На беларускі адбор да «Еўравізіі-2020» пададзена 95 заявак
- 19.01.2020, 20:55
- 12,688
Сёлета «Еўравізію» прымае Ратэрдам.
Закончаны прыём заявак на беларускі нацыянальны адбор да міжнароднага конкурсу песні «Еўравізія-2020».
Як паведамляе арганізатар нацыянальнага адбору Белтэлерадыёкампанія, паступіла 95 заявак. Сярод прэтэндэнтаў ёсць і вядомыя выканаўцы, якія ўжо спрабавалі прабіцца на «Еўравізію» ў мінулыя гады – Аляксей Грос, Віталь Варанко, Анжаліка Пушнова, Aura, Жанэт.
Усе кампазіцыі ацэніць фокус-група, пасля чаго будуць вызначаныя выканаўцы, якія выйдуць у стадыю жывога праслухоўвання, пішуць naviny.by.
Іх імёны Белтэлерадыёкампанія абяцае назваць не пазней за 22 студзеня.
Само ж праслухоўванне, як чакаецца, пройдзе 27 студзеня. Паводле ягоных вынікаў будуць вызначаныя да 12 фіналістаў. Фінал нацыянальнага адбору ў прамым эфіры канала «Беларусь 1» адбудзецца не пазней за 6 сакавіка.
Сёлета «Еўравізію» прымае Ратэрдам. З 41 краіны, якія будуць удзельнічаць у конкурсе, дзесяць ужо назвалі сваіх прадстаўнікоў.