20 красавiка 2024, Субота, 11:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Сітуацыя ў Беларусі - гэта вялікі пажар на тарфяніку

10
Gazeta Wyborcza: Сітуацыя ў Беларусі - гэта вялікі пажар на тарфяніку
ФОТА: AP

У кожны момант агонь можа ўспыхнуць зноў у найменш чаканым месцы.

Хоць прайшло ўжо два месяцы пасля выбуху пратэстаў, справакаваных сфальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі, Беларусь не супакойваецца, піша польскае выданне Gazeta Wyborcza (пераклад - unian.net).

Менск змагаецца, хоць астатняя краіна, як здаецца многім, ужо заваяваная. Уласна, прыклад сталіцы і прымушае людзей у рэгіёнах выходзіць на вуліцы таксама. Пакуль пратэсты ў Менску будуць прадаўжацца, людзі на перыферыі таксама будуць на іх раўняцца, не гледзячы на пагрозы арыштамі.

«Але калі хтосьці, гледзячы на змены ў рэгіёнах, думае, што беларусы змірыліся з рэжымам Лукашэнкі і сітуацыя вяртаецца «да нормы», то гэта глыбокая памылка. Сітуацыю ў Беларусі цяпер можна параўнаць з вялікім пажарам на тарфяніку. На паверхні пажару нібыта і няма: трохі дыму, трохі выпарэнняў... Назіральніку з боку здаецца, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Але ўнутры палае агонь, выпальваючы і змяняючы ўнутраную структуру тарфянішча», - піша выданне.

Каб убачыць гэтую нябачную на першы погляд беларускую рэальнасць, не трэба шмат высілкаў. Досыць аднаго невялікага жэсту, нейкай падставы, і незадаволенасць становіцца публічнай. І выражэнне гэтай незадаволенасці адбываецца без аглядкі на тое, што сілавая перавага на баку Лукашэнкі.

Тое, што ўлада можа падавіць вулічныя пратэсты, але не здольная змяніць стаўленне беларусаў да рэжыму, яшчэ раз пацвердзілася на мінулым тыдні. У чацвер у Гародні лаяльная да Лукашэнкі арганізацыя «Белая Русь» арганізавала акцыю ў падтрымку АМАП. Некалькі жанчын са сцягамі наведалі казармы сілавікоў. У руках яны трымалі плакат з лозунгам: «Працуйце, браты!», - а таксама два вялікія тарты.

Пачастунак для АМАПаўцаў падрыхтавалі на заказ. На тартах былі надпісы: «Дзякуем АМАПу за цішыню і спакой» і «Вы - наш гонар, разам мы сіла».

«АМАП горада Гародні быў крануты. Упершыню такая вялікая група людзей прыйшла падзякаваць работнікам і маральна іх падтрымаць у часы нялёгкай працы», - паведамілі ў прэс-службе сілавой установы.

Але, як выявілася, арганізаваць такую «падзяку» было не проста. Пра гэта распавяла адна з удзельніц акцыі. Ніводная кампанія ў горадзе не хацела гатаваць торт для АМАПу.

«Мы спрабавалі замовіць торт з дзяржаўнымі сімваламі ў адной з кавярняў Гародні. Нам адмовілі. Давайце ігнараваць гэтую ўстанову!», - напісала жанчына ў адным з чатаў прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі, паказаўшы, што адмовілася выконваць замову ўстанова пад назвай «Любоў Тартова».

Паведамленне шырока разышлося ў сетцы. Але заклікі да байкоту справакавалі зваротны эфект. Тарты ва ўстанове неўзабаве раскупілі. І нават пасля гэтага да «Любові Тартовай» прыходзілі натоўпы людзей і рабілі заказы.

Жыхары Гародні таксама хацелі б ведаць, хто ўсё ж спёк тарты для АМАП. Але пасля сітуацыі з «Любоўю Тартовай» гэтую інфармацыю зараз трымаюць у таямніцы. Кожная кампанія цяпер разумее, што ўсякая праява лаяльнасці да Лукашэнкі і АМАП выльецца ў праблемы для бізнэсу. Той факт, што прыхільнікі Лукашэнкі на фоне спаду пратэстаў у Гародні, вымушаныя ўтойваць свае погляды, шмат кажа аб грамадскіх настроях.

Пажарныя ведаюць, што патушыць пажар на тарфяніку не проста. У кожны момант агонь можа ўспыхнуць зноў у найменш чаканым месцы. Такая ж сітуацыя і з настроямі ў Беларусі. І АМАП са сваімі дубінкамі тут не дапаможа.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках