19 красавiка 2024, Пятніца, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка застаўся без нафты і блефуе

134
Лукашэнка застаўся без нафты і блефуе

Без вуглевадароднага допінгу ягоная «мадэль» можа хутка абрынуцца.

Беларусь вось ужо тры тыдні не атрымлівае з Расеі нафту. Гэта – новы раздзел у ланцужку канфліктаў Масквы і Менска праз пастаўкі энэрганосьбітаў. Фармальная прычына – адсутнасць з 1 студзеня кантрактаў паміж беларускім бокам і расейскімі дзяржкампаніям "Раснафта" і "Газпрам нафта".

У пятніцу, 17 студзеня, неназваная крыніца заявіла "Інтэрфаксу", што перамовы прадоўжацца на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. Партнёры не могуць дамовіцца пра кошт: Масква прапануе ўмовы мінулага года, але яны менш выгадныя для Менска ў святле падатковага манеўру ў Расеі, паведамляе Deutsche Welle.

Беларусь імпартуе штогод 23-24 мільёны тонаў расейскай нафты пры агульным аб'ёме экспарту РФ 250 мільёнаў тонаў. Да 6 мільёнаў, паводле ацэнак экспертаў, ідуць на патрэбы беларускай эканомікі, астатняе – на перапрацоўку і перапродаж на міжнародных рынках.

Літва і Латвія маглі б рэанімаваць "Дружбу"

Калі дамовіцца не атрымаецца, беларускім уладам спатрэбіцца альтэрнатыва. Менск ужо разаслаў камерцыйныя прапановы шэрагу кампаній Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі, Казахстана і Азербайджана. Назіральнікі кажуць, што тэхнічна наладзіць пастаўкі нафты ў Беларусь не з Расеі – рэальна. "Мы цалкам можам быць партнёрамі Беларусі ў пытаннях забеспячэння нафтай, – заявіў у інтэрв'ю Deutsche Welle былы міністр эканомікі Літвы Дайнюс Крэйвіс. – У нас ёсць інфраструктура для паставак: нафтавы тэрмінал і нафтаправод Дружба".

Праўда, паўночны адрэзак нафтаправода "Дружба" не выкарыстоўваецца з сярэдзіны 2000-х гадоў, пасля таго як найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы комплекс у краінах Балтыі, НПЗ у літоўскім Мажэйкяі, перайшоў ад кампаніі "ЮКАС" да польскай PKN Orlen. Латвія таксама заявіла, што гатовая ўдзельнічаць у рэверсных пастаўках у Беларусь. Больш дарагі варыянт – дастаўляць нафту чыгункай.

"Рэверс з Польшчы? У палякаў таксама ёсць абавязальніцтвы"

Аднак большасць апытаных Deutsche Welle экспертаў сыходзяцца ў меркаванні, што Беларусь не можа сабе дазволіць набываць нафту ў ранейшых аб'ёмах у альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. "На гэта проста няма грошай. У найлепшым выпадку яна будзе завозіць блізу 5-6 мільёнаў тонаў, неабходных для выжывання", – падкрэсліў у інтэрв'ю Deutsche Welle дацэнт Найвышэйшай школы эканомікі ў Маскве (НДУ ВШЭ) Андрэй Суздальцаў – адзін з асноўных расейскіх спецыялістаў датычна Беларусі.

Фотa: АР

Ён паказаў як на дарагую лагістыку завозу нафты ў краіну, якая не мае выхаду да мора, так і на нізкую эфектыўнасць беларускіх НПЗ. "Самая вялікая таямніца беларускага ўрада – колькі рэальна выпрацоўваецца светлых нафтапрадуктаў з пастаўлянай Расеяй нафты. Роскід звестак велізарны. Рэч у тым, што беларускія заводы – старыя і неэфектыўныя, і пры сусветных коштах на сыравіну яны проста стануць банкрутамі", – упэўнены эксперт.

Магчымасці Беларусі ў наладжванні альтэрнатыўных паставак, паводле словаў Суздальцава, абмежаваныя ўзятымі на сябе кантрактнымі абавязальніцтвамі: "Беларусь уключаная ў еўрапейскую сістэму забеспячэння энэрганосьбітамі. Яна абавязаная выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы, за што атрымлівае добрыя грошы. І яна не можа проста так узяць і пачаць пампаваць нафту па трубаправодзе Дружба рэверсам, у адваротным кірунку да сябе з Польшчы. У польскага боку таксама ёсць кантрактныя абавязальніцтвы, якія яна не збіраецца парушаць".

Бізнэс-мадэль Лукашэнкі трымаецца на таннай нафце з Расеі

Менску патрэбная расейская нафта не толькі для ўласных патрэбаў, але і для далейшага перапродажу, падкрэслілі эксперты. "Без расейскай нафты Беларусь, вядома ж, не абыдзецца, бо яна забяспечвае 42 адсоткі яе таваразвароту са знешнім светам", – дадаў Суздальцаў.

Фотa: bymedia

Сёння склалася сітуацыя, калі Беларусь "паводле макраэканамічных паказнікаў выглядае як краіна-экспарцёрка і вытворца энэргарэсурсаў", растлумачыў Deutsche Welle кіраўнік расейскіх праграмаў Фінскага інстытута міжнародных стасункаў Аркадзь Мошэс. Гэта – вынік вельмі выгаднага для Менска субсідавання з боку Расеі.

"Экспарт нафтапрадуктаў – гэта крыніца валюты, гэта рэч абсалютна неабходная. Калі займацца чыстай матэматыкай і экстрапаляваць (адсутнасць паставак. – Рэд.) хоць бы на некалькі месяцаў наперад, то ўсё выглядае вельмі сур'ёзна", – прадоўжыў Мошэс. Паводле ягоных словаў, поўнае спыненне экспарту нафты і нафтапрадуктаў з Беларусі азначала б, збольшага, калапс, гэта немагчыма сабе ўявіць, мяркуе Мошэс. Тым больш, што ў 2020 годзе павінны адбыцца выбары прэзідэнта Беларусі.

Сцэнар адмовы ад нафты з Расеі прывёў бы да краху бізнес-мадэлі Беларусі, таму Мошэс знаходзіць яго настолькі малаверагодным, што, паводле ягонага выразу, "наўрад ці мае сэнс спрабаваць памнажаць фінансавыя страты на энную колькасць месяцаў, тым больш – гадоў". "Калі Беларусь будзе завозіць нафту паводле сусветных коштаў, эканоміка краіны абрынецца цягам некалькіх месяцаў", – прагназуе Суздальцаў.

Лукашэнка сістэму не мяняе і не збіраецца, мяркуюць эксперты

Дыскусіі ў краіне пра тое, каб адысці ад існай сёння эканамічнай мадэлі, ідуць шмат гадоў, нагадаў Аркадзь Мошэс. Бо, з ягоных словаў, "краіны, якія цягам доўгага часу спрабавалі дамовіцца (з Расеяй. – Рэд.) пра танны газ і танную нафту, сістэмна вельмі пацярпелі. І гэта – дадатковая ілюстрацыя таго, што гэтая мадэль – тупіковая, і да бясконцасці ехаць на гэтым кані немагчыма".

Але для адыходу ад ранейшай бізнэс-мадэлі патрабуюцца глыбокія макраэканамічныя рэформы. У краіне, на думку Мошэса, ёсць дастатковая колькасць тэхнакратаў, якія ведаюць, як праводзіць рэформы. "Закавыка, збольшага, у Лукашэнку", – мяркуе ён. "Не думаю, што Лукашэнка збіраецца змяніць структуру эканомікі і ўласнае мысленне дырэктара саўгаса", – раскрытыкаваў лідара Беларусі былы літоўскі міністр эканомікі Дайнюс Крэйвіс.

"Наіўны шантаж" Менска

Апытаныя Deutsche Welle назіральнікі ўпэўненыя ў тым, што Лукашэнка прадоўжыць дамагацца саступак ад Масквы. Менск прыгразіў павышэннем стаўкі за прапампаванне нафты па "Дружбе", увёў новы экалагічны падатак на яе транзіт і мае намер штомесяц абмяжоўваць магутнасці трубаправода, як паведамляецца, з прычыны рамонту.

"Да гэтага часу стратэгія перамоваў Лукашэнкі зводзілася да павышэння ставак з тым, каб урэшце Масква пагадзілася. Дагэтуль гэта працавала – цягам чвэрці стагоддзя", – заўважыў Аркадзь Мошэс.

"Праблема ў тым, што ў Лукашэнкі больш няма нічога, што ён мог бы прадаць Расеі, каб атрымаць зніжкі на газ і нафту. Як калісьці ў яго была, напрыклад, газатранспартная сістэма", – дадаў Дайнюс Крэйвіс. "Гэта шантаж Расеі, прычым наіўны шантаж", – перакананы Андрэй Суздальцаў з НШЭ.

Задача Крамля: знізіць субсідыі, захаваць лаяльнасць

Суразмоўцы Deutsche Welle чакаюць дасягнення хуткага кампрамісу. Крэйвіс не бачыць ніякага адрознення ад папярэдніх канфліктаў, "акрамя таго, што перамовы задоўжыліся і перайшлі ў новы год". А вось для Андрэя Суздальцава цяперашні канфлікт паміж Менскам і Масквой – асаблівы.

"Споўнілася 20 гадоў саюзнай дзяржаве. Яна будавалася на балансе інтарэсаў. У гэтым балансе не было ніякай інтэграцыі, але яе дапусцілі, каб растлумачыць расейскім падаткаплацельнікам. Але пасля 20 гадоў з перыядычнымі скандаламі баланс пачаў разбурацца", – канстатуе Суздальцаў.

Сёння Пуцін цісне на Лукашэнку з мэтай стварэння агульнай дзяржавы, але той адмаўляецца, указаў Крэйвіс: "Калі азірнуцца ў мінулае, яны заўсёды знаходзілі кампрамісы. Лукашэнка імітуе перамовы з Захадам толькі для таго, каб мець інструмент ціску на Пуціна і выбіць лепшыя кошты" .

Крэмль, рэзюмуе Мошэс, паставіў стратэгічную задачу – "знізіць узровень субсідавання Беларусі пры адначасовым захаванні ўзроўню геапалітычнай лаяльнасці", і выконвае гэтую задачу, будучы гатовым да кароткатэрміновых выдаткаў.

Фотa: DW

"Расея зыходзіць з таго, што Лукашэнка пойдзе на нейкія варыянты рэальнай інтэграцыі, таму што без інтэграцыі ягоная мадэль не выжыве", – папярэджвае Андрэй Суздальцаў.

Дацэнт НШЭ паведаміў, што ў Крамлі паступова сканчаецца цярпенне ў дачыненні да беларускага кіраўніка: "Лукашэнка перыядычна зрываецца. І тут у Маскве вялікая надзея на беларускі палітычны клас, на беларускія элітныя колы. Яны выдатна разумеюць беларускую формулу ўлады". Яна, на думку Суздальцава, вельмі простая: "Той чалавек, які развязвае праблемы краіны ў Маскве, той і мае права на бясконцую ўладу. А ў Лукашэнкі праз паўгода выбары. І цяпер ідзе барацьба за ягонае палітычнае выжыванне".

Напісаць каментар 134

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках