18 красавiка 2024, Чацвер, 4:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвежскае з белавежскім

43
Нарвежскае з белавежскім
Радовішча JOHAN SVERDRUP, НАРВЕГІЯ.
ФОТА: EPA/EFE

Беларускія чыноўнікі ўжо махалі хустачкамі на прычале ў чаканні «збаўчага танкера».

Танкер з нарвежскай нафтай у Беларусі чакалі так, быццам ён ішоў па Дарозе жыцця. Вядома, у Клайпедскім порце яго не сустракалі аркестрам і хлебам-соллю, але афіцыйныя беларускія медыі рэпрэзентавалі навіну аб заходзе танкера ў порт менавіта так. Збаўчыя 80 тысяч тон нарвежскай нафты, закліканыя загрузіць наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан» і выратаваць суверэнітэт Беларусі, прыбылі ў Клайпеду 22 студзеня.

Кошт нарвежскай нафты беларускія чыноўнікі пры гэтым захоўваюць у глыбокай таямніцы. Эканамісты вымушаныя лічыць прыблізна. Хоць парадак лічбаў усё адно зразумелы. Барэль сёння каштуе блізу 65 даляраў. У тоне 7,28 барэляў. Кошт за тону - 473 даляры. Плюс выдаткі на перапраўку і транспартаванне да «Нафтану» - паводле ацэнак экспэртаў, кошт нарвежскай нафты для Беларусі можа скласці блізу 520 даляраў за тону. Летась Расея пастаўляла нафту ў Беларусь коштам 364 даляры за тону.

Мяркуючы са звестак Белстата, са студзеня да лістапада 2019 года Беларусь закупіла 16,3 мільёна тон нафты, заплаціўшы за іх амаль шэсць мільярдаў даляраў. За ўвесь год - 18 мільёнаў тон пры патрэбнасці ўнутранага рынку 4-6 мільёнаў тон. Індыкатыўны баланс, падпісаны летась, прадугледжваў пастаўкі 24 мільёны тон нафты з Расеі. Вось толькі ў кошце дагэтуль не сышліся.

Дарэчы, у «не хаўрусныя» краіны Расея прадавала нафту па 485 даляраў за тону - гэта сярэдні кошт маркі Urals за мінулы год. Так што парадак лічбаў зразумелы: нафта Беларусі даставалася вельмі танна, а набываць нарвежскую нафту пасля расейскай - вельмі дорага. Штучна стрымліваць кошты паліва больш не атрымаецца. А прэзідэнцкія выбары ў гэтым годзе, так што зусім не ў час уся гэтая нафтавая гісторыя здарылася.

Затое танкер прыйшоў своечасова, згодна з графікам.

Уласна, у гэтым і была яго задача - прыйсці з фанфарамі, прайсціся па подыуме, прадэманстраваць усяму свету, што «не вельмі ўжо і хацелася». Таму што ў рэчаіснасці гэтыя 80 тысяч тон забяспечаць загрузку магутнасцяў «Нафтана» на 2,7 дня. І функцыя гэтай угоды - дэманстратыўная.

ТАНКЕР BREIVIKEN, ЯКІ ДАСТАЎЛЯЕ НАФТУ ДЛЯ «НАФТАНА».
ФОТА: VIKEN SHIPPING

Так у 2010 годзе беларускія чыноўнікі ўжо махалі хустачкамі на прычале адэскага порта ў чаканні танкера з Венесуэлы, пакуль ён баразніў абшары Сусветнага акіяна. Тады Расея ўвяла экспартныя мыты на нафту, і Лукашэнка паляцеў да яшчэ жывога Уга Чавеса. Чавес паабяцаў брацкую дапамогу беларускаму народу, і бакі ўклалі дамову на тры гады на пастаўку 30 мільёнаў тон нафты - па 10 мільёнаў тон за год. Дык вось, нафта ў тым брацкім венесуэльскім танкеры каштавала Беларусі 737 даляраў за тону з улікам перапраўкі і дастаўкі па чыгунцы на мазырскі НПЗ. А яшчэ Беларусь у 2011 годзе закупіла мільён тон азербайджанскай нафты коштам 838 даляраў за тону. Расейская - нават з улікам падатку – каштавала б нашмат танней.

Але венесуэльскі танкер сваю ролю адыграў. Расея як увяла, так і скасавала экспартныя падаткі для Беларусі. Кантракт на тры гады шчасліва паляцеў у смеццевы кошык, тым больш, што тагачасны амбасадар Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес яшчэ ў студзені 2011 года шчыра прызнаўся, што Венесуэла столькі нафты здабыць для Беларусі не зможа, таму будзе дадаткова набываць нафту ў Азербайджана і перапрадаваць Беларусі, каб выканаць умовы кантракту. Але і гэтага ёй рабіць не давялося. Як казаў у 2012 годзе першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка, «венесуэльская і азербайджанская нафта, якую мы набывалі, дала эфект: калі б не было гэтай нафты, то не было б і выгаднага пагаднення з Расеяй, якое мы сёння маем».

Гранічна выразная фармулёўка, няма чаго дадаць.

ФОТА: НАТАЛЛЯ ФЯДОСЕНКА/ТАСС

Цяпер тую ж задачу павінна выканаць нарвежская нафта - прадэманстраваць, што альтэрнатыва ёсць, хай і даражэйшая. А далей - ход за Расеяй. Паводле логікі гэтых дзіўных хаўрусніцкіх стасункаў Масква неадкладна павінна пагадзіцца на ўмовы Менска, кампенсаваць страты ад падатковага манеўру і заліць Беларусь таннай нафтай. Але адрозненне цяперашняй сітуацыі ад усіх папярэдніх крызісаў у тым, што, акрамя нафты, у паветры павіс яшчэ і кошт газу. Не было ў гісторыі такога года, які пачынаўся б без падпісанага кантракту на пастаўкі газу, хай і а 23.59 31 снежня. Цяперашні - першы.

Хоць у астатнім сітуацыя тыповая. Адзін таргуецца пастаўкі нафты на дурніцу і падтрымку сёмага тэрміну, іншы, развязаўшы праблему уласных тэрмінаў, ужо са спартовай цікаўнасці цісне першага, вызначаючы межы. Словам, «абодва горш».

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках