Самалёт, які ляцеў з Менска ў Мюнхен, развярнулі пад Уроцлавам
43- 25.01.2020, 16:00
- 122,986
Лайнер здзейсніў пасадку ў Гародні.
У Гародні ў пятніцу, 24 студзеня, зрабіў пасадку самалёт «Белавія», які ляцеў з Менска ў Мюнхен. Пра гэта tut.by
паведамілі некалькі пасажыраў, якія ляцелі гэтым рэйсам. На сайце flightaware, які дазваляе адсочваць маршруты лайнераў, відаць, што самалёт ужо ў паветранай прасторы Польшчы развярнуўся і зноў вярнуўся ў Беларусь. З паведамленняў пасажыраў, пры пасадцы ў Гародні з борта знялі шэсць чалавек.
Самалёт (рэйс B2899) павінен быў вылецець з Менска ў пятніцу а 12.30. Але вылет затрымаўся. Са звестак flightaware, борт адправіўся а 15.33, гэта значыць са спазненнем прыкладна на 3 гадзіны. Мяркуючы з маршрута руху самалёта на flightaware, EMBRAER 175 амаль даляцеў да Уроцлава, а затым развярнуліся і а 17.39 прызямліўся ў Гародні. У Мюнхен самалёт вылецеў а 19.26, а прыляцеў а 19.01 (у Бэрліне на дзве гадзіны менш, чым у Менску).
Аб затрымцы з вылетам і вяртанні самалёта нам паведамілі адразу некалькі пасажыраў гэтага рэйса (па прылёце ў Мюнхен).
«Спачатку рэйс затрымалі на 3 гадзіны, тлумачачы гэта тым, што была тэхнічная няспраўнасць у сістэме падачы вады (ці нешта звязанае з водазабеспячэннем), - паведаміў адзін з пасажыраў. - У выніку пасажыраў пасадзілі на рэйс, і мы ўзляцелі. Да Мюнхена ляцець блізу 2 гадзін, па сканчэнні прыкладна гэтага часу мы пачалі зніжацца, і якое ж было наша здзіўленне, калі камандзір экіпажа сказаў, што з-за тэхнічнай няспраўнасці мы вымушаныя зрабіць экстранную пасадку ў Гародні».
У «Белавія» сітуацыю пакуль не каментуюць.
«Калі мы селі ў Гародні, экіпаж паведаміў, што тэхнікі будуць разбірацца і пазней нам паведамяць аб далейшых планах. Пры гэтым з самалёта нікога не выпусцілі (у самалёце былі пасажыры з дзецьмі), - працягвае пасажыр. - Як прайшло блізу 20 хвілін у самалёт ўвайшла група памежнікаў і мытнікаў. Памежнік абвясціў праз гучную сувязь аб тым, што цяпер ён назаве 6 чалавек, калі мы пачулі сваё прозвішча, то павінны ўстаць, забраць сваю ручную паклажу і багаж і прайсці з ім».
У памежным камітэце не змаглі аператыўна пракаментаваць сітуацыю.
Пасажыры рэйса распавядаюць, што прыкладна праз 20 хвілін пасля таго, як знялі з рэйса шэсць чалавек, усіх папрасілі выйсці з самалёта ў аўтобус і ўзяць з сабой ручную паклажу, каб лайнер дазаправілі палівам. Са слоў аднаго з пасажыраў, пасля таго як пасажыры вярнуліся на свае месцы, ім абвясцілі, што тэхнічныя няспраўнасці ліквідаваны. «Гэта выклікала аглушальны смех пасажыраў», - распавядае наш чытач, які ляцеў гэтым рэйсам.
«Ніякіх каментароў ад супрацоўнікаў «Белавія» мы так і не атрымалі. Сумарна мы спазніліся дзесьці на 5-6 гадзін, у многіх былі стыкоўкі ў Мюнхене - іх расклад цалкам парушыўся», - распавёў адзін з пасажыраў рэйса Менск - Мюнхен.
Журналісты пацікавіліся ў прэс-службе МУС, ці вядома ім аб вяртанні самалёта і зняцці з рэйса некаторых пасажыраў. Але ім парэкамендавалі звярнуцца па каментар у прэс-службу аэрапорта. У гарадзенскім аэрапорце журналістам не змаглі аператыўна пракаментаваць сітуацыю.