У Эстоніі спрасцілі наданне грамадзянства народжаным у краіне дзецям
3- 28.01.2020, 14:48
- 13,209
Законапраект падтрымалі 64 дэпутаты ў 101-мясцовым парламенце.
Парламент Эстоніі прагаласаваў у канчатковым, трэцім чытанні за законапраект, які дазваляе падаць заяву аб атрыманні грамадзянства ў спрошчаным парадку дзецям з сем'яў «шэрых пашпартоў» і грамадзян трэціх краін.
Пра гэта паведамляе Delfi.
Законапраект падтрымалі 64 дэпутаты ў 101-мясцовым парламенце, супраць прагаласавалі 26 дэпутатаў. Закон набудзе моц праз 10 дзён пасля публікацыі яго тэксту ў дзяржаўным рэестры законаў.
З моманту ўваходжання ў дзеянне законапраекта грамадзянамі Эстоніі змогуць стаць таксама і тыя дзеці, у каго толькі адзін з бацькоў (альбо бабуля ці дзядуля) з'яўляюцца ўладальнікамі «шэрага пашпарта» і пражывалі ў краіне з 20 жніўня 1991 года.
Цяперашняе заканадаўства прадугледжвае атрыманне ў спрошчаным парадку грамадзянства Эстоніі дзецьмі з сем'яў, у якіх абодва бацькі з'яўляюцца ўладальнікамі «шэрых пашпартоў».
«Шэрыя пашпарты» маюць не грамадзяне Эстоніі - асобы, якія не маюць эстонскага грамадзянства, але пражываюць на тэрыторыі Эстоніі. Статус гэтых людзей рэгулюецца «Законам аб іншаземцах» Эстонскай Рэспублікі ад 1993 года. Большасць не грамадзян - гэта былыя грамадзяне СССР, якія пражывалі на тэрыторыі Эстоніі і не атрымалі яе грамадзянства пасля распаду СССР.