«У Егіпце ведаюць, ад якой атруты памерла мая мама»
12- 25.01.2020, 10:58
- 28,351
Атрыманыя першыя вынікі ў справе загадкавай гібелі беларускай пары ў Шарм-эль-Шэйху.
Егіпецкі бок не паведаміў, чым атруцілася беларуская пара ў Шарм-эль-Шэйху, а ў Менску гатовыя першыя вынікі праверкі, паведамляе kp.by.
- Сёння я ездзіў у Следчы камітэт знаёміцца з вынікамі праверкі, - распавёў сын загінулай у Егіпце турысткі Андрэй. - Смерць наступіла ад вострага атручвання невядомай атрутай, якая суправаджалася паразай шэрагу ўнутраных органаў - печані, нырак, лёгкіх, галаўнога мозгу, сэрца, касцявога мозгу, - і ўскладнілася развіццём недастатковасці мноства органаў. Гэта атручванне мае прыкметы цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
З высноў беларускіх спецыялістаў, вызначыць, як атрута патрапіла ў арганізм, не ўяўляецца магчымым. Яшчэ ёсць вынікі аналізаў на алкаголь і наркотыкі - іх не выяўлена. Таксама выяўленыя прыкметы іншых захворванняў, але яны ніяк не звязаныя з надыходам смерці.
- Адзначу, што следства яшчэ не скончанае, - распавёў Андрэй. - Вядома, што ўчора консула Егіпта ў Беларусі выклікалі ў наша Міністэрства спорту і турызму, дзе ён даваў тлумачэнні аб тым, як ён спрабуе дамовіцца з егіпецкім бокам, каб ён перадаў свае вынікі беларускаму боку. Следчы сказаў, што Егіпет паводзіць сябе цалкам прадказальна - не ў іх інтарэсах раскрываць сапраўдную прычыну смерці. Я ўпэўнены, што ў Егіпце адразу ўстанавілі рэчыва, бо аналізы былі атрыманыя адразу ў шпіталі Егіпта. Я думаю, што ў Егіпце вынікі аналізаў ужо дасканала даследавалі і дакладна ведаюць, ад якой менавіта атруты наступіла смерць. Але, зыходзячы з таго, што яны бачаць, яны не хочуць іх перадаваць беларускаму боку.
Нагадаем, у кастрычніку ў лякарні ў Егіпце памёр 56-гадовы Анатоль, яго 54-гадовая жонка Алена вярнулася дадому і больш за два тыдні лячылася ў лякарні, але лекарам выратаваць яе не ўдалося. А ўсяго за апошнія тры месяцы ў Егіпце памерлі пяцёра беларусаў. Нягледзячы на гэтыя навіны, беларускія турысты не сталі масава адмаўляцца ад адпачынку ў Егіпце.