29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Мы бачым апошнія трапятанні рэжыму

17
Зміцер Бандарэнка: Мы бачым апошнія трапятанні рэжыму
ФОТА: shutterstock

Паход Лукашэнкі ў турму паказаў, што ягоная ўлада вісіць на валаску.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка ў каментары для Сharter97.org апошніх падзей у краіне.

- Сёння 66-ы дзень беларускай рэвалюцыі. Нягледзячы на тое, што ўлады кажуць пра «здзіманне пратэстаў», людзі масава выходзяць на вуліцы. Давайце зафіксуем, чаго беларусы дабіліся за гэты час?

- Здолелі дамагчыся вельмі многага. Фундаментальна змяніўся вобраз Беларусі і беларусаў у свеце. Калі раней Беларусь уважалі за дыктатуру, у якой ніколі не будзе зменаў, а нас – за ціхі і «памяркоўны» народ, якому падабаецца жыць пры дыктатуры і рабіць чыстыя вуліцы, шырокія дарогі, то цяпер увесь свет зусім іншымі вачыма глядзіць на Беларусь.

Многія інтэлектуалы Еўропы і свету заяўляюць, што беларуская рэвалюцыя - гэта неймаверная з'ява, што беларускі пратэст вельмі еўрапейскі, цывілізаваны, але адначасова вельмі рашучы. Многія лідары еўрапейскіх краін адкрылі для сябе тое, што мы заўсёды ведалі: беларусы надта мужныя людзі. Усе гэтыя 66 дзён пратэсту не адбываюцца ў варунках, калі ўлады проста глядзяць на дэманстрантаў і нічога не робяць. Мы маем справу з вялізнымі рэпрэсіямі, якія ўжо зазналі дзясяткі тысяч чалавек, але тым не менш, здушыць волю да свабоды і пераменаў, не ўдаецца.

Радыкальна змянілася ўнутраная сітуацыя. Фактычна, грамадзяне адмовілі ранейшай уладзе ў паслухмянстве, і значная колькасць беларусаў свядома адмаўляюцца ёй падпарадкоўвацца. Так, можна казаць, што страйкавы рух пайшоў на спад, але вынікі «італійскіх забастовак» таксама ўражваюць — на прадпрыемствах-флагманах на дзясяткі адсоткаў упала вытворчасць.

Прагучала такая лічба, што толькі ў Менску ёсць амаль 800 ачагоў рэвалюцыі — груп у мікрараёнах, на прадпрыемствах, тэатрах, заводах, універсітэтах. Гэта сапраўды агмені рэвалюцыі, з імі ніхто нічога зрабіць не можа. Мне здаецца, што такія пункты супраціву стануць не проста цэнтрамі грамадзянскай супольнасці, але заўтра адбудзецца перацяканне гэтых людзей у кіраўніцтва краінай - як на цэнтральным узроўні, так і на лакальным.

Калі падвесці вынік, то краіна стала зусім іншай, стала зразумела, што беларусы - гэта еўрапейская нацыя. Крэатыўнасць і энэргія беларускай рэвалюцыі паказвае, што адставанне, якое адбылося ў краіне праз дыктатуру Лукашэнкі, будзе скарачацца вельмі хутка. Для гэтага дастаткова разумных і энэргічных людзей.

- Адна з самых гучных падзей за апошні час - размова Лукашэнкі ў турме КДБ з часткай палітвязняў. Як вы ацэньваеце гэтую падзею?

- Яна адназначна паказвае, што ўлада Лукашэнкі вісіць на валаску. Калі б было інакш, не пайшоў бы ён на паклон, як кажа, да крымінальнікаў. Гэта адзін момант, а другі - мы не бачылі там лідараў сапраўднай апазіцыі, якую чамусьці называлі «старой», а былі прадстаўнікі так званай «новай апазіцыі». Гэта людзі, якія так ці інакш былі часткай сістэмы, абслугоўвалі рэжым.

Лукашэнка неаднаразова ўзнагароджваў Віктара Бабарыку, сустракаўся з ім, юрыдычная фірма Уласавай абслугоўвала многія праекты адміністрацыі і кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, праекты з арабскімі шэйхамі, расейскімі алігархамі, венесуэльскімі генераламі. Улада мяркуе, што такіх людзей прасцей зламаць. Адпаведна, там былі толькі прадстаўнікі «новай апазіцыі», мы не бачылі Севярынца, Статкевіча, Афнагеля, мы не бачылі рэгіянальных лідараў, лідараў грамадскай думкі, такіх як Кабанаў, Пятрухін, мы не бачылі блогераў, якія сядзяць у турмах з траўня — пачатку чэрвеня.

Улада паспрабавала імітаваць «дыялог для Захаду», але атрымалася як заўсёды. Праз дзень кіраўнікі МЗС еўрапейскіх краін заявілі, што супраць Лукашэнкі будуць уведзеныя персанальныя санкцыі, а таксама яны падумаюць над тым, каб увесці санкцыі супраць бізнэсу людзей, набліжаных да дыктатара.

Выклікае вялікую павагу пазіцыя Сяргея Ціханоўскага. Я сядзеў і ў турме КДБ, і на «Валадарцы», і ў калоніі, уяўляю, наколькі складана было людзям паказаць сваю пазіцыю. Аднак пазіцыя Сяргея Ціханоўскага была заўважаная - яго не паказвалі ў прапагандысцкіх рэсурсах, ён шчыра сказаў адвакату, што адбывалася на сустрэчы і што ён адмовіўся «здароўкацца», паціскаць руку Лукашэнку. У тэлефоннай размове з жонкай ён выразна заявіў, што трэба быць больш жорсткім. Сяргей Ціханоўскі сядзіць у вельмі цяжкіх умовах і, думаю, што ціск на яго пасля ўсяго гэтага ўзрос шматкроць, але гэта чалавек неймавернай мужнасці.

Таксама мне падалося, што не ўдалося зламаць і Бабарыку. Банкір умее пралічваць сітуацыю і разумее, што гэтая сустрэча стала магчымай толькі на загад Пуціна. Ужо была інфармацыя, што на сустрэчы ў Сочы абмяркоўваўся лёс Бабарыкі.

Сустрэча ў СІЗА КДБ - сведчанне набліжэння нашай агульнай перамогі.

- На міжнароднай арэне Лукашэнка ператварыўся ў «кульгавую качку»: краіны Захаду яго не прызнаюць, а Расея разумее, што ён палітычны труп. Ці магчымы кансенсус асноўных геапалітычных гульцоў у дачыненні да Беларусі?

- Кансенсус блізкі. На мінулым тыдні засталася незаўважанай заява кіраўніцтва «Газпрама» да сваіх партнёраў на Захадзе, што праз Беларусь (чытайце — Лукашэнку) яны не могуць гарантаваць стабільны транзіт газу сваім заходнееўрапейскім партнёрам. Гэта найважнейшая заява.

Да таго ж мы ведаем, што Лукашэнка развязаў вайну супраць аўтамабільнага транзіту праз беларускую тэрыторыю, мы ведаем, што правяралі практычна кожную фуру. Праз гэта польскія і літоўскія вознікі адправілі частку грузаў у Расею праз Латвію, і, магчыма, Эстонію. Як заўсёды Лукашэнка стрэліў сабе ў нагу.

Трэба разумець, што геапалітычная функцыя Беларусі шмат у чым палягае ў гарантаванні транзіту, прычым гэта транзіт не толькі паміж ЕЗ і Расеяй, але і транзіт паміж Еўразвязам і Кітаем. Трэба адзначыць, што фармальна кіраўнік Кітая павіншаваў Лукашэнку, але якіх-небудзь заяў аб новых крэдытах, падтрымцы, проста няма. Менавіта з гэтай прычыны Лукашэнка як школьнік запісваў усе разумныя думкі Пуціна падчас апошняй сустрэчы.

Для Кітая транзітны калідор, які праходзіць праз геапалітычную «смаленскую браму», Міжрэчча Заходняй Дзвіны і Дняпра, не менш важны, чым для Еўропы і для Расеі.

Да таго ж, праз дзень пасля паходу Лукашэнкі ў турму КДБ Захад заявіў, што супраць беларускага дыктатара будуць уведзеныя санкцыі і ён становіцца абсалютна нелегітымным. Такім чынам Еўразвяз перадаў пасланне Расеі аб тым, што аб транзіце з Лукашэнкам ніякіх спраў мець не будзе. Дадамо да гэтага хамскія заявы Драздоў у дачыненні да кіраўніцтва Украіны.

Лукашэнка пасварыўся з усімі. І што, Пуціну трэба абараняць яго ў гэтай сітуацыі?! Я думаю, што, сапраўды, беларускаму дыктатару быў дадзены нейкі час для навядзення парадку, адсюль гэтыя апошнія курчы. Узмацненнем рэпрэсій ён спрабуе паказаць, што кантралюе сітуацыю, але напраўду — гэта апошнія трапятанні. Калі Захад кажа, што не будзе мець з ім справу, то Расеі давядзецца лічыцца з гэтым меркаваннем.

- Хто можа стаць прымальнай для Расеі і Захаду фігурай?

- Я ўжо казаў, што такім чалавекам можа быць Віктар Бабарыка. Сёння Бабарыка - больш моцная фігура, чым Лукашэнка, таму дыктатар спрабуе «прымазацца» да ягонай славы, выдумаць камбінацыю, зрабіць яго, напрыклад, прэм'ерам. Магчыма, паводле аналогіі з Кыргызстанам, дзе вызваленага з турмы экс-дэпутата зрабілі прэм'ер-міністрам. Абсалютна правільна вы кажаце пра тое, што ў геапалітычнай гульні Лукашэнка саступіў, з ім не будуць мець справу, ягоныя дні палічаныя.

Калі Захад раней казаў, што «5 лістапада цалкам мінаюць паўнамоцтвы Лукашэнкі», то сёння мы чуем і ад кіраўніцтва Нямеччыны, і ад кіраўніцтва іншых заходніх краін, што Лукашэнка страціў усе прыкметы легітымнасці. Гэта сведчыць аб тым, што цярпенне заходнееўрапейскіх палітыкаў у дачыненні да гэтай фігуры лопнула.

- Што беларусы могуць зрабіць для таго, каб колькасныя паказчыкі пратэсту перараслі ў якасныя?

- Неабходна пераходзіць да больш рашучых дзеянняў. Хоць бы для таго, каб спыніць гвалт у краіне. Тут я адзначу, што пазіцыя Ціханоўскай і яе дарадцаў у гэтым пытанні вельмі слабая: у Святланы няма палітычнага досведу, а дарадцы, якія вакол яе сабраліся, ніколі рашучасцю не адрозніваліся.

Мы памятаем заявы Ціханоўскай аб тым, што «трэба спыніць збор подпісаў», «не трэба падымаць сцяг, каб хваляваць улады», «я не буду заклікаць да пратэстаў», «я не буду заклікаць да забастовак», «не буду заклікаць да эканамічных санкцый» — гэта сталае запазненне. Патрэбныя рашучыя дзеянні, якія ўжываліся ў іншых краінах, іншымі дэмакратычнымі рухамі, якія змагаліся супраць дыктатарскіх рэжымаў.

- Якія метады вы бы параілі?

- «Акупацыйны страйк» - калі ўлады будуць лютаваць на вуліцах, значыць, рабочыя прадпрыемстваў могуць узяць уладу ў свае рукі, забяспечыць ахову, бяспеку, не пускаць прадстаўнікоў сілавых структур на тэрыторыю свайго прадпрыемства. Для гэтага там могуць быць створаныя дружыны, якія будуць хадзіць з арматурай у руках і не пусцяць ніякіх сілавікоў на прадпрыемства. Так пачыналася «салідарнасць» у Польшчы, такія метады ўжываліся неаднаразова. Акупацыйныя забастоўкі могуць праводзіць таксама студэнты.

Яшчэ адзін момант - блакаванне трас. Не дарог у горадзе, што не заўсёды можа быць апраўданае, а менавіта трас. Блакаванне з дапамогай сельскагаспадарчай тэхнікі, рэальных барыкад, каб спыніць гвалт і вызваліць палітычных зняволеных. Можа мець месца блакаванне чыгунак. Вядома, гэта крайнія захады, але калі ўлады не спыняць гвалт, трэба разглядаць і такія метады. Акрамя таго, трэба рыхтавацца да ўсеагульнага страйку і прыпынення ўсіх прадпрыемстваў.

Сваімі выступамі супраць жанчын, пенсіянераў, самых святых рэчаў, якія і азначаюць цывілізаванасць дзяржавы, улады паказваюць, што яны блізкія да фашыстаў, ім пляваць на ўсё святое. Значыць, супраць іх будуць ужывацца метады, якія я ўжо назваў, але і гэта далёка не ўсё.

У гэтым плане людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, часцяком незадаволеныя людзьмі-сімваламі, якія знаходзяцца за мяжой і не разумеюць рызык дэманстрантаў. Адказ Ціханоўскай на заклік мужа «дзейнічаць больш жорстка» ў стылі «ой, я баялася, што вам будзе горш», менавіта гэтая інфантыльнасць, неразуменне сітуацыі, неразуменне, што вядзе да сапраўдных пакут, зацягнула нашы пратэсты.

Пратэсты павінны заставацца мірнымі, але быць рашучымі. Трэба выкарыстоўваць самыя перадавыя тэхналогіі барацьбы з дыктатурамі і абароны правоў працоўных у самых розных краінах.

Задача лідараў, сімвалаў, дыяспары за мяжой павінна зводзіцца да аднаго - давядзенне да лідараў краін дэмакратычнага свету патрабавання аб неабходнасці ўвядзення эканамічных санкцый супраць фашысцкага рэжыму Лукашэнкі. Толькі санкцыі, страйкі, перакрыцці транзітных дарог, пратэсты, сабатаж, змогуць спыніць шалёны гвалт у краіне. Трэба аператыўна ўжываць захады, якія адпавядаюць складанасці сітуацыі. Аднак яшчэ раз адзначу, што пратэст павінен заставацца мірным.

- Толькі што з'явілася інфармацыя аб тым, што Святлана Ціханоўская заявіла аб ультыматуме рэжыму Лукашэнкі.

- З тэксту відаць, што гэта ўжо вельмі сур'ёзная заява. Гэта менавіта тое, чаго вельмі даўно чакалі ўсе беларусы. Я цалкам падтрымліваю Народны Ультыматум.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках