не хавае стары,

сонца ўстае — і прыходзіць у горад надзея,

дзень надыходзіць — і страх пакідае двары.

Двор упадае ў завулак, завулак у вуліцу,

вуліца сквэрам, праспэктам і плошчам нясе

вестку, што самае чэрствае сэрца расчуліцца

і ў немагчымую праўду павераць усе.

Сонца прыходзіць да ўсіх, не пакрыўдзіць ніводнага, —

і ператворыцца кожны, каго ні вазьмі,

кволы заплаканы раб у героя свабоднага,

людзі ў народ, а народ — застанецца людзьмі.

Памяць герояў сьвятлом ахінаюць нябёсы —

сонечнай стужкай, гарачаю сьцежкай крыві.

Скрадзены голас вяртаецца ў хор шматгалосы.

Лета на беразе Волі. Бяры і плыві.

15.08.2020 г.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках