20 красавiка 2024, Субота, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фельчарка хуткай дапамогі: Спрабую ўявіць, што б я адчувала, прыехаўшы на выклік да міліцыянта ці суддзі

21
Фельчарка хуткай дапамогі: Спрабую ўявіць, што б я адчувала, прыехаўшы на выклік да міліцыянта ці суддзі
ФОТА BELSAT.EU

58-гадовая Валянціна Алфёрава кажа, што хадзіла, ходзіць і хадзіцьме на мірныя мітынгі.

У Бабруйску за ўдзел у мітынгу аштрафавалі фельчарку хуткай дапамогі Валянціну Алфёраву. Нягледзячы на свой і сотні іншых палітычных прысудаў, жанчына не змяніла дачынення да крыўдзіцеляў - на выклік да іх паехала б і працавала б сумленна, паведамляе «Белсат».

ВАЛЯНЦІНА АЛФЁРАВА
ФОТА: BELSAT.EU

Валянціна Алфёрава 37 гадоў прапрацавала на Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі, работнікі якой выйшлі на пратэст у пачатку эпідэміі каранавірусу ў Беларусі. Жанчыну затрымалі пасля аднаго з вераснёўскіх нядзельных маршаў. Суд пакараў яе на br 675. Гэта месячны заробак фельчара.

«Паводзіла сябе нахабна, махала шарыкам, паказвала кулак і «Вікторыі»

20 кастрычніка ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска разглядалі справу 58-гадовай Валянціны Алфёравай. Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 20 верасня. Тады ж яе і затрымалі, але асудзіць адразу не змаглі. Ёй стала дрэнна ў аддзяленні міліцыі падчас складання пратаколу. Ціск падняўся да 180/100. Жанчыну адвезлі ў лякарню, і яна месяц прабыла на лістку непрацаздольнасці. Увесь гэты час, са слоў фельчаркі, ёй не давалі спакою - тэлефанавалі з міліцыі на працу, пыталіся, калі яна з'явіцца, тэлефанавалі ёй асабіста і прапаноўвалі даць згоду на разгляд справы без яе прысутнасці. Валянціна не пагадзілася.

ВАЛЯНЦІНА АЛФЁРАВА ПАСЛЯ ПРЫСУДУ ЛЯ БУДЫНКА СУДА Ў БАБРУЙСКУ. ФОТА BELSAT.EU

На судзе Валянціна Алфёрава сказала, што не ўважае сябе за вінаватую, а таксама паказала на памылкі ў рапарце аб яе затрыманні.

«Там пра мяне гаворыцца, як пра мужчыну – «нёс на плячах бел-чырвона-белы сцяг». Не было ў мяне ніякага сцяга. Хто гэта і пра каго наогул пісаў? - пыталася жанчына. - Я пыталася ў міліцыянта падчас складання пратаколу, чаму ён не патлумачыў мае правы і абавязкі, на што пачула адказ: «Адкрывайце Інтэрнэт і чытайце». Ну так і ў вас калі раптам здарыцца апендыцыт, вы адкрыйце Інтэрнэт і самі сабе зрабіце аперацыю».

Суддзя адказвала, што паводзіны міліцыянтаў у судзе не разглядаюцца, на іх жанчына можа напісаць асобную скаргу.

Справу супраць фельчаркі вёў старшы ўчастковы інспектар аддзялення міліцыі Першамайскага раёна Бабруйска Андрэй Камар. Сведкам на судзе выступаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўнік Сяргей Рудзько (ён не прапускае амаль ніводнай справы паводле арт.23. 34, а таксама ў дачыненні да грамадскіх актывістаў і журналістаў Бабруйска, ці сам вядзе працэс, або выступае ў якасці сведкі).

«Гэтая грамадзянка неаднаразова ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, і я асабіста папярэджваў яе аб адказнасці. Улічваючы яе ўзрост, мы спачатку яе не затрымлівалі, спадзяваліся, што пасля папярэджанняў яна спыніць такія свае дзеянні. Але яна прадоўжыла хадзіць і, як відаць з майго візуальнага назірання, паводзіла сябе нахабна. Ішла і махала шарыкам, паказвала мне ў камеру кулак ці вось гэты знак (паказаў знак «Вікторыі» - рэд.)», - распавёў Рудзько на судзе.

Суддзя Таццяна Тарабуева прызначыла Валянціне Алфёравай штраф сумай 25 базавых адзінак, або Br 675.

«Спрабую ўявіць, што б я адчувала, прыехаўшы на выклік да міліцыянта ці суддзі»

Бабруйская фельчарка збіраецца абскардзіць пастанову суда, якую яна ўважае за палітычна матываваную і несправядлівую. Але больш за ўсё жанчына абураная несправядлівасцю не ў дачыненні да самой сябе, а да ўсіх беларусаў.

«Тое, што дзеецца цяпер, проста шакуе. Што судзяць журналістаў, адбіраюць ліцэнзіі ў адвакатаў, што нам усім проста зманілі на выбарах, - падзялілася з намі сваімі думкамі спадарыня Алфёрава пасля суда.

- Калі мяне затрымалі, я сядзела ў гэтым аддзяленні міліцыі, глядзела на супрацоўнікаў, і думала пра тое, што ў нас адбывалася 9 – 11 жніўня, пра тое, што рабіла тады міліцыя, і што перажылі мірныя людзі. Я не магу пра гэта не думаць і як медык, не магу заплюшчваць вочы на тое, як гвалтуюць людзей».

Жанчына распавяла, як яе калегі ў Бабруйску выязджалі на выклік на плошчу ў першыя дні пасля выбараў. У маладога мужчыны быў пералом сцягна пасля спробаў уцячы ад АМАПу.

«Яны з жонкай былі ў краме, выйшлі, а там АМАП. Усе пабеглі, і яны пабеглі. Затрымалі, збілі. Вынік - пералом, - распавяла Валянціна. - Брыгада, якая адвезла яго ў лякарню, пыталася ў міліцыянта, што будзе тым, хто гэта зрабіў. Адказ гучаў - нічога. Пацярпелы сам пытаўся, са слоў калегаў, за што так з ім. Яму адказвалі лаянкай, каб змоўк, бо калі б было за што, наогул бы забілі. Столькі жорсткасці...я бачу, чытаю пра гэта, і мой мозг дагэтуль адмаўляецца ўспрымаць, верыць, што гэта адбываецца тут, з намі, што нашы праваахоўныя органы і суддзі здольныя на такую жорсткасць».

ВАЛЯНЦІНА АЛФЁРАВА Ў БАБРУЙСКІМ СУДЗЕ 21 КАСТРЫЧНІКА. ФОТА BELSAT.EU

Асабліва Валянціну кранае несправядлівасць і гвалт у дачыненні да медыкаў.

«Лекараў нават на вайне не чапаюць, бо яны ратуюць усіх - і вашых, і нашых, і злачынцаў, і міліцыянтаў, - разважае фельчарка. - А ў нас не глядзяць. Караюць медыкаў і не думаюць, што неўзабаве не будзе каму іх саміх ратаваць. Я спрабую ўявіць, што б я адчувала і што б рабіла, калі б прыехала на выклік да тых, хто мяне затрымаў, да гэтага Рудзько, які сведчыў супраць мяне, да суддзі, які вынес гэты прысуд. Напэўна, у душы ў мяне была б бура, але гэта ніяк бы не паўплывала на маю працу. Я б шчыра ратавала б іх жыцці, як і ўсіх астатніх людзей, у выпадку неабходнасці».

«У нас на вас яшчэ шмат матэрыялаў. Трымайцеся»

Сума штрафу - br 675, са слоў Валянціны, даволі адчувальная для яе. Гэта месячны заробак фельчара. У той жа час за працу жанчына пакуль асабліва не баіцца, бо калегі і кіраўніцтва падтрымліваюць і спачуваюць.

Валянціна Алфёрава ўсё сваё працоўнае жыццё аддала Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі. У 1983 годзе жанчына скончыла Менскую медыцынскую вучэльню, выйшла замуж, разам з мужам прыехала ў Бабруйск і адразу ўладкавалася на хуткую дапамогу. Мае 1 катэгорыю.

Пасля суда на развітанне падпалкоўнік Сяргей Рудзько звярнуўся да Валянціны:

«У нас на вас яшчэ шмат матэрыялаў. Трымайцеся».

Але фельчарку гэтыя пагрозы не палохаюць, а толькі выклікаюць агіду, што так сябе паводзіць міліцыянт.

«Нам усім не трэба здавацца. Варта пратэставаць далей – упэўненая Валянціна. - Вада і камень точыць, нават па кропельцы. Таму нельга сядзець склаўшы рукі. Я хадзіла, хаджу і хадзіцьму на мірныя мітынгі, калі будзе дазваляць здароўе. Мяне не спыняць гэтыя суды і штрафы».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках