19 красавiка 2024, Пятніца, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аранжавы настрой

27
Аранжавы настрой
ІРЫНА ХАЛІП

У новым годзе мы даможамся таго, пра што марылі дзесяцігоддзі.

Усе гэтыя гады мандарыны гарчылі, шампанскае не іскрылася і аддавала кіслым, віншаванні гучалі натужліва, а надзеі не было. Кожны раз у снежні даводзілася па-мюнхгаўзенаўскі выцягваць сябе за валасы з акіяна безнадзейнасці, каб сказаць ці напісаць што-небудзь аптымістычнае.

У кожнага з нас быў свой уласны цяжкі перыяд няверы ў магчымасць пераменаў і нават недаверу – да ўласных сілаў, да ўласнага народу, да ўласных ведаў. Кожнаму? Пякельныя снежні за апошнія гады. Новы год у турме. Новы год у калоніі. Новы год у эміграцыі. Новы год у адзіноце. Новы год у чужой краіне. Новы год у безграшоўі. Новы год у хваробе і няўпэўненасці. Новы год пасля пахавання. Новы год без веры ў лепшае. У кожнага з нас быў свой уласны невыносны Новы год, а ў многіх – і не адзін. У мяне таксама. Але даводзілася быць аптымісткай, таму што многім было нашмат горш. Я прывыкла, жыць можна.

Але сёлета ў мяне ўпершыню не было пачуцця горычы ў снежні. Так, без стратаў не абышлося, як не абыходзіцца без іх ні адзін год. Смутак і спачуванні – на жаль, такая ж неабходная частка нашага жыцця, як і святы. Але ўпершыню за дзевяць гадоў, з таго самага 19 снежня 2010 года, які стаў найвышэйшай кропкай нашай барацьбы і за якім рушыла знішчэнне людзей, сем'яў, перакананняў, самога паветра, так што немагчыма было дыхаць, – мне не давялося выцягваць сябе з безнадзейнасці.

Упершыню амаль за дзесяцігоддзе ў канцы года засталося дзівоснае адчуванне, што мы вярнуліся да сябе, ранейшых і бясстрашных, што цяпер у нас значна больш сілаў, чым раней, і што ў новым годзе мы сапраўды даможамся таго, пра што марым ужо не гады – дзесяцігоддзі . І гэта не проста імгненнае адчуванне, выпадкова ўзніклае праз шампанскага пад елкай, што растворыцца разам з бурбалкамі пеністага. Яму папярэднічала многае.

Па-першае, восеньская палітычная кампанія. У рамках збору подпісаў многія з нас абышлі тысячы кватэраў і дамоў беларусаў і пераканаліся: падтрымка Лукашэнкі блізкая да статыстычнай хібнасці. У 95 адсоткаў беларусаў нават фізіялагічная рэакцыя на гэтае прозвішча блізкая да алергічнай: людзі пачынаюць кашляць, адплёўвацца, міжвольна прамаўляць нецэнзурныя словы і выразы. А тое, што многія з іх запалоханыя, – папраўна. Галоўнае, што прыцэлы не збітыя, арыенціры не зблытаныя, пачуцці не зніклі.

Па-другое, акцыі пратэсту, якія аднавіліся цяперашняй восенню з рэгулярнасцю, вартай зайздрасці. Успомніце: публічнае абмеркаванне на плошчы Свабоды фільма «Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы» 8 лістапада, сустрэчы вольных людзей 15 і 16 лістапада, акцыі ў абарону незалежнасці 7, 8, 20, 21 і 29 снежня. Восем акцый пратэсту за два месяцы, прычым за два самыя цёмныя, змрочныя, дэпрэсіўныя месяцы, калі хочацца жыць пад коўдрай і не выходзіць на вуліцу ў прынцыпе. Хай не такіх масавых, як калісьці, дык жа гэта толькі пачатак – мы зноў вучымся хадзіць нанова пасля траўмы. Пасля цяжкай масавай траўмы. Глядзіш, да лета і разыходзімся, праўда?

Па-трэцяе, новае праз дваццаць гадоў сведчанне ўдзельніка выкраданняў і забойстваў палітыкаў і журналістаў. Усё, што сказана ад першай асобы – з датамі, прозвішчамі, падрабязнасцямі, – гэта аснова той самай крымінальнай справы, ад якой не зможа адмахнуцца ніхто. І хай пакуль яшчэ ў свеце галоўнага заказчыка злачынстваў называюць «нелегітымны, але дзейны», – пасля агучаных сведчанняў нелегітымнасць стане зусім не галоўнай ягонай праблемай. А вось казаць «забойца, але дзейны» наўрад ці павернецца язык нават у чэмпіёнаў real politik.

І, нарэшце, па-чацвёртае, людзі. Вядома, людзі. Ветэраны супраціву, якіх зноў пачалі саджаць, правялі навагоднія святы ў турме і выйшлі адтуль з вясёлай злосцю і жаданнем прадаўжаць да канца гэтую цяжкую, няўдзячную і безграшовую працу. Маладыя людзі, якія ў апошнія месяцы мінулага года з'явіліся ўсюды і ў вялікіх колькасцях, прыйшлі на вуліцы, у апазіцыйныя структуры, у благасферу; пачалі выкрываць злачынствы мінулага і фальсіфікацыі апошніх выбараў; убачылі сваю будучыню не за мяжой, як раней, а ў Беларусі. І тыя, і іншыя, як высветлілася, выдатна знаходзяць агульную мову, калі бачаць агульную мэту. А мэта – вось яна, зусім блізка.

Таму і не было адчування горычы ў гэтыя навагоднія дні і ночы, а толькі свята і цвёрдае веданне, што сёлета ўсе зменіцца. Ялінка сыпала ігліцу, шампанскае іскрылася, старыя сябры тэлефанавалі, блізкія былі побач і здаровыя. А мандарыны зноў былі сакавітымі і аранжавымі і пахлі па-навагодняму і па-сапраўднаму, як заўсёды бывае, калі наперадзе радасць і змены да лепшага.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках