29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Першыя саветы прыехалі да нас, як звяры...»

58
«Першыя саветы прыехалі да нас, як звяры...»
ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

Гарадзенцы ўспамінаюць пра падзеі 1930-х.

«Гісторыі з гарадзенскіх вуліцаў» – новая кніга Руслана Кулевіча. Фактычна гэта зборнік успамінаў пажылых гарадзенцаў пра 1930–1940-я гг. Пра жыццё, грошы, страхі, смерці, каханне і пра сам горад над Нёманам, паведамляе «Белсат».

Журналіст Руслан Кулевіч некалі спецыялізаваўся на навінах з гарадскога жыцця, здарэннях, культурных падзеях. Але пару гадоў таму заняўся пошукам і запісам інтэрв'ю з гарадзенцамі, народжанымі ў 1920–1930-я гады. Так бы мовіць, з апошнімі сведкамі эпохі.

Цікавасць у тым, што ўспаміны звычайных людзей – не палітыкаў ці военачальнікаў – звычайна пазбаўленыя ідэалагічных штампаў і дазваляюць убачыць жыццё зусім іншага горада.

РУСЛАН КУЛЕВІЧ, АЎТАР КНІГІ «ГІСТОРЫІ З ГАРАДЗЕНСКІХ ВУЛІЦАЎ». ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

«Гісторыі з гарадзенскіх вуліцаў» – ужо другая кніга Кулевіча. На прэзентацыю прыйшлі без перабольшання сотні людзей. Прыйшлі таксама і некаторыя героі кнігі, каб расказаць убачанае і перажытае 60–70 гадоў таму перад аўдыторыяй.

Першыя саветы. «Глядзі, які халера, казаў, што любіць...»

«Ведаю, што да вайны бацька нават камяні на поле збіраў на будаўніцтва новага дома, – апавядае Соф'я Закшэўская

«ГІСТОРЫІ З ГАРАДЗЕНСКІХ ВУЛІЦАЎ». ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

Былі ў нас суседзі на вуліцы: Чугай, Кулагіна, Лапышы, Строцкія і Пенткі. Апошніх вывезлі з канцамі таму, што ў іх зяць быў паліцыянтам. Людзі плакалі і крычалі. Камуністы імкнуліся вывозіць людзей уначы, але нашу сям'ю не кранулі. Адкуль у іх была тая агрэсія, мы не ведалі. Першыя саветы прыехалі да нас як звяры. Яны сябе ўважалі героямі, а нас бюракратамі і мільянерамі...

СОФ'Я ЗАКШЭЎСКАЯ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

Адзін з тых «герояў» нават да маёй сястры заляцаўся, перад мамай на калені падаў, каб яна аддала дачку за яго. Абяцаў, што шлюб браць будуць у храме, нягледзячы на тое, што камуніст. Яго пасля перавялі ў іншае месца, пачаў лісты пісаць. Маці перакладала з расейскай. Пасля ўжо напісаў, што ў касцёл яго ланцугамі не зацягнеш. Маці тады сказала сястры: «Глядзі, які халера, казаў, што любіць, а цяпер яго ланцугамі ў храм не зацягнеш!»

АРЫГІНАЛЬНЫЯ СТАРЫЯ ФОТА ГАРАДЗЕНЦАЎ НА ПРЭЗЕНТАЦЫІ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

«Найн пфенігаў. Бом-бом!» Акупацыя

«Памятаю, як немцы са сваімі “фрау” хадзілі па Нарутовіча з вялікімі сабакамі, – апавядае Іосіф Компель (1935 г.н.), – а мы – мясцовыя хлопцы – працягвалі руку і прасілі пфенігаў. Памятаю, немец адзін сказаў: “Найн пфенігаў. Бом-бом!” Кінуў нам цукерак. Мы тады нібыта і баяліся немцаў, але ўсё роўна да іх ішлі. Асабліва страшна было, калі бачылі рыжавалосых або афіцэраў. Адзін дык мне даў нагой, што я да гэтага часу той боль памятаю. Боты ў іх былі незвычайныя, падкаваныя. Ад удару ў мяне аж скура лопнула на спіне...

ІОСІФ КОМПЕЛЬ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

У 44-м у мяне быў цэлы арсенал зброі, палова хлява была гэтым набітая. Там і гранаты былі, і пісталеты, аўтаматы нямецкія і савецкія... Усё, што хочаш, толькі танка ці гарматы не было. А іх, падбітых, хапала на палях, уздоўж Грандыцкай. Часам нясеш пісталет у хлеў і глядзіш, што ў цябе такі ўжо ёсць, то выкідаеш яго цераз плот да суседзяў.

Мы нічога не баяліся і збіралі ўсё, што трэба было. Былі выпадкі, што здымаеш з забітага немца боты, як пацягнеш – і разам з ім палова нагі адрываецца. Частку цела выкідаеш, а боты сабе бярэш. Такі быў час».

АНШЛАГ ПАДЧАС КНІЖНАЙ ПРЭЗЕНТАЦЫІ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

Другія саветы. «Чалавек стаяў у кузаве машыны з пятлёй на шыі...»

«Савецкая ўлада ў першыя пасляваенныя гады стала наводзіць парадкі ў горадзе, – апавядае Тамара Кежкоўская (1933 г.н.), – неяк з братам мы апынуліся на Савецкай плошчы, а там шмат народу сабралася. Не маглі праціснуцца. Апынулася, там вешалі людзей... Расейцы вешалі паліцаяў ці кагосьці яшчэ там. Памятаю, чалавек стаяў у кузаве машыны з пятлёй на шыі, а калі яна ад'ехала, ён павіс. Страшнае відовішча.

ТАМАРА КЕЖКОЎСКАЯ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

Арыштоўвалі настаўнікаў, пісараў і іншых. За любую сувязь з палякамі або немцамі. Нават калі ў калгас не ішоў, то маглі вывезці. Мы жылі недалёка ад турмы. Памятаю, як некалькі разоў па Пясочнай вялі калону людзей: наперадзе жанчыны, далей мужчыны. Перад імі салдат са стрэльбай, па баках ахоўнікі з сабакамі. Вялі на перон, грузілі ў таварныя вагоны і вывозілі».

РУСЛАН КУЛЕВІЧ, АЎТАР КНІГІ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»
Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках