24 красавiка 2024, Серада, 11:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія прадпрыемствы адпраўляюць прадукцыю на склады

15
Беларускія прадпрыемствы адпраўляюць прадукцыю на склады
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

На паліцах пыляцца вырабы на мільярды рублёў - яны не запатрабаваныя рынкам.

Са зменай ў чэрвені прэм'ер-міністра, віцэ-прэм'ераў і некаторых міністраў урад узяў курс на скарачэнне адставання ад 2019 года. Прэм'ер Галоўчанка заявіў, што чыноўнікі хочуць выйсці на нулявое падзенне ВУП у 2020-м, піша сайт banki24.by.

Самы просты шлях для нарошчвання памераў ВУП - гэта вытворчасць на склад у чаканні, што калісьці потым гэтую прадукцыю купяць. Ці не купяць, але ВУП усё адно будзе павялічаны.

Сказана - зроблена. З лета дынаміка складскіх запасаў у прамысловасці выйшла на траекторыю крызіснага 2015 года. Гэта значыць, што ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на справаздачныя даты дасягаў максімальных адзнак за пяцігоддзе.

На 1 кастрычніка буйныя і сярэднія прадпрыемствы прамысловасці назапасілі складскія запасы на 5,057 млрд BYN. У параўнанні з сярэднемесячным аб'ёмам вытворчасці запасы склалі 68,5%.

Такі ўзровень складскіх запасаў у галіны з'яўляецца максімальным значэннем для супастаўных дат за 5 гадоў. Больш цяжкая сітуацыя назіралася ў 2013-2015 гадах, калі запасы перавышалі 70% месячнага выпуску прамысловасці.

У прамысловасці Менска ўзровень складскіх запасаў склаў 1,256 млрд BYN. У параўнанні з сярэднемесячным выпускам запасы дасягнулі 107,1%.

Характэрна, што ў сталіцы назіраецца паглыбленне спаду ў прамысловасці. Калі за 9 месяцаў вытворчасць скарацілася на 1,4%, то за верасень - адразу на 7%.

У Берасцейскай вобласці складскія запасы на 1 кастрычніка склалі 552,3 млн BYN. У параўнанні з месячным выпускам узровень запасаў гатовай прадукцыі дасягнуў 64,9%. Прамысловая вытворчасць за 9 месяцаў знізілася на 0,6%.

У Віцебскай вобласці складскія запасы дасягнулі 523,7 млн BYN. У параўнанні з месячным выпускам аб'ём складоў склаў 51,8%. Прамысловая вытворчасць за студзень-верасень скарацілася на 3,4%.

У Гомельскай вобласці ўзровень складскіх запасаў дасягнуў 433,4 млн BYN, што эквівалентна 28,3 месячнага выпуску. Прамысловая вытворчасць у рэгіёне за 9 месяцаў упала на 2,9%.

У Гарадзенскай вобласці складскія запасы склалі 582,5 млн BYN, ці 67,4% ад месячнага выпуску. Прамысловая вытворчасць за 9 месяцаў вырасла на 0,1%.

У Менскай вобласці складскія запасы склалі 1,297 млрд BYN, ці 98,1% месячнага выпуску. Прамысловая вытворчасць знізілася на 4,2%.

У Магілёўскай вобласці складскія запасы дасягнулі 411,9 млн BYN, ці 64,8% месячнага выпуску. Прамысловая вытворчасць у рэгіёне вырасла на 1%.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках