20 красавiка 2024, Субота, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пачатак канца»: Сусветныя СМІ пішуць пра крах рэжыму Лукашэнкі

2
«Пачатак канца»: Сусветныя СМІ пішуць пра крах рэжыму Лукашэнкі
ФОТА: TUT.BY

Беларуская рэвалюцыя стала найбольш папулярнай тэмай у аўтарытэтных медыя.

Сусветныя таблоіды яшчэ паўгода таму вельмі рэдка пісалі пра Беларусь, але гэтым летам сітуацыя змянілася – у краіне здарылася рэвалюцыя, якой не чакаў ніхто. Каб зразумець, як у сусветнавядомых медыя змянілася ўяўленне пра беларусаў, Лукашэнку і Ціханоўскую, выданне kyky.org прааналізавала тэксты найпапулярнейшых выданняў.

The Economist

У Брытанскім тыднёвіку недалюблівалі Лукашэнку і ягоных паплечнікаў яшчэ да выбараў. Так, напрыклад, 20 чэрвеня выданне выпусціла тэкст пад загалоўкам «Размахваючы тэпцікамі перад “прусаком”», у якім расказвалася, як дыктатар, кіруючы з 94-га, у 2020-м павінен моцна пастарацца, каб перамагчы на новых выбарах. Бо ўсё, што ён будаваў гадамі, разбураецца.

Пры гэтым у сярэдзіне лета аналітыкі выданні не сцвярджалі, а толькі меркавалі, што Лукашэнка не пераможа на выбарах. Але 13 жніўня The Economist апублікаваў тэкст «Лукашэнка спрабуе здушыць пратэсты супраць сфальсіфікаванай “перамогі”. З тых часоў выданне прытрымліваецца палітыкі, што ў Беларусі кіруе нелегітымны ўзурпатар.

The New York Times

Першы тэкст пра сітуацыю ў Беларусі выданне выпусціла 22 чэрвеня пад загалоўкам: «Хісткая палітычная хватка, Лукашэнка абвінавачвае даўнюю хаўрусніцу: Расею» У ім расказваецца пра тое, як Віктар Бабарыка, які кіраваў расейскім банкам, апынуўся ў турме.

Другі тэкст у кантэксце выбараў у Беларусі ў The New York Times выйшаў 29 ліпеня, ён называўся: «Беларусь заяўляе, што расейскія найміты планавалі сарваць жнівеньскія выбары». Выданне пісала пра «эскалацыю варожасці з найбліжэйшай суседкай», як бы намякаючы, што Лукашэнка, верагодна, звар’яцеў, раз надумаў пасварыцца з Пуціным.

7 жніўня выданне пастанавіла памяняць танальнасць. У тэксце пад назвай «Апошняму дыктатару» Еўропы пагражаюць перавыбары, ён усё ў большай небяспецы». Гэты тэкст пачынаецца са словаў: «Чалавек, якога часта называюць “апошнім дыктатарам Еўропы”, яшчэ ніколі не выглядаў такім хісткім». У выданні тлумачаць такі стан «прэзідэнта» з'яўленнем кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, якая стала галоўнай апаненткай Лукашэнкі. А таксама тым, што за час перадвыбарчай кампаніі ён страціў «хаўруснікаў» і не ўсачыў за эканомікай.

ФОТА: GETTY IMAGES

Пасля выбараў у Беларусі The New York Times канчаткова перастала падаваць Лукашэнку як чалавека, у руках якога сапраўды сканцэнтраваная ўлада. 13 жніўня выданне апублікавала два тэксты. Першы – «Масавыя збіццё і затрыманні ў Беларусі: як Лукашэнка чапляецца за ўладу». Другі – «Хто такая Святлана Ціханоўская – лідарка апазіцыі ў Беларусі?».

20 жніўня апублікавала тэкст «У Беларусі адбываюцца немагчымыя, неймаверныя перамены». Журналісты The New York Times сталі часцей пісаць пра людзей, пра лідараў супраціву, пра жанчынаў Беларусі, якія ідуць у бой, нягледзячы на жорсткія затрыманні.

The Guardian

Асноўны сусветны таблоід Брытаніі, здаецца, першым з СМІ за межамі Беларусі прызнаў лідарства Ціханоўскай. Ужо 31 ліпеня там апублікавалі тэкст пад загалоўкам: «Масавы мітынг у падтрымку лідаркі беларускай апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў». Гэта быў тэкст пра тое, як дзясяткі тысячаў беларусаў прыйшлі на пікет Ціханоўскай у менскі парк.

2 жніўня на The Guardian выйшаў тэкст пра Лукашэнку. Ён называўся «Няўжо гэта пачатак канца “апошняга дыктатара Еўропы”?» У ім пра Лукашэнку пісалі «загнаны ў кут беларускі кіраўнік».

Нядзіўна, што пасля 9 жніўня на The Guardian (як гэта здарылася крыху пазней у The New York Times) цалкам знікла падача Лукашэнкі як легітымнага. Выданне апублікавала тэксты пра яго, якія расказвалі пра гвалт над мірнымі грамадзянамі:

«“Апошні дыктатар Еўропы” страчвае хватку».

«Беларусы ўголас кажуць: час Аляксандра Лукашэнкі скончыўся».

«“У адстаўку!”: Аляксандра Лукашэнку крытыкавалі завадчане ў Менску».

Такія тэксты паралельна з рэпартажамі з разгонаў мітынгаў выходзілі на The Guardian у жніўні. У верасні навіны пра Лукашэнку таблоід адправіў на другі план – у парадку дня былі людзі, якія пакутавалі ад дзеянняў сілавікоў, чальцы КС, якіх адпраўлялі ў турмы, і жанчыны. 12 верасня выданне апублікавала тэкст «Феміністычная рэвалюцыя ў Беларусі: як жанчыны з'ядналіся супраць Лукашэнкі».

BBC

Выданне з Нью-Ёрка пачало пісаць пра выбары ў Беларусі яшчэ ў ліпені. 14 ліпеня, напрыклад, выйшаў тэкст «Выбары ў Беларусі: сотні людзей пратэстуюць пасля таго, як спаборнікі Лукашэнкі заблакаваныя». У ім расказвалася, як Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу не пусцілі ў бюлетэні, чаму «Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, гарантавана пераможа ў галасаванні».

30 ліпеня ў BBC даведаліся пра Святлану Ціханоўскую. Тады выйшаў тэкст «Мітынг апазіцыі ў Беларусі прываблівае тысячы людзей, нягледзячы на разгоны». А 31 ліпеня выданне, мабыць, надумала адукаваць сваіх брытанскіх чытачоў, і выпусціла матэрыял пад назвай «Беларусь: хатняя гаспадыня кідае выклік аўтарытарнаму кіраўніку». У ім расказалі, што Святлана – палітык-пачаткоўка, яна «стала нечаканым тварам пераменаў у Беларусі». Ужо 19 жніўня BBC размясціла тэкст «Беларусь на мяжы: што цяпер?», у якім фота Ціханоўскай паставілі побач з фота Лукашэнкі. Зрэшты, пасля 9 жніўня Ціханоўская больш не з'яўлялася на BBC у якасці нечыей жонкі ці хатняй гаспадыні.

ФОТА: AFP

Увесь жнівень на BBC выходзілі матэрыялы пра пратэсты ў Беларусі. Адметна і тое, што ў нататках не пісалі пра лідараў – пісалі пра людзей. Шмат увагі выданне таксама аддавала феміністычнай позве. Так 13 жніўня выйшаў тэкст «Жанчыны ўтвараюць ланцужкі салідарнасці, каб асудзіць рэпрэсіі», пасля якога BBC не раз пісаў пра жаночыя маршы. І нават згадваў затрыманне Ніны Багінскай.

У верасні позва выдання была аналагічная: BBC давала інфармацыю пра пратэсты, затрыманні і пра тое, як Лукашэнка просіць грошай у Пуціна.

Апошнія навіны былі таксама пра масавыя мітынгі, а яшчэ 14 кастрычніка выйшаў тэкст «Беларуская апазіцыя пагражае Лукашэнку масавым страйкам» – пра народны ўльтыматум, які прапанавала Святлана Ціханоўская.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках