28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавы эмірат Лукашэнкі – усё

16
Нафтавы эмірат Лукашэнкі – усё

Вось яна, іронія лёсу і геапалітыкі.

Сапраўды «рэвалюцыйную» задачу паставіў учора Лукашэнка. «Трэба ісці да таго, што 30–40% мы будзем набываць нафты ў Расейскай Федэрацыі. Адсоткаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і адсоткаў 30 праз Украіну – правераны ўжо шлях», – заявіў кіраўнік на нарадзе ў экспарце нафтапрадуктаў у Менску, піша ў артыкуле на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

«Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расея пагодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш хаўруснік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага хаўрусніка», – лагодна паскардзіўся Лукашэнка.

Ды ўжо ж, вось вам і еўразійская інтэграцыя, вось вам і гандаль без бар'ераў. У выніку для тэрміновага падсілкоўвання нашай нафтаперапрацоўкі, якая пакутуе ад энэргетычных сварак з Масквой, цяпер з Нарвегіі праз літоўскую Клайпеду ідзе 80 тысячаў тонаў (трэба разумець, танкер) нафты Johan Sverdrup.

Раней Літва ўжо запэўніла, што гатовая перавальваць для Беларусі да 3 млн тонаў нафты за год. У пачатку лютага пытанні нафтагазавай альтэрнатывы мае намер абмяркоўваць у Менску кіраўнік літоўскай дыпламатыі Лінас Лінкявічус. Латвія, канкурэнтная з Літвой за грузаплыні, таксама не супраць уключыцца ў працэс.

Вось яна, іронія лёсу і геапалітыкі: да пасінення інтэграваліся з аднымі, а выбаўляюць у цяжкую хвіліну зусім іншыя. Хай не браты, але выразныя справавыя людзі.

...Ды рубель перавоз

Аднак ёсць закавыка: альтэрнатыўная нафта пакуль даражэйшая. Так што дыверсіфікацыя паставак – пытанне не чыста тэхнічнае. З аднаго боку, трэба лічыць выдаткі, каб не вылецець у трубу. З іншага – эканамічная бяспека дзяржавы (каб манапаліст не шантажаваў), мабыць, вартая таго, каб недзе і адысці ад асаблівай бухгалтэрыі.

Беларуская экспертка ў галіне энэргарэсурсаў Таццяна Манёнак сумняваецца, што дыверсіфікацыя паставак у абвешчаных прэзідэнтам прапорцыях можа быць дасягнутая раней за 2024 год, калі скончыцца падатковы манеўр у Расеі, які выводзіць кошт яе нафты для Беларусі на сусветны ўзровень. Ды і пасля гэтага вялікае значэнне будуць мець выдаткі на лагістыку, адзначыла суразмоўца ў каментары для Naviny.by.

Паводле ейных словаў, меркавалася, што пасля заканчэння мадэрнізацыі беларускія НПЗ змогуць эфектыўна перапрацоўваць 24 млн тонаў нафты за год нават паводле сусветных коштаў. «Паглядзім, вядома ж, як гэта будзе рэалізавана», – падкрэслівае эксперт.

Адзначу, што на днях старшыня «савета рэспублікі» Наталля Качанава, пабываўшы на наваполацкім «Нафтане», засталася не вельмі задаволеная ходам мадэрнізацыі. У дадатак цяпер, падобна, яшчэ трэба наскрэбці грошай на яе заканчэнне. На сённяшняй нарадзе кіраўнік дзяржавы выказаўся на гэты конт у сваім стылі: «У свеце грошай мора. Ёсць кіраўнікі канцэрнаў, ва ўрадзе віцэ-прэм'ер, кіраўнікі заводаў – развязвайце пытанні. Не можаце – сыходзьце».

Карацей, пакуль вялікае пытанне, калі скончыцца (тэрміны ўжо пераносіліся, раней хацелі прыгожа закончыць працы да 7 лістапада 2019 года) і наколькі паспяховай апынецца мадэрнізацыя як «Нафтана», так і Мазырскага НПЗ. Прыклады мадэрнізацыі цэментнай галіны, дрэваапрацоўкі, якія да вушэй улезлі ў пазыкі і не могуць выйсці на стабільную працу, натхняльнымі не назавеш.

Калі ўсе яйкі ў расейскай кошыку

Прыбытковасць продажу нафтапрадуктаў шмат у чым залежыць і ад таго, на якія рынкі яны пастаўляюцца, кажа Манёнак. Напрыклад, прэміяльным, хоць і канкурэнтным, з'яўляецца ўкраінскі рынак. І не выпадкова, мяркуе суразмоўніца Naviny.by, што цяпер, калі экспарт нафтапрадуктаў пастаноўлена аднавіць, Беларусь імкнецца выканаць перш за ўсё абавязальніцтвы перад украінцамі.

«Аднак тое, што забарона на экспарт знятая, не азначае, што заўтра стануць выконвацца ўсе кантрактныя абавязальніцтвы», – дадала Манёнак.

Сапраўды, той нафты, што праз свае кампаніі пастаўляе расейскі прыяцель Лукашэнкі Міхаіл Гуцарыеў, вельмі мала. З іншых крыніцаў танкерамі і праз чыгунку надта мала, у дадатак вазіць у цыстэрнах дзіка дорага. Трубу Адэса – Броды ў рэверсным рэжыме таксама хутка не задзейнічаеш. З палякамі дамовіцца пра рэверс з Гданьска яшчэ складаней.

«Ёсць добры прынцып, што ў адзін кошык не складаюць усе яйкі», – заўважыў, кажучы пра нафтавую альтэрнатыву, старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

Шкада толькі, што ў папярэднія два дзесяцігоддзі афіцыйны Менск насуперак гэтаму добраму прынцыпу складваў усе яйкі ў кошык «братэрскай інтэграцыі». У выніку цяпер, калі Масква адмовіла ў ранейшай падтрымцы, настойваючы на небяспечнай для суверэнітэту Беларусі «паглыбленай інтэграцыі», айчынная эканоміка можа зазнаць сур'ёзныя шокі.

Ці стануць ратаваць нафтаперапрацоўку любым коштам?

У новых умовах маржа ад продажу беларускіх нафтапрадуктаў будзе скарачацца, адзначыў у каментары для Naviny.by эканаміст Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Зміцер Крук. Пры гэтым узнікне пытанне, наколькі мэтазгодна двум беларускім НПЗ перапрацоўваць нафту ў ранейшых аб'ёмах.

«Нафтану» не хапае будаўнікоў для своечасовага заканчэння мадэрнізацыі

Паводле словаў эксперта, гэта патрабуе скрупулёзнага падліку з улікам цэлага шэрагу канкрэтных параметраў. Летась (зыходзячы з даступных звестак) беларускія НПЗ «ужо былі на мяжы станоўчай рэнтабельнасці».

«Калі пры новых схемах узровень рэнтабельнасці нафтаперапрацоўкі не сыдзе глыбока ў адмоўную сферу, то, магчыма, кіраўніцтва краіны будзе меркаваць патрэбным падтрымліваць маштабы нафтаперапрацоўкі», – дапускае суразмоўца. Бо на гэтую галіну завязаныя іншыя сферы – ад нафтахіміі да валютнага рынку. Але тады для падтрымкі НПЗ (напрыклад, на ўзор зваротнага акцызу ў Расеі) спатрэбіцца перакройваць бюджэт.

«Цягам двух-трох-пяці гадоў такая схема, калі асноўны ўдар прыме на сябе бюджэт, верагодна, можа існаваць», – кажа эканаміст.

Іншы шлях – гэта структурная перабудова эканомікі. Ён больш балючы, але ў перспектыве дазволіць аслабіць яе залежнасць ад нафты, адзначыў Крук.

Патрэбная альтэрнатыва развіцця

Мяркуючы з радыкальнай задачы, якую паставіў Лукашэнка (не больш за 30–40% нафты з Расеі), Масква прыціснула як ніколі моцна. І хутчэй за ўсё, колькі нарадаў ні праводзь, эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі ўжо не будзе ранейшай. Галіна перастае быць палачкай-ратавалачкай для бюджэту.

У прынцыпе, гэта не катастрофа, а проста вывядзенне беларускай эканомікі з наркатычнага стану, у якім яна знаходзілася доўгія гады, кайфуючы на глебе расейскага энэргетычнага гранту.

У сутнасці, мела месца анамалія, калі краіна без вялікіх запасаў уласнай нафты атрымлівала такія велізарныя барышы за кошт перапрацоўкі расейскай, што аглядальнікі сталі называць Беларусь нафтавым эміратам.

Цяпер жа – ласкава просім у пустэльню рэальнасці! Трэба намацваць не толькі нафтавую альтэрнатыву (яна ў любым выпадку не пракорміць), але і альтэрнатыўную стратэгію развіцця эканомікі, краіны ў цэлым.

Для гэтага мала прызнаць паразу ў авантурнай інтэграцыйнай гульні. Патрэбная яшчэ і палітычная воля для нестандартных, дыскамфортныя пастановаў. Ломка ў любым выпадку будзе цяжкай, таму што ўсё вельмі запушчана.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках