25 красавiка 2024, Чацвер, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: «Карабель» улады атрымаў некалькі сур'ёзных прабоінаў

32
Яўген Афнагель: «Карабель» улады атрымаў некалькі сур'ёзных прабоінаў
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ

Крэмль хоча адхіліць дыктатара, але вызначаць лёс краіны павінен беларускі народ.

Спецыялісты падлічылі, што кожная тона нарвежскай нафты, якую беларускія ўлады набылі пасля спынення паставак на НПЗ сыравіны з Расеі, будзе каштаваць на $ 130 даражэй.

Між тым і эканамісты, і палітолагі сцвярджаюць, што нафтавы «эмірат» Лукашэнкі скончыўся, і Беларусі давядзецца набываць «чорнае золата» паводле рынкавых коштаў. На карысць гэтага сведчыць і неаднаразова агучаная ацэнка новага ўрада Расеі ў якасці прагматыкаў, не схільных прадаўжаць палітыку «нафтавай халявы» для Лукашэнкі.

Беларускі дыктатар на днях правёў маштабныя перастаноўкі ў сілавым блоку, падчас якіх абвесціў новым кіраўнікам Мінабароны, Рады бяспекі і Генштаба, што прызначэнні выкліканыя «няпростым часам».

Што можна сказаць пра сітуацыю, у якой апынулася беларуская ўлада і як будуць развівацца далейшыя падзеі?

На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

– 21 студзеня Лукашэнка правёў экстраную нараду ў пытаннях экспарту нафты. Як Вы ацэньваеце сітуацыю, у якой апынуўся беларускі дыктатар праз адсутнасць паставак нафты з РФ?

– Відавочна, што пытанне кошту на нафту ў гэтых перамовах не галоўнае і не першаснае. Таму што і нафта з Казахстана, і нарвежская нафта, і нафта з любой іншай кропкі зямнога шара будзе каштаваць даражэй, чым расейская нафта. Гэта значыць, мы разумеем, што гандаль паміж Пуціным і Лукашэнкам ідзе не пра нафту. Гэта – толькі адна з нагодаў.

Зразумела, што Крэмль цісне на Лукашэнку, выкарыстоўваючы тыя вагары, якія беларускі дыктатар сам уручыў яму ў рукі. І галоўны вагар – гэта татальная залежнасць Лукашэнкі ад Расеі.

Мэта гэтага ціску, хутчэй за ўсё, палітычная. Некаторыя СМІ ўжо пісалі пра тое, што задача Пуціна – захаваць статус-кво ў Беларусі, але пры гэтым правесці транзіт улады ад Лукашэнкі да якога-небудзь яго пераемніка, які будзе дакладна так, як і Лукашэнка, выконваць волю Крамля, але будзе больш прадказальны і не будзе выклікаць такой моцнай алергіі ні ў беларусаў, ні ў расейскіх уладаў.

Таксама зразумела, што для Лукашэнкі любая страта ўлады, хай нават гэтая ўлада пяройдзе да ягонага пераемніка, смяротна небяспечная. Ён нажыў сабе занадта шмат ворагаў і ўнутры краіны, і за яе межамі, і сярод уплывовых людзей. Як толькі ён страціць уладу – адразу давядзецца адказваць і за забойствы апазіцыйных палітыкаў, і за рэпрэсіі, і за крадзеж грошай, і за знішчэнне эканомікі, і за многае іншае.

Для нас жа самае непрыемнае – гэта тое, што ў гэтай схеме адсутнічае беларускі народ як суб'ект. Наша задача – вярнуць гэтую суб'ектнасць. Дамагчыся таго, каб лёс Беларусі вызначаўся не за зачыненымі дзвярыма, не праз нейкія кулуарныя дамоўленасці, не асобамі, якія да нашай краіны ўвогуле не маюць ніякага дачынення, а каб яго вызначалі самі беларусы. Вяртанне суб'ектнасці – гэта ключавая задача і для апазіцыі, і для народа – ды і ў цэлым гэта гарантыя выжывання беларускай нацыі як такой.

Бо калі нацыя не мае палітычнай суб'ектнасці і не можа ўплываць на сваё жыццё, сваё развіццё і сваю будучыню, то ў такой нацыі няма будучыні. Размова цяпер ідзе менавіта пра гэта: пра вяртанне беларускаму народу права вызначаць свой лёс.

– Калі справы і далей так пойдуць, чым гэта можа скончыцца для эканамічнай сістэмы Лукашэнкі? Наколькі хопіць у яе «запасу трываласці»?

– Казаць пра «запас трываласці» гэтай сістэмы – усё роўна, што абмяркоўваць трываласць карабля, які ўжо атрымаў некалькі сур'ёзных прабоінаў і ідзе да дна. Прычым знаходзіцца карабель гэты пад камандаваннем капітана, які не ведае, як ім кіраваць. Таму прагназаваць яго «запас трываласці» – няўдзячны занятак.

Магчыма, Лукашэнка пра нешта дамовіцца, магчыма, крыху падоўжыць час свайго існавання, але развязаць ключавыя праблемы, якія стаяць перад краінай ён не ў стане. Ніякага «запасу трываласці» ў яго няма, усё, што яго трымала на плыву – гэта велізарныя расейскія датацыі. Абмяркоўваць «запас трываласці» дыктатара – прыкладна тое самае, што абмяркоўваць, ці зможа наркаман пражыць без звыклай «дозы».

Нам трэба абмяркоўваць, як заваяваць рэальную незалежнасць, як вярнуць сабе права кіраваць сваёй краінай, як вярнуць сапраўдныя і сумленныя выбары, як змяніць уладу. Гэта тое, што хвалюе пераважную большасць беларусаў, гэта галоўная праблема краіны, ад развязання якой залежыць усё астатняе.

– Але ж рост пратэставых настрояў, у тым ліку і сацыяльных пратэстаў – адзін з чыннікаў, які можа спрацаваць у бок змены ўлады. Ці можа сітуацыя выйсці з-пад кантролю Лукашэнкі настолькі, што эканамічныя праблемы пачнуць нарастаць лавінападобна і выклічуць сацыяльныя пратэсты?

– Хачу прывесці прыклад, з якім мы самі нядаўна сутыкнуліся. Некалькі дзён таму я і мае сябры ездзілі ў Оршу сустракаць нашага Змітра Казлова (блогер «Шэры кот» – рэд.), якога павінны былі выпусціць з турмы. Мы прывялі ў горадзе амаль дзень, мы размаўлялі з аршанцамі, бачылі, чым жыве горад.

Нам адкрыта казалі, што заробак – 200 рублёў, а калі атрымліваеш 300 рублёў – мяркуй, што табе вельмі моцна пашанцавала. Аршанцы, мужчыны 30–40 гадоў казалі нам, што летам яны едуць працаваць у Расею, таму што тут працы няма. Нам казалі, што мясцовыя прадпрыемствы тыднямі прастойваюць, і працоўных адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. Нам апавядалі, што няма чым карміць сем'і.

А Орша ж – гэта буйны райцэнтр, чыгуначны вузел, дзе вельмі шмат прадпрыемстваў, ільнозавод, авіярамонтны завод. Гэта горад, куды некалькі разоў прыязджаў Лукашэнка, калі вы памятаеце, яшчэ ў мінулым, пазамінулым годзе. Усе, абсалютна ўсе казалі, што ніякіх перспектываў нават у такім горадзе няма. Ні ў плане працы, ні ў плане развіцця бізнэсу або яшчэ чаго-небудзь. Няма проста – і ўсё.

Другі прыклад (нават не прыклад, а адна з тэмаў размоваў таксістаў і кіроўцаў) – гэта тое, што будзе даражэць бензін. Гэтыя размовы ідуць ужо па ўсёй краіне, я не толькі пра Менск кажу. Будзе даражэць бензін – будуць даражэць усе тавары. Сёлета варта чакаць росту коштаў на ўсё. І не толькі таму, што Лукашэнка не дамовіўся з Расеяй, а проста таму, што паступова па ўсёй краіне эканоміка рухаецца да калапсу. Усе гэта бачаць і ўсе гэта разумеюць.

Таму натуральна, што эканамічныя і сацыяльныя праблемы – гэта і галоўны галаўны боль дыктатара, і тое, што больш за ўсё хвалюе людзей у Беларусі. Прычым і ў адносна «прыкормленым» Менску, і ў рэгіёнах, дзе ёсць заробкі 70–100 рублёў.

– У гэтай сітуацыі Лукашэнка правёў сур'ёзныя перастаноўкі ў сілавым блоку. Навошта дыктатар гэта зрабіў і ці будзе ад гэтага эфект?

– Зразумела, што перастаноўкі ў год выбараў робяць не ад добрага жыцця. Зразумела, што чыноўнікі рознага ўзроўню ўсё-ткі размаўляюць паміж сабой пра перспектывы, у тым ліку і пра перспектывы змены ўлады. Не можа быць, каб такія размовы не вяліся.

Зразумела, што для Лукашэнкі, які вельмі баіцца замоваў, такая інфармацыя з'яўляецца вельмі страшнай, што пацвярджаюць падобныя перастаноўкі ў такі момант. Хачу падкрэсліць менавіта важнасць моманту: скончыліся парламенцкія «выбары», на носе прэзідэнцкія.

Гэта значыць, што дыктатар не ўпэўнены ў сваім асяроддзі. Ён разумее, што яму няма на каго спадзявацца. Ён мяняе людзей, тасуе іх, таму што ў ягоным разуменні гэта «засцеражэ» яго.

Але ці засцеражэ – гэта вялікае пытанне. Досвед іншых дыктатараў паказвае, што ў пэўны момант менавіта найбліжэйшы асяроддзе навыперадкі бяжыць здаваць свайго кіраўніка. Тое самае будзе і ў Беларусі.

– У чым адрозненне палітычнай сітуацыі ў Беларусі ад перадвыбарных месяцаў у мінулыя кампаніі? Ці будзе 2020 год для нашай краіны вызначальным?

- Ацэньваючы сённяшнюю сітуацыю, хачу сказаць, што яшчэ адна прычына гучных адставак чальцоў урада, змены ключавых фігураў у атачэнні Лукашэнкі – гэта тое, што яны пацярпелі паразу на выбарах.

Фактычна, яны пацярпелі паразу на апошніх парламенцкіх выбарах – і я тут кажу не пра намаляваныя лікі, а пра рэальную яўку. Мы два месяцы знаходзіліся на вуліцах многіх гарадоў – і Менска, і абласных цэнтраў, і шэрагу раённых цэнтраў. Мы бачылі рэальныя настроі людзей. Мы проста шукалі прыхільнікаў Лукашэнкі, каб паглядзець на іх – і не знаходзілі.

З тысячы абыдзеных кватэраў 5-6 чалавек казалі: «Так, мы за гэтую ўладу». Але гэта былі альбо маргіналы, альбо проста неадэкватныя людзі. Рэальных прыхільнікаў у Лукашэнкі няма, і ён гэта разумее.

Таксама ён разумее, што ягоныя чыноўнікі не справіліся з элементарнай задачай: забяспечыць прынамсі мінімальную яўку на апошніх выбарах, забяспечыць прынамсі элементарны давер гэтай уладзе, прынамсі ў рамках статыстычнай хібнасці. І гэта было немагчымым, нават такая простая задача апынулася недасяжнай. Таму паляцелі галовы Мясніковіча, Качанавай і многіх іншых.

І зыходзячы з апошніх аб'ектыўных падзей – праз адсутнасць дамоўленасцяў з Расеяй у тым ліку, праз праблемы з заробкамі, праз эканамічны крызіс – да прэзідэнцкіх выбараў дыктатар падыходзіць яшчэ ў больш складанай сітуацыі. Ён сам увесь час, у кожным выступе, кажа пра няпросты час, пра цяжкую сітуацыю.

Гэта значыць, як бы ён сябе ні супакойваў новымі прызначэннямі і ліпавымі лічбамі, якія малююць на выбарах, нават ён разумее, што яму будзе вельмі цяжка. Што гэты год для яго найбольш складаны. Ён жа сам пра гэта кажа амаль у кожным выступе. І гэта значыць, што ў нас ёсць аб'ектыўная магчымасць і добры шанец змяніць уладу ўжо ў гэтым годзе.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках