20 красавiка 2024, Субота, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ЗША вывезлі з РФ ракетныя распрацоўкі СССР

8
Як ЗША вывезлі з РФ ракетныя распрацоўкі СССР
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Адна з самых гучных спецаперацый ва ўсім свеце.

Рэдактар liga.net Пётр Шуклін любіць вывучаць гісторыю спецслужбаў і самых гучных спецаперацый ва ўсім свеце. Вось адна з іх:

У 1980-я на заходзе існавання Савецкага Саюза ягонае кіраўніцтва меркавала неабходным навучыцца прабіваць ракетны шчыт ЗША. Барацьба з Амерыкай – адзінае, што цікавіла чырвоных. Гіганцкія рэсурсы краіны траціліся на спробы абагнаць Вашынгтон. Было прапанавана стварыць міжкантынентальную ракету, здольную абыходзіць амерыканскую абарону. Праграму назвалі "Альбатрос". Уся думка савецкага навукоўцы, увесь геній савецкіх рэспублік быў накіраваны туды. Праект цягнулі з апошніх сілаў. Грошай ужо не было. Але вось-вось жа дагонім Амерыку! Першы выпрабавальны пуск. Другі выпрабавальны пуск. Хутка дагонім!

У год выпрабаванняў СССР разваліўся. Тэхналогію схавалі ў доўгую скрыню. Пакуль да ўлады ў Расеі не прыйшоў Пуцін. Ён аднавіў гонку ўзбраенняў. І падрыхтаваў напрацоўкі, якія неўзабаве апынуліся на стале амерыканскіх выведслужбаў.

НУ НЕ ЛЁТАЮЦЬ ЯНЫ. АМАЛЬ. Крок назад. У 2001 годзе савецкія тэхналогіі вярнулі на стол. "Альбатрос" надалей перайменавалі ў "Авангард". Аднавілі стварэнне ракеты з ядзерным сілавым рэактарам (пазней праект назавуць "Буравеснік"). І іншыя, і іншыя, і іншыя ракеты. Шмат ракетаў, каб перамагчы Амерыку. Расея зноў надумала паганяцца з ЗША. І пачала траціць (і красці ў расейцаў) казачныя грошы на распрацоўку.

У 2004 годзе кіраўнік Генштаба РФ паведаміў пра выпрабаванні "касмічнага апарата, які здольны ляцець з гіпергукавой хуткасцю, здзяйсняючы пры гэтым манеўры". У 2005 пахваліўся ўжо Пуцін: "Распрацоўваем новыя стратэгічныя комплексы, якіх няма ні ў кога ў свеце! Яны будуць працаваць на гіпергуку, змяняць кірунак па курсе і вышыні".

Але ўсе выпрабаванні заканчваліся правалам. Наступныя дзесяць гадоў Расея палохала ўсіх "сакрэтнымі распрацоўкамі", якія не атрымлівалася ўвасобіць у жыццё. Траціліся на гэта велізарныя грошы. У нейкі момант нават расейцам стала сорамна – праект "Авангард" нават думалі зачыніць, але пыха ўзяла верх.

Пыха мае свой кошт. Выпрабаванні "Буравесніка", напрыклад, прывялі да ядзернай катастрофы. "Буравеснік" – гэта страшная зброя. Гэта фактычна "брудная ядзерная ракета". Пад Северадзвінскам у 2018 годзе (дата меркаваная) у ходзе выпрабаванняў такая ракета ўпала ў ваду з пантона. Ну, узяла і ўпала ракета з ядзерным рухавіком. Што надумалі зрабіць расейцы?

Нічога. Цэлы год – нічога не рабілі. Магчыма, думалі. Ракета, паводле словах памочніка дзяржсакратара ЗША, праляжала на дне каля года. Сітуацыю ратавала тое, што рухавік ахалоджваўся вадой. У 2019 годзе расейцы ўсё ж надумалі яе кранам падняць. І адбылася некантраляваная ядзерная рэакцыя. Ядзернае паліва перастала ахалоджвацца вадой. Бум – і сем трупаў (навукоўцы і вайскоўцы). Радыяцыю зафікcавалі нават у Нарвегіі.

А вось "Аванград" у 2018 годзе запусціць атрымалася. Амаль 35 гадоў распрацовак усё ж. Але, да няшчасця для расейцаў, да гэтага моманту ўся тэхнічная дакументацыя ўжо з'ехала ў Вашынгтон.

ДЗЯДЗЬКА СЭМ КАЖА ДЗЯКУЙ. У сакавіку 2018 года Пуцін публічна прадставіў комплекс "Авангард". А ўжо ў траўні тэлеканал CNBC апавёў дэталі праекта са спасылкай на амерыканскія спецслужбы. Расейцам становіцца ясна, што сакрэты з'ехалі. Праз месяц ФСБ ладзіць вялікі пагром у навуковых інстытутах па ўсёй Расеі. Затрыманыя некалькі навуковых супрацоўнікаў, якіх абвінавачваюць... у перадачы тэхналогій савецкіх ракетаў і расейскіх напрацовак бельгійскаму інстытуту. Адтуль інфармацыя перадавалася заходнім спецслужбам.

Амерыканцам сталі даступныя напрацоўкі расейскіх збройнікаў з грыфам "цалкам сакрэтна". Вынікі выпрабаванняў, спробаў і памылак, рашэнне складанасцяў, увесь досвед распрацоўкі яшчэ з часоў СССР.

Як мяркуецца, у ЗША з'ехала ўся тэхнічная дакументацыя на "Авангард", "Кінжал" і Бог ведае што яшчэ. І трэба ж як супала – у 2018 годзе Пентагон замовіў распрацоўку ўласнай гіпергукавой зброі, якая павінна стаць на ўзбраенне ў 2023 годзе. Замест 35 гадоў усё будзе скончана за пяць. Гэта проста геніяльная спецаперацыя і прыклад таго, навошта існуюць спецслужбы.

"ХОПІЦЬ БУХАЦЬ І ТРАПАЦЦА". Увогуле ўся ваенная распрацоўка ў Расеі – гэта адмыў сотняў мільярдаў. Абсалютна вар'яцкія грошы, якія раскрадаюцца. Гонка, якую спрабуе весці Расея, спалучаная з шматмільярднай карупцыяй. Гэта значыць задача такая: скрасці "на зараз і на потым", і, па магчымасці, абагнаць Амерыку. Пра захаванасць сакрэтаў ніхто не думае. ЗША гэтым скарысталіся.

Пасля выкрадання тэхнічнай дакументацыі савецкіх супер-ракетаў у Расеі зрабілі больш жорсткімі правілы выезду за мяжу для супрацоўнікаў навуковых інстытутаў. Напрыклад, у Раскосмасе забаранілі – проста так і напісана ў дакуменце – піць у транспарце; гутарыць з выпадковымі спадарожнікамі; удзельнічаць у палітычных і рэлігійных спрэчках; распускаць язык у нумарах гатэляў і рэстаранах. Дазвол на выезд трэба атрымліваць у кіраўніка.

"Калі вас узялі закладнікам, – піша служба бяспекі Раскосмаса. – Варта не чыніць супраціву і не раздражняць тых, хто вас захапіў. Паспрабуйце як мага больш запомніць пра выкрадальніка, але захоўвайце пачуццё ўласнай годнасці. Пазбягайце абразлівых і правакацыйных заяваў. Бегчы спрабуйце толькі ў тым выпадку, калі ёсць абсалютная ўпэўненасць у поспеху. Ні ў якім разе ініцыятыўна не прапануйце выкрадальнікам ніякую інфармацыю".

У сярэдзіне 2019 года гендырэктар аднаго з сакрэтных навукова-даследчых інстытутаў Расеі на падставе камандзіроўкі выехаў у Еўразвяз. Адтуль даслаў заяву: "Прашу звольніць мяне з пасады з уласнага жадання". І ніхто пакуль дакладна не ведае, што здарылася і чаму. Галоўная версія крамлёўскіх СМІ – навуковец-адміністратар вельмі шмат грошай скраў. Ну так. У гэта можна паверыць. Але не здзіўлюся, калі праз пару дзясяткаў гадоў я раскажу вам дэталі якой-небудзь спецапеpацыі, скажам, "Спадчына СССР" – пра тое, як менавіта амерыканцы выкрадалі савецкія тэхналогіі ў Расеі і як потым паспяхова вывелі сваіх агентаў з краіны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках