16 красавiка 2024, aўторак, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барэль: Мы паспрабуем ізаляваць урад Лукашэнкі

20
Барэль: Мы паспрабуем ізаляваць урад Лукашэнкі
ЖАЗЭП БАРЭЛЬ
ФОТА: DPA

Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Сітуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзян, журналістаў і сябраў Каардынацыйнай рады, і Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць афіцыйных асоб, заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль, паведамляе interfax.by.

«Вы добра ведаеце, што Еўрапейскі звяз адхіліў фальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў», - сказаў высокі прадстаўнік ЕЗ у замежных справах, звяртаючыся ў аўторак да еўрадэпутатаў на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Брусэлі.

«Мы ясна заявілі, што (Аляксандр) Лукашэнка не мае ніякай дэмакратычнай легітымнасці. (...) Мы не прызнаем яго як законнага прэзідэнта Беларусі», - працягнуў Барэль.

З яго слоў, з гэтым рэжымам больш нельга весці «бізнэс, як звычайна». Ён нагадаў, што ЕЗ прыняў дадатковыя санкцыі супраць 40 беларускіх афіцыйных асоб за фальсіфікацыю выбараў і прымяненне гвалту ў дачыненні да грамадзян. Але з тых часоў, адзначыў Барэль, сітуацыя ў Менску не пераставала пагаршацца, і, відавочна, не назіраецца ніякіх перспектыў дыялогу.

«Рада (ЕЗ у замежных справах 12 кастрычніка - заўв.) палітычна дала сваё «зялёнае святло» для абмеркавання наступнага пакета санкцый, і гэтым разам яны распаўсюдзяцца і на Аляксандра Лукашэнку. Тэхнічная праца пачалася адразу пасля нарады і хутка завершыцца. Ні ў аднае дзяржавы-сябра не ўзнікла пярэчанняў на гэты конт», - паведаміў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Барэль уважае, што прынцыпы стасункаў ЕЗ з Беларуссю павінны быць перагледжаны, але Еўразвяз салідарны з беларускай грамадзянскай супольнасцю. Ідзе праца над глабальным пакетам эканамічнай дапамогі, якую еўрапейскія інстытуты гатовыя аказаць «новай дэмакратычнай Беларусі».

Ён пагадзіўся з рэкамендацыямі Еўрапарламента што да новых дачыненняў ЕЗ з Беларуссю, у якіх указваецца на тое, што «толькі нацыянальны інклюзіўны дыялог можа прывесці да надзейнага мірнага развязання». ЕЗ будзе настойваць на пасрэдніцкай місіі АБСЕ для садзейнічання такога дыялогу. Пры гэтым Барэль прызнаў, што беларускія ўлады не схільныя да дыялогу, і ўсе намаганні ЕЗ у гэтым пытанні дагэтуль не прынеслі выніку.

Ён запэўніў, што ЕЗ будзе працягваць падтрымліваць беларускі народ у яго барацьбе за свае дэмакратычныя правы, за права абраць прэзідэнта на свабодных выбарах і пад наглядам АБСЕ. Еўразвяз гатовы падтрымліваць беларусаў, грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ «ўсімі наяўнымі інструментамі - фінансавымі і палітычнымі».

«Мы паспрабуем ізаляваць урад Лукашэнкі, аказваючы фінансавую дапамогу грамадзянам і пазбягаючы таго, каб гэтыя грошы трапілі ў кішэню ўраду», - паабяцаў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ, пацвердзіўшы меркаванне Брусэля, што адзіным выхадам з сітуацыі з'яўляецца правядзенне новых, свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў.

Барэль таксама даў запэўніванні, што ЕЗ не мае намеру ператвараць беларускую сітуацыю ў геапалітычную праблему і ставіць беларусаў перад выбарам таго ці іншага лагера. «Тое, чаго хочуць грамадзяне, гэта такога палітычнага рэжыму, пры якім паважаюцца правы чалавека. Яны хочуць дэмакратычнай сістэмы, якая паважае волю народа», - патлумачыў высокі прадстаўнік ЕЗ у замежных справах.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках