29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат»: З самалёта, які пасадзілі ў Гародні, знялі экс-«сенатараў»

35
«Белсат»: З самалёта, які пасадзілі ў Гародні, знялі экс-«сенатараў»

Магчыма, іх затрымалі разам з іх сем'ямі.

Крыніцы «Белсата» паведамляюць, што сярод знятых з мюнхенскага рэйса пасажыраў былі экс-члены так званага савета рэспублікі чацвёртага склікання Міхаіл Крыштаповіч і Пётр Руднік.

Інфармацыю аб затрыманні Міхаіла Крыштаповіча асобна пацвердзілі таксама некалькі крыніц «Прессбола».

Афіцыйнай інфармацыі пра прычыны зняцця пакуль няма.

Імаверна, Міхаіла Крыштаповіча і Пятра Рудніка затрымалі разам з іх сем'ямі.

«Людзі ў зялёнай форме - магчыма, памежнікі - выклікалі некалькі пасажыраў, шасцярых: дваіх з адной сям'і, чатырох - з другой, калі не памыляюся. Вывелі іх з рэчамі на вуліцу. Абшукалі месцы, дзе тыя сядзелі», - распавёў адзін з пасажыраў «Онлайнеру».

На думку пасажыраў, з якімі пагутарылі журналісты Tut.by, сілавікі, што падняліся на борт самалёта ў гарадзенскім аэрапорце, маглі быць прадстаўнікамі МУС, КДБ ці Памежнага камітэта.

Пакуль ніводная з вышэй пералічаных структур ніяк не каментуе сітуацыю. Не даюць ніякіх каментароў таксама ні ў «Белавіі», ні ў гарадзенскім аэрапорце.

Паводле крыніцаў блогера NEXTA, здарэнне адбылося праз тое, што зямлю пад аэрапортам нядаўна далучылі да Кастрычніцкага раёна Менска. У выніку новымі куратарамі аэрапорта сталі прадстаўнікі Кастрычніцкага раённага аддзела Управы КДБ Менску і Менскай вобласці.

«Праз адсутнасць вялікага досведу ўзаемадзеяння з памежнікамі, МУС і службай бяспекі аэрапорта (усяго некалькі месяцаў працы разам) адладжаная раней сістэма дала збой. Давялося ўсё тэрмінова пераглядаць - вяртаць борт і задзейнічаць супрацоўнікаў управы КДБ Гарадзенскай вобласці», - мяркуе Nexta.

Хто такі Міхаіл Крыштаповіч

Нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Брыльках пад Валожынам. Скончыў Кастрамскі тэхналагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Былы дырэктар Нясвіжскага ільнозавода. Цяпер - дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната. Прадпрыемства мноства гадоў з'яўляецца генеральным спонсарам футбольнага клуба «Гарадзея». Менавіта дзякуючы гэтай падтрымцы каманда паспяховая ў эліце беларускага футбола, мяркуе «Прессбол».

«63-гадовы Міхаіл Васільевіч - вялікі прыхільнік футбола», - піша выданне.

У так званым савеце рэспублікі чацвёртага склікання Крыштаповіч уваходзіў у «сталую камісію» ў міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы і ў так званую дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі Арганізацыі ў бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Хто такі Пётр Руднік

Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Аляксееўцы пад Брагінам. Скончыў Дрэздэнскі тэхнічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Генерал-маёр запасу.

Пётр Руднік - былы дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» і былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама. У так званым савеце рэспублікі чацвёртага склікання ўваходзіў у так званую сталую камісію ў рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.

Цяпер Руднік - гендырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно», аднаго з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў у Еўропе.

«Тэхнічная няспраўнасць»

24 студзеня авіялайнер авіякампаніі «Белавія», які ляцеў з Менска ў Мюнхен, развярнуўся над польскім горадам Вроцлавам і вярнуўся ў Беларусь.

Ні пілоты, ні бортправаднікі пра гэта не абвясцілі.

«Проста ціхенька павярнулі назад. За 15 хвілін да прызямлення пілот абвясціў, што праз тэхнічную няспраўнасць мы вымушаныя зрабіць пасадку ў Гародні: тэхнікі пераканаюцца, што ўсё добра, нас заправіцца, і мы паляцім. Чаму не ва Вроцлаве, калі сапраўды няспраўнасці, - незразумела», - распавёў адзін з пасажыраў.

Пасля таго, як з борта знялі шэсць чалавек, самалёт заправілі і ён узяў курс да месца прызначэння.

З улікам затрымкі вылету самалёта з Менска на тры гадзіны падарожжа заняло 8,5 гадзін замест звычайных дзвюх. За ўвесь гэты час, кажуць пасажыры, іх не пакармілі. У самалёце былі пасажыры з дзецьмі.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках