29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аддалі пазыку ў заробку – адным з калгасу»

11
«Аддалі пазыку ў заробку – адным з калгасу»
РЫМА КОЦІКАВА З ДЗЕЦЬМІ. ФОТА: АЛЕСЬ ПІЛЕЦКІ, TUT.BY

Гісторыя шматдзетнай сям'і з-пад Лёзна, якую падтрымалі СМІ і неабыякавыя беларусы.

Шматдзетнай сям'і Коцікавых з-пад Лёзна, якая перад Новым годам засталася без заробку і дзіцячай дапамогі, пасля публікацыі tut.by хацелі дапамагчы многія чытачы.

«Людзі былі гатовыя даслаць і пасылкі з рэчамі і прадуктамі, і грашовыя пераводы. Але тым, хто хацеў дапамагчы матэрыяльна, я ветліва адмаўляла. Тлумачыла ім, што мы не прасілі ні ў кога грошай – хацелі толькі, каб калгас аддаў нам тое, што належала: заробак мужа і дзіцячую дапамогу», – кажа Рыма Коцікава.

Рыма кажа, што цяпер матэрыяльнае становішча сям'і палепшылася: ААТ «Рубежніца», дзе працуе механізатарам яе муж Сяргей Каткоў, выплаціла яму 1000 рублёў.

– Гэта рэшта заробку за кастрычнік, а таксама ўвесь заробак за лістапад мінулага года. Праўда, з пазыкай у заробку за гэтыя месяцы гаспадарка разлічылася толькі з адным Сяргеем. Больш ніхто ў калгасе грошай за гэты час не атрымаў.

Шматдзетная сям'я пачала добраўпарадкоўваць кухню, а таксама рамантаваць печку.

– Усё гэта было ў нас у планах ужо даўно. Але паколькі не было грошай, даводзілася адкладаць гэтыя рамонты, – тлумачыць Рыма.

Што тычыцца дапамогі ад неабыякавых людзей, Рыма кажа, што ўсім вельмі ўдзячная, але грошы адмовілася прымаць:

– Не змагла адмовіць толькі некалькім людзям – яны вельмі шчыра хацелі даслаць маім дзецям прыемныя пасылкі. У адной, з Менска, прыйшлі вельмі мілыя сувеніры. А ў іншай – дзіцячае харчаванне: сумесі, кашы, пюрэ.

А яшчэ ў вёску Замшына паедуць прадстаўнікі дабрачыннай супольнасці «Добрае сэрца» і прывязуць дапамогу ўсім вяскоўцам. У гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску да 18 студзеня валанцёры збіраюць прадукты, а таксама падарункі для дзяцей.

– Мне патэлефанавалі з «Добрага сэрца» і сказалі, што хочуць дапамагчы. Я адказала, што калі ёсць такая магчымасць, зрабіце свята не толькі для маіх дзяцей, але і для іншых дзетак з нашай вёскі. Бо і іхнія мамы і таты не атрымліваюць заробкі. Валанцёры пагадзіліся. Цяпер вось чакаем у Замшына гасцей! – кажа Рыма Коцікава.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках