25 красавiка 2024, Чацвер, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Лукашэнка атрымаў «чорную пазнаку» з Крамля

61
Леанід Заіка: Лукашэнка атрымаў «чорную пазнаку» з Крамля
ЛЕАНІД ЗАІКА
Фота: onliner.by

Сітуацыя нашмат больш сур'ёзная, чым раней.

Расея з 1 студзеня на дзяржаўным узроўні спыніла падачу нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Нягледзячы на тое, што пастаўкі былі часткова адноўленыя ў прыватным парадку, на ўзроўні дамоваў паміж суб'ектамі гаспадарання, можна канстатаваць, што ўпершыню на пачатак года афіцыйны Менск застаўся без пагаднення з РФ у коштах на нафту.

Пра кошты на газ таксама атрымалася дамовіцца толькі на першыя два месяцы 2020 года.

На фоне гэтага Менск спыніў экспарт нафтапрадуктаў, баючыся дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку.

Якія наступствы для беларускай эканомікі можа мець чарговая «нафтавая вайна» Крамля і Менска? На пытанні Charter97.org адказвае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка.

– Напярэдадні 1 студзеня Лукашэнка ўпершыню не здолеў дамовіцца з РФ пра кошт на нафту на наступны год. Як Вы пракаментуеце гэтую сітуацыю?

– Я стары чалавек і таму многае ведаю. Гэтая сітуацыя – другая за ўсю гісторыю існавання ўлады Лукашэнкі.

Першая вядомая толькі спецыялістам. Першы выпадак, калі спынілі пастаўку нафты, адбыўся яшчэ ў часы Ельцына, які рэзка адрэагаваў на арышт у Беларусі Паўла Шарамета. Ельцын тады казаў: «Адпусціце Шарамета!»

А Лукашэнка не слухаў ніякіх расейскіх, ельцынскіх заклікаў. І тады спынілі пастаўку нафты з РФ літаральна на некалькі гадзінаў. У выніку цягам дня Шарамета вызвалілі – і нафта зноў пайшла.

Гэта значыць, тое што адбываецца – гэта крайні захад, які расейцы ўжываюць для беларускага кіраўніцтва. І цяпер мы бачым другі такі выпадак. Таму, без перабольшання, усё гэта вельмі сур'ёзна: Лукашэнка атрымаў «чорную пазнаку» з Крамля. Спыненая падача нафты – гэта самая сапраўдная «чорная пазнака», і выбрацца з гэтай сітуацыі яму будзе вельмі цяжка.

– Чаго Расея хоча на гэты раз?

– Як кажуць у нас на рынку: «ткнуць фэйсам аб тэйбл». Гэта абсалютна выразная трасероўка, каб Лукашэнка ведаў сваё месца, памятаў, што, у прынцыпе, цяпер усе вагары эканамічнай улады знаходзяцца ў Расеі.

Лукашэнка не слухаў спецыялістаў, ён не слухаў і быў неасцярожны ў энэргетычнай палітыцы. Ён асабіста пасадзіў Беларусь на наркатычную іголку – газавую і нафтавую. Калі тарыфы на газ потым кампенсуюцца ўжо гатовай прадукцыяй, проста павялічваюцца беларускія экспартныя кошты, то з нафтай усё нашмат больш складана.

Нафта – гэта інтарэсы ўсіх тых атачэнцаў вакол Лукашэнкі. На гэтай нафце некаторыя расейскія алігархі і далучаныя да іх беларускія акружэнцы зараблялі вельмі сур'ёзныя грошы. Цяпер яны знаходзяцца ля разбітага карыта.

Таму Міхаіл Гуцарыеў і паспрабаваў выявіць «сяброўскія пачуцці» і дапамагчы, але гэта проста смешна, бо ўсё, што ён зможа зрабіць, – гэта даць 100–120 тысячаў тонаў, а месячная норма перапрацоўкі ў Беларусі складае прыкладна 2 мільёны тонаў.

Гуцарыеў паставіць свае 120, няхай нават 200 тысячаў тонаў, але немагчыма столькі паставіць, колькі трэба для беларускіх НПЗ. Гэта будзе 5–10%. Такім чынам, на сёння Беларусь пазбаўленая 90% нафты.

– Што, на Вашу думку, будзе з беларускай эканомікай і якія гэта можа мець палітычныя наступствы?

– Уласна кажучы, цяпер уключаем прафесіянала-эканаміста. Значыць, пакуль яшчэ тэхнічныя запасы – для таго, каб працавалі нафтаправоды, па нафтаправодах жа таксама ідзе нафта. Нейкія мінімальныя запасы ёсць.

Але ў Беларусі небяспека ўзрастае з кожным днём. На сёння Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў. А гэта было да 40% усяго экспарту ў найлепшыя гады. Таму рэзка будуць падаць валютныя прыбыткі. Гэта сапраўды прывядзе да паслаблення беларускага рубля.

Гэта таксама можа прывесці да цэлай серыі негатыўных працэсаў, якія будуць развівацца вельмі хутка. Пакуль, звярніце ўвагу, Беларусь не прадае нафтапрадукты, а ўсё, што ёсць, кідае на ўнутраны рынак. Нам трэба прыкладна 6 мільёнаў тонаў нафты за год, гэта 500–600 тысячаў тонаў на месяц. Калі сітуацыя будзе прадаўжацца ў такім жа духу, то гэта практычна абваліць унутраны рынак і абваліць валюту.

Давайце цяпер паглядзім на палітычны складнік. Крамлю, вядома, абвальваць беларускую эканоміку сэнсу няма. Другі момант, рабіць з Лукашэнкі нейкага «абаронцу беларускага суверэнітэту» – гэта, сама менш, глупства. Дарэчы, калі гэта робіць нехта з людзей, якія называюць сябе «апазіцыяй» – гэта ўвогуле глупства ў квадраце.

Таму я думаю, што Крэмль будзе дзейнічаць паволі – як гэта рабілі на допытах у НКУС. Паволі будуць біць Лукашэнку малатком па пальцах.

– Што трэба зрабіць Беларусі, каб нарэшце злезці з расейскай «нафтагазавай іголкі»?

– Лукашэнку падаць у адстаўку, урад адправіць на Канарскія выспы, разагнаць усю гэтую камарыллю і паставіць нармальны, годны ўрад.

«Прэзідэнцкая» рэспубліка – гэта ўвогуле нонсэнс. Тут радыкальныя захады патрэбныя. Праблему ні прэм'ер-міністр, ні хто іншы з цяперашніх не развяжа. Лукашэнка можа «развязаць праблему» толькі ў адным выпадку: калі ён будзе строга і няўхільна выконваць загады маёра Пуціна.

Крэмль уважліва пралічыў сітуацыю, узяў да ўвагі, так бы мовіць, і ацэнкі спецслужбаў, і іншае. Ціснуць суверэнітэтам, прыбіраць беларускі суверэнітэт у гэтай сітуацыі не прафесійна, яны гэтага рабіць не будуць. Яны проста будуць «нармальна» весці допыт, так бы мовіць, трымаць Лукашэнку ў зусім кіраваным выглядзе.

Гэта для іх – простая задача. Дарэчы, трэба сказаць, што многія беларускія палітыкі даўно чакалі такой сітуацыі.

Але Крэмль стаў рабіць гэта, не ідучы насустрач дэмакратычным сілам Беларусі за нейкімі прынцыпамі свабоды і дэмакратыі. Ён усё гэта стаў рабіць абсалютна як гаспадар у доме. Крэмль пачаў працаваць на сябе. Яму надакучылі ўсе гэтыя песні і танцы.

А што тычыцца «інтэграцыі», «саюзнай дзяржавы», то можаце звярнуць увагу, што ў дзень чэкіста, 20 снежня, Пуцін ніякіх размоваў на гэтую тэму не вёў з Лукашэнкам. І ўвогуле гэта зразумела. У Крамлі будуць рабіць тое, што мяркуюць найбольш выгадным у перспектыве. Вось такая ацэнка.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках