19 красавiка 2024, Пятніца, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Піт Паўлаў: Наша будучыня будзе светлай

3
Піт Паўлаў: Наша будучыня будзе светлай

Вялікае інтэрв'ю музыкі, які спяваў перад ачапленнем АМАПа.

Вядомы рокер быў тым, хто выйшаў перад ланцугом сілавікоў ля Палаца Незалежнасці і праспяваў там «Тры чарапахі». І панеслася - цяпер у Піта Паўлава канцэрты кожны дзень у менскіх дварах. Нядзіўна, што ён адразу сказаў: сядзець і размаўляць цяпер некалі. Таму мы зрабілі інтэрв'ю падчас ягоных пераездаў на аўто па сталіцы, піша kp.by.

- Прапаноў цяпер больш, чым я магу фізічна выступаць, - прызнаўся Піт Паўлаў. - За апошнія два месяцы сыграў ужо 62 канцэрты. Прычым у адзін з дзён удалося выступіць у пяці месцах. У асноўным гэта дваровыя канцэрты. Дзесьці збіраецца 80 чалавек, дзесьці - 1500. Каб мяне ўбачылі ўсе менчукі, давядзецца арганізаваць 800 канцэртаў - столькі цяпер дваровых тэлеграм-чатаў у горадзе. Вядома, лепш бы выступаць на плошчах і спартыўных арэнах, але пакуль запрашаюць спяваць у дварах - такая сітуацыя ў краіне.

«Замест «Пераменаў» Цоя спяваю сваю песню «Прамень»

- Пра такое каханне народнае яшчэ год таму можна было толькі марыць…

- Я заўсёды ведаў, што N. R. M. неймаверна папулярныя сярод моладзі. Многія ведаюць мяне менавіта як гітарыста гэтага легендарнага рок-гурта. Праўда, наша папулярнасць знізілася пасля сыходу Лявона Вольскага. Калі разводзяцца муж з жонкай, разумныя людзі прадаўжаюць сябраваць і з мужам, і з жонкай. А частка нашай свядомай аўдыторыі павяла сябе як дзеці: выбрала Лявона як добры бок, а дрэннымі сталі астатнія музыкі. Цяпер ужо не мае сэнсу казаць пра гэта, але мы разышліся без асаблівых прэтэнзій і крыўдаў адзін да аднаго. Я бясконца люблю і паважаю Лявона як аўтара нашых песень і паплечніка цягам больш чым 20 гадоў, культавую асобу. Нашы ўнутраныя рознагалоссі куды менш значныя, чым гэта пачуццё. Спадзяюся, і Лявон з пяшчотай ставіцца да таго, што было. Ва ўсякім выпадку, менавіта ён прапанаваў у жніўні аб'яднацца на адзін дзень дзеля таго, каб выканаць хіт «Тры чарапахі».

- Гэта самая запатрабаваная цяпер песня.

- Так, можна сказаць, я яе закладнік.

- У вас з Вольскім не было аўтарскіх прэтэнзій з нагоды яе выканання?

- Думаю, гэта немагчыма. У n. r. m. казаць аб аднаасобным аўтарстве нельга, бо кожная песня прайшла плавільны кацёл усяго гурта.

- Парадокс у тым, што «Тры чарапахі» - песня іранічная, якая не заклікае ні да чаго, але без яе не абыходзіцца ніводная акцыя пратэсту.

- У гэтым яе каштоўнасць. Дастаткова песень-аднадзёнак, якія спяваюць з сур'ёзным тварам, а потым праходзіць палітычная кампанія - і што? Дзе яны? Змыла хваляй гісторыі. А «Тры чарапахі» - гэта пра вечнасць, і таму яна спакойна перажыве гэтую эпоху. Песні ўжо 21 год, а аднайменнаму альбому, у якім яна выйшла, - 20.

- Што ты яшчэ спяваеш на сваіх дваровых канцэртах?

- «Муры», хоць і не збіраўся яе спяваць. "Муры" мне цікавыя ў версіі паэта Андрэя Хадановіча. Мне не падабаецца версія, дзе песні дадалі куплеты. На мой погляд, гэтым яе толькі пагоршылі.

- А песні Міхалка спяваеш?

- Лёгка мог бы выканаць «Воіны святла», але не хачу, бо там ёсць Джа Растафарай - выпадковы персанаж, на мой погляд. Хоць сама па сабе песня выдатная. Мне б больш падышла «Грай», тым больш што яна на беларускай. А наогул, песні я выбіраю паводле прынцыпу, хацеў бы быць іх аўтарам ці не. Мяне прасілі перавесці на беларускую «Пераменаў» Цоя - я адмовіўся. Затое напісаў сваю арыгінальную песню «Прамень». Мне здаецца, яна ідэальна падыходзіць да сітуацыі. Яшчэ граю «Мроя мая», якая таксама вельмі падабаецца людзям. Ну, і іншыя кантрабандысцкія песні з майго альбома «Зброя, золата, кабеты», які пакуль не выйшаў.

Я яшчэ такую ініцыятыву пачаў - выкладваю ў Інтэрнэце Інструкцыі ігры на гітары песень, якія сталі актуальнымі падчас пратэсту. Пачаў з «Трох чарапах» і «Муроў», ну а далей будуць «Пераменаў» Віктара Цоя, «Магутны Божа» з той гітарнай аранжыроўкай, якую я напісаў для альбома «Я нарадзіўся тут», і іншыя.

«Такой хвалі дабра і цяпла я не адчуваў ніколі»

- Ты зарабляеш толькі музыкай?

- Так, усё жыццё, хоць гэта зусім невялікія даходы. Але я навучыўся жыць не проста сціпла - аскетычна. Цяпер у мяне няма сям'і, адказваю толькі за сябе, так што і выдаткаў асабліва няма. Мала харчуюся, шмат трэніруюся. І нават стань я мільянерам, не змяніў бы гэты лад жыцця - прадаўжаў бы сціпла жыць у плане побыту, а ўсе грошы ўкладваў у праекты. Цяпер я зняў нейкую колькасць кліпаў і нават узяўся за фільм у падтрымку альбома «Зброя, золата, кабеты». Стаў больш надаваць увагі сваёй школе гітары і вакалу, якая называецца «Граем». Стараюся рыхтаваць людзей да кар'еры рок-зоркі і на асабістым прыкладзе паказваю, што гэта такое.

- Ці сутыкаешся ты з негатывам на свой адрас?

- Наадварот, такой хвалі дабра і цяпла я не адчуваў ніколі. Вось прыклад: на дваровых канцэртах я спяваю сваю песню «Точыць», пакуль нідзе не выдадзеную. Ва Уруччы падышоў да мяне хлопец і спытаў, дзе яе можна спампаваць. І калі даведаўся, што пакуль песня нават не запісаная ў студыі, пачаў ездзіць за мной па канцэртах - проста каб зноў яе пачуць. Ён ужо зняў сабе 7-8 відэаверсій гэтай песні, вывучыў яе на памяць.

«Забараняю забараняць»

- Ты выступаў перад ланцугом сілавікоў і «Рубяжамі» каля Палаца Незалежнасці.

- Так, гэтыя кадры абляцелі ўсе СМІ свету, пра мяне напісалі ў New York Times, бралі каментары журналісты з італійскага Rai Uno, двойчы з BBC (прычым прыязджалі ў Менск і рабілі грунтоўны рэпартаж). Ад некаторых прапаноў я адмаўляюся, бо бачу ўзнёсла-істэрычную манеру падачы матэрыялу. Некаторыя журналісты з'ехалі за мяжу, атрымалі гранты і ўжо адтуль прапануюць грошы, каб я пагадзіўся ў іх здымацца.

- Скажы, было страшна там, ля «Рубяжоў»?

- Было не больш чым сцэнічнае хваляванне, якое ўзнікае ў кожнага артыста на сцэне.

- Але гэта не сцэна…

- Усё маё жыццё падрыхтавала мяне да такога фармату выступаў. Больш за 1000 раз, напэўна, я спяваў на плошчах у Нямеччыне, Польшчы, Беларусі. Так што ў такіх сітуацыях больш думаю пра тое, каб не спатыкнуцца, не заляпіць крывы акорд. Там, ля Палаца Незалежнасці, я ішоў наперадзе калоны і бачыў, што за мной стаяць людзі да гарызонту. На трэцім куплеце павярнуўся да сілавікоў і пайшоў да іх. І вось, калі наблізіўся зусім блізка, пачуў гук шчытоў - яны спалохаліся чагосьці. Але не мяне ж! Я азірнуўся і зразумеў, што ўвесь гэты натоўп рушыў за мной. Гэта можна было ўспрыняць як сігнал да атакі. Таму я павярнуўся і зрабіў рукамі жэст - пастойце. Натоўп спыніўся, я павярнуўся да амапаўцаў, падняў гітару і чамусьці крыкнуў: «Не сцыце, пацаны» (смяецца). Хоць хацеў сказаць, што наша будучыня будзе светлай.

- Цябе міліцыя пазнае наогул?

- На адной з акцый хлопец з ачаплення апусціў маску, я ўбачыў твар маладога моцнага хлопца, спартоўца. Ён спытаў: Вы мяне пазнаеце? У мяне адзіная асацыяцыя: напэўна, ён ходзіць трэніравацца ў тую ж залу адзінаборстваў, што і я. адкуль мне ведаць, хто гэтыя людзі ў цішотках, магчыма, і спецназаўцы. Хутчэй за ўсё, мы з ім сустракаліся на дыване для барацьбы. У ягоных вачах чыталася жаданне, каб я пазнаў яго. Мы перакінуліся парай фраз, а потым ён гучна сказаў, каб усе навакольныя пачулі: «Калі ласка, не выходзьце на праезную частку». У ягоных дзеяннях я прачытаў мэсэдж: я свой. У іншы раз ДАІ правярала дакументы - а ў мяне вокладка пашпарта з «Пагоняй». І я наважыў пацвяліць старэйшага лейтэнанта. Кажу: вы ж выраслі на маіх песнях. Ён адказвае: наўрад ці. І я праспяваў «Трох чарапах». Ён усміхнуўся і задаў мне пытанне, як думаў, з падвохам: а вось калі ў нас Дзень незалежнасці? Кажу: 25 сакавіка. Ён здзівіўся і сказаў: напэўна, толькі мы з вамі ўдваіх гэта і ведаем. У мяне наогул пачуццё, што насамрэч вельмі многія з іх слухалі N. R. M. - і таму мяне не чапаюць.

- Не баішся апынуцца на Акрэсціна?

- Баюся, вядома. Але мяне больш палохаюць бытавыя праблемы. Што давядзецца хадзіць у туалет пры старонніх, што нельга мыцца тры разы на дзень пад душам, як я прывык. Але маральна я гатовы прайсці праз гэта.

- Ну, а з другога боку, што крымінальнага ў дваровых канцэртах? Чаму нельга спяваць пад гітару?

- Ну а што такога ў маршах жанчын, пенсіянераў, студэнтаў, інвалідаў? Шмат хто ў словазлучэнні «мірны пратэст» чапляюцца да слова «мірны», а трэба дарэчы «пратэст». Я прасоўваю ў масы такі заклік: калі вы чуеце слова «забаронена», трэба адказваць «забараняю забараняць».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках