24 красавiка 2024, Серада, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Разглядаецца пытанне пра замену Лукашэнкі»

19
«Разглядаецца пытанне пра замену Лукашэнкі»
Фота: БелТА

Крамлю таксама ўсё больш нязручна мець справу з узурпатарам.

«Канстытуцыйная рэформа» была, відавочна, адной з важных тэм на сустрэчы Лукашэнкі з дырэктарам Службы знешняй выведкі Расеі Сяргеем Нарышкіным, які нечакана прыляцеў у Менск 22 кастрычніка. Хоць быццам бы гэта не зусім яго профіль.

Пасля сустрэчы Нарышкін заявіў журналістам, што «прапанова Лукашэнкі пра пачатак канстытуцыйнай рэформы - гэта адзін з адказаў на гэтыя пратэстныя акцыі, на гэтыя пытанні, якія грамадства або частка грамадства ставіць перад дзейнай дзяржаўнай уладай рэспублікі».

Беларускі крызіс чапляе і Расею

«Калі чыноўнік такога спецыфічнага ведамства пачынае нагадваць пра канстытуцыйную рэформу, то гэта сведчыць, што такая рэформа з'яўляецца стратэгічнай мэтай Масквы», - заявіў у каментары для naviny.by дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Са свайго боку, Валер Карбалевіч, экспэрт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (Менск), у каментары для naviny.by выказаў меркаванне, што «візіт Нарышкіна не выпадковы, сумеснае пасяджэнне калегій спецслужбаў - гэта падстава, ён прывёз пасланне ад Пуціна».

На думку Карбалевіча, Крэмль, падштурхоўваючы Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы, «дамагаецца развязання палітычнага крызісу ў саюзнай дзяржаве». Бо тое, што адбываецца ў Беларусі з пункту гледжання Масквы - удар і па Расеі, і па інтэграцыйных аб'яднаннях, якія яна ініцыявала.

«Расея ўважае, што развязаць беларускі крызіс толькі грубай сілай, як думае і хоча Лукашэнка, нельга, трэба рабіць саступкі грамадству. І саступкай з'яўляецца канстытуцыйная рэформа - у дыялогу з грамадствам, што важна, а таксама датэрміновыя прэзідэнцкія выбары», - кажа аналітык.

Ён уважае, што Лукашэнка не хоча выконваць ні першы, ні другі пункт.

«Разглядаецца пытанне пра замену Лукашэнкі»

Такім чынам, хоць Уладзімір Пуцін і падтрымаў беларускага хаўрусніка ў крытычны момант, на піку жнівеньскіх пратэстаў, цяпер паміж імі пазначыліся новыя трэнні.

І калі Нарышкін перадаў Лукашэнку прывітанне ад Пуціна, з якім сустракаўся перад адлётам у Менск, то гэта прагучала вельмі шматзначна. Можа быць, гэта яшчэ не чорная пазнака, але сур'ёзны напамін, што гаспадар Крамля добра памятае пра усе новыя абяцанні, якія закляты беларускі сябар даў у цяжкую для яго хвіліну.

Чаго ж Крэмль хоча ад Лукашэнкі? «Я думаю, што гэта пытанне транзіту. Спачатку - змяніць палітычную сістэму, напэўна, зрабіць яе больш дэцэнтралізаванай і па факце больш дэмакратычнай, чым зараз: маецца на ўвазе пераразмеркаванне функцый на карысць парламента, партый і гэтак далей. А затым - новыя выбары», - кажа Казакевіч.

На яго думку, «у комплексе гэта значыць, што разглядаецца пытанне аб замене Лукашэнкі на кагосьці іншага».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках