24 красавiка 2024, Серада, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціханоўская стала ў счэпку

36
Ціханоўская стала ў счэпку
ІРЫНА ХАЛІП

Галоўнае ў яе ультыматуме - сам факт яго з'яўлення.

Пасля тэлефоннай размовы з арыштаваным мужам Святлана Ціханоўская маўчала роўна тры дні. Муж з дазволу Лукашэнкі патэлефанаваў ёй у суботу. У нядзелю амапаўцы і віжы збівалі дэманстрантаў так, як не збівалі з 10 жніўня. У панядзелак ужылі газ і светлашумавыя гранаты пры разгоне паджылых менчукоў, якія выйшлі на Марш пенсіянераў. (Марш пенсіянераў прайшоў другі раз і абяцае стаць традыцыйным, як і нядзельныя маршы.) А ў аўторак Святлана Ціханоўская выставіла Аляксандру Лукашэнку ўльтыматум:

«Два месяцы таму мы прачнуліся, як у звычайны выходны дзень, і паехалі галасаваць. І мы ўсе прагаласавалі за перамены. Два месяцы таму быў наш апошні звычайны выходны. Мы выйшлі на вуліцы, каб вярнуць свае галасы, і атрымалі за гэта кулі, дубінкі, турэмныя камеры і цынічную хлусню рэжыму. Яны пытаюцца нас падчас удараў: «Вы хацелі пераменаў?» Яны кажуць нам: «Вось вам перамены».

Мы адкажам: гэта - не перамены.

Вы саджалі нас заўсёды, а цяпер сталі саджаць яшчэ больш. Вы запалохвалі нас заўсёды, а цяпер сталі запалохваць яшчэ больш. Вы заўсёды білі мужчын, а цяпер б'яце яшчэ жанчын, дзяцей і старых. Не спрабуйце выдаваць гэта за дыялог. Гэта дзяржаўны тэрор.

І кожны, хто яшчэ не прыняў пастанавіў перайсці на бок народа - суўдзельнік тэрору. Заявіце публічна аб тым, што больш не падтрымліваеце рэжым. Звярніцеся да нас праз фонды, лісты ці нават знаёмых. Калі вы не зробіце гэтага, значыць, гэта вашымі рукамі цяпер збіваюць нашых бабуляў і дзядуляў. Гэта праз вас ім учора пагражалі зброяй. Магчыма, упершыню з іх страшнага ваеннага дзяцінства.

Мы шмат разоў казалі, што гатовыя да дыялогу і перамоваў. Але размова за кратамі - гэта не дыялог. Збіваць свой народ пасля заяў аб гатоўнасці да перамоваў - не дыялог. Лукашэнка забівае сваю будучыню і спрабуе пацягнуць за сабой чыноўнікаў, сілавікоў і ўвесь беларускі народ. Але мы гэтага не дапусцім.

Прайшло два месяцы палітычнага крызісу, гвалту і беззаконня - і з нас досыць. 25 кастрычніка мы абвяшчаем Народны Ультыматум.

У рэжыму ёсць 13 дзён, каб выканаць тры абавязковыя патрабаванні:

Лукашэнка павінен абвясціць аб адстаўцы.

Гвалт на вуліцах павінен спыніцца цалкам.

Усе палітвязні павінны быць вызваленыя.

Калі да 25 кастрычніка нашы патрабаванні не будуць выкананыя, уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным Ультыматумам. І 26 кастрычніка пачнецца нацыянальны страйк усіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, падзенне продажаў у дзяржаўных крамах. У вас ёсць 13 дзён, каб выканаць тры ўмовы. У нас ёсць 13 дзён, каб падрыхтавацца, і ўвесь гэты час беларусы будуць прадаўжаць свой мірны і настойлівы пратэст.

Вы спрабуеце паралізаваць жыццё нашай краіны, не разумеючы, што Беларусь мацнейшая, чым рэжым. Раз вы чакалі загаду, то вось загад. І тэрмін яго выканання да 25 кастрычніка».

Гэта ўжо зусім іншая рыторыка і нават іншая лексіка. Два месяцы Святлана спрабавала праслізнуць паміж кроплямі дажджу, упарта пазбягала слова «страйк», усяляк дыстанцыявалася ад акцый пратэсту, заклікала Захад не ўводзіць эканамічныя санкцыі (пры тым, што большасць беларусаў даўно ўжо выказваецца за ўвядзенне санкцый) і сур'ёзна казала пра дыялог як спосаб мірнай перадачы ўлады. Званок мужа змяніў многае.

Інфармацыя пра тое, што з Сяргея Ціханоўскага ў турме здзекуюцца, даўно прасочвалася скрозь уніклівыя фразы скаваных падпіскай аб невыдаванні адвакатаў. А ў панядзелак стала вядома, што на суботняй сустрэчы Лукашэнкі ў СІЗА КДБ Ціханоўскі ўсё ж прысутнічаў. Але ў кадр не трапіў: катэгарычна не хацеў, каб яго здымала беларуская тэлевізія ў сваіх прапагандысцкіх мэтах.

Ціханоўскі - адзіны з прысутных, хто не паціснуў рукі Лукашэнку. Астатнія «ручкаліся», а Ціханоўскі адмовіўся.

Ягоны адвакат Віктар Мацкевіч, які наведаў свайго падабароннага ў СІЗА ў панядзелак, сказаў, што Ціханоўскі адмовіўся паціскаць руку Лукашэнку ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Але мы ж разумеем, чаго гэта каштуе - пры ўсякай уводнай і ўсякай эпідэміялагічнай сітуацыі - не паціснуць руку, працягнутую чалавекам, ад якога залежыць, выйдзеш ты з турмы ці не.

Са слоў адваката, Лукашэнка падчас сустрэчы даў Ціханоўскаму зразумець, што з турмы той у найбліжэйшай будучыні не выйдзе і што «лёс зняволеных будуць вызначаць следства і суд, і ўсё пад кантролем». Затое Лукашэнка велікадушна дазволіў Сяргею, які пяты месяц знаходзіцца ў СІЗА, патэлефанаваць жонцы. Пад пільным вокам аховы Ціханоўскі патэлефанаваў. Частку размовы сама Святлана выклала ў сетку. Дык вось, галоўнае, што сказаў ёй муж: «Трэба быць больш жорсткім». І цяпер можна цалкам дакладна казаць, што просьбу Сяргея ягоная жонка выканала на сто адсоткаў і нават больш.

Калі чалавек пасля сустрэчы з тыранам, які пасадзіў яго, замест «давайце пачакаем, нам абяцалі дыялог і мірныя перамены» просіць жорсткіх дзеянняў, гэта азначае толькі тое, што ў СІЗА яму стварылі зусім невыносныя ўмовы і што надзей на хуткі выхад ужо не засталося.

Той, хто пасадзіў у турму і хто мог адным словам, а то і жэстам вызваліць і Ціханоўскага, і ўсіх астатніх палітвязняў, замест вызвалення зрабіў ім здзеклівы падарунак: усіх удзельнікаў суботняй сустрэчы ў нядзелю вывезлі з турмы ў адну з гарадскіх лазняў і зладзілі пазачарговы дзень мыцця. Але пра ўсё - і пра пагрозы доўгага зняволення Ціханоўскаму, і пра дзень мыцця ў якасці шчодрага падарунка за ўдзел у «дыялогу» — усе даведаліся толькі ў панядзелак увечары, пасля таго, як адвакаты сустрэліся са сваімі падабароннымі. У гэты самы час амапаўцы распылялі газ у пенсіянераў. І на гэтым жудасным фоне прадаўжаць казаць пра дыялог было б проста амаральна. Святлана Ціханоўская зрабіла тое, чаго напэўна хацеў бы яе муж Сяргей.

Так, цяпер можна колькі заўгодна казаць пра ўтапічнасць і пра тое, што гэта не спрацуе. Ніхто не ведае сёння, што спрацуе або станецца бескарысным заўтра. Падзеі апошніх двух месяцаў у Беларусі сталі гэтаму найлепшай ілюстрацыяй. Варта палітолагам пачаць казаць аб немінучым паслабленні пратэстаў, як на чарговы марш выходзяць удвая больш людзей, чым на папярэдні. Варта загаварыць аб тым, што Лукашэнка змяніў тактыку і будзе ствараць, прынамсі, ілюзію рэформаў і дыялогу, як збіцці і затрыманні ў горадзе становяцца такімі ж, што і два месяцы таму. Варта заўважыць, што Ціханоўская слабая і не здольная на жорсткія заявы, як яна выстаўляе ўльтыматум.

Так, усеагульны страйк у жніўні здаваўся малаімаверным. Так, спачатку работнікі большасці беларускіх прадпрыемстваў пісалі петыцыі з патрабаваннямі сумленных выбараў, спынялі працу і стваралі стачкамы, а потым неўзабаве вярнуліся да ранейшага ладу жыцця.

Але пасля двухмесячнай кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання ўжо нішто не здаецца малаімаверным. Блакаваць дарогі беларусы ўжо навучыліся. Цяпер яны робяць гэта па вечарах у сваіх раёнах: перакрываюць дарогі і паляць покрыўкі. Так што, магчыма ўсё.

І зусім не абавязковая апошняя стадыя рэвалюцыі 26 кастрычніка. Гэта можа здарыцца раней, а можа і пазней. Не гэта галоўнае ва ўльтыматуме Святланы Ціханоўскай, а тое, што яна, нарэшце, стала ў счэпку з беларусамі.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках