Супраціўнікі ўшчыльнення Калодзішчаў зрабілі плакат з цытатай Каліноўскага
4- 16.01.2020, 12:31
- 12,703
«Не народ для ўрада, а ўрад для народа».
У Калодзішчах з плакатамі, крыкамі і аншлагам прайшла прэзентацыя новага генеральнага плана аграгарадка. Горадабудаўнічы праект выклікаў шмат пытанняў у мясцовых жыхароў, на якія прадстаўнікі ўлады не заўсёды маглі даць адказы, піша realt.by.
Распрацоўкай праекта займалася УП «БелНІІПградабудаўніцтва», замоўцам выступіў Менскі райвыканкам.
Згодна з праектам, насельніцтва аграгарадка павінна вырасці з сённяшніх 17,6 тысяч чалавек да 43,3 тысяч. У значнай меры гэта будзе адбывацца за кошт будаўніцтва шматпавярховых дамоў для шматдзетных сем'яў.
Для гэтага плануецца забудаваць некаторыя пусткі і «землі запасу», якія мясцовыя жыхары ўважаюць за свой лес.
Пры гэтым колькасць месцаў у дзіцячых садках будзе расці не так імкліва, як колькасць жыхароў. Так, установы дашкольнай адукацыі да 2030 павінны мець 1 380 месцаў пры тым, што ўжо цяпер у Калодзішчах жыве 1 118 дзяцей дашкольнага ўзросту.
Мясцовыя жыхары адзначаюць, што ў параўнанні са старым генпланам у аграгарадку стане значна менш сацыяльных аб'ектаў. Напрыклад, там, дзе раней планавалася пабудаваць стадыён, дзіцячы садок і школу, цяпер будуць шматкватэрныя дамы.
У выніку забудовы пад пагрозай могуць апынуцца і многія віды з «Чырвонай кнігі», якія пасяліліся ў мясцовай сажалцы.
Менавіта таму, адзначае выданне, мясцовыя жыхары актыўна спрачаліся са стваральнікамі новага генплана. У сваю падтрымку яны падрыхтавалі спецыяльныя плакаты, у тым ліку з вядомай цытатай Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Але не на ўсе пытанні жыхары атрымалі адказы, піша выданне.