25 красавiка 2024, Чацвер, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Завод угледзеў «правакацыю» ў публікацыі пра мыла на вяровачцы

Завод угледзеў «правакацыю» ў публікацыі пра мыла на вяровачцы
ФОТА: RH.BY

На незалежнае выданне падалі ў суд.

Выданне «Рэгіянальная газета» размесціла фота з прыбіральні Маладзечанскага завода парашковай металургіі, дзе відаць, што мыла прывязанае вяроўкай да крана. Прадпрыемства мяркуе, што публікацыя правакацыйная і падрывае ягоную справавую рэпутацыю, паведамляе «Белсат».

16 студзеня ў Менскім абласным эканамічным судзе разгледзелі прэтэнзію Маладзечанскага завода парашковай металургіі да «Рэгіянальнай газеты» за публікацыю фатаграфіі ды інфармацыі, як на прадпрыемстве папярэджваюць крадзяжы мыйных сродкаў.

Нагадаем, што менавіта стала прычынай непаразумення. 10 кастрычніка мінулага года недзяржаўнае выданне «Рэгіянальная газета» размесціла здымак, зроблены ў прыбіральні завода парашковай металургіі ў Маладзечне. Фота ў рэдакцыю даслаў чытач выдання. На здымку відаць, як кавалак гаспадарчага мыла прывязаны да крана вяроўкай зялёнага колеру. У матэрыяле было ўказана, што такім спосабам на прадпрыемстве змагаюцца з крадзяжом мыйных сродкаў.

Папярэдняе пасяджэнне паводле справы адбылося ў канцы мінулага года. Тады высветлілася, што кіраўніцтва прадпрыемства абурыла не столькі фатаграфія, колькі негатыўная афарбоўка загалоўка: «Каб не скралі...» На заводзе мяркуюць, што ў артыкуле нібыта сцвярджаецца пра сістэматычныя крадзяжы.

Да ўзаемнай дамовы бакі прыйсці не змаглі. Завод настойваў на тым, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і наносіць іміджавую шкоду, падрываючы давер да іх у партнёраў – у тым ліку праз негатыўныя каментары пад апублікаваных матэрыялам.

«На мінулым пасяджэнні я не меў права гэтага выдаваць. Рэч у тым, што наш завод з'яўляецца пастаўшчыком камплектоўных вырабаў для выканання дзяржабароны заказаў ваеннага часу. У тым ліку для прадпрыемстваў Расейскай Федэрацыі. І сваёй публікацыяй газета так ці інакш кідала цень на тое, што, высвятляецца, у нас можна не толькі мыла скрасці, а магчыма і дэталі, якія пойдуць, прашу прабачэння, на абарону. Такім чынам мы ў гэтым бачым падрыў рэпутацыі», – заявіў Васіль Капуцкі, намеснік дырэктара завода, які прадстаўляе прадпрыемства ў судзе.

Паводле ягоных словаў, з заводам ужо паспелі звязацца партнёры, каб удакладніць акалічнасці справы.

Адказнік – «Рэгіянальная газета» – настойвае, што канфліктны матэрыял варта разглядаць з двух бакоў: як факт, які пацвярджаецца фатаграфіяй, і як уласнае меркаванне, выказанае ў загалоўку. Нанесці шкоду або прынізіць годнасць намеру ў выдання не было.

«Я хацела прадэманстраваць гэтае фота ў якасці фотафакту. На маю думку, гэта не зусім звычайная з'ява, калі мыла прывязваюць да ўмывальніка. Я з такім ніколі не сутыкалася», – заявіла Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара і аўтарка матэрыялу, якая праходзіць у судзе як сведка.

Выснову, што такім чынам на прадпрыемстве папярэджваюць крадзяжы, аўтарка зрабіла з практыкі, якая існуе ў многіх установах. Як прыклад яна прывяла прывязаныя да стойкі асадкі ў банках і на пошце.

Адсутнасць негатыўнай афарбоўкі ў тэксце не ўбачыў і спецыяліст Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец, якога запрасілі да працэсу ў якасці эксперта. Ён заявіў, што зачапіцца можна за слова «скралі». Аднак яно мае нейтральнае найменне дрэннага ўчынку. У матэрыяле адсутнічае канкрэтыка. І пададзенае выключна суб'ектыўнае меркаванне аўтара.

АЛЕГ АГЕЕЎ. ФОТА: BELSAT.EU

На думку Алега Агеева, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, падобны працэс можа сведчыць толькі пра тое, што дзяржаўныя ўстановы неадэкватна рэагуюць на тое, што пра іх пішуць недзяржаўныя СМІ.

«Тут не трэба быць прафесарам лінгвістыкі, каб паглядзець, што ў гэтай публікацыі няма ніякага замаху на справавую рэпутацыю пазоўніка. Гэта нейтральнае апісанне фактаў з асабістым меркаваннем журналіста, – кажа Алег Агееў. – Прыемна, што суд разбіраецца і спрабуе ўявіць сабе, што гэта – факт, а гэта – асабістая думка. БАЖ заўсёды казаў, што ў нас гэта трохі заблытана прапісана ў заканадаўстве. Гэты працэс – добрае сведчанне таго, што практыка ідзе наперадзе прававога рэгулявання».

У канцы паседжання суддзя Ірына Шпак адхіліла хадайніцтва пазоўніка паводле выкліку аўтара здымка ў суд і абвесціла перапынак да 22 студзеня.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках