23 красавiка 2024, aўторак, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія праваабаронцы звярнуліся да спецдакладніцы ААН датычна Беларусі

3
Гомельскія праваабаронцы звярнуліся да спецдакладніцы ААН датычна Беларусі
АНАІС МАРЫН
ФОТА: N-EUROPE.EU

Жыхары горада дамагаюцца права на правядзенне мірных акцый і свабоднае выказванне меркаванняў.

Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы накіраваў спецдакладніцы ААН датычна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын паведамленне, у якім просіць звярнуць увагу на сітуацыю са свабодай мірных сходаў у рэгіёне, паведамляе «Гомельская вясна».

Як паведамляе кіраўнік ГЦСЦ Леанід Судаленка, яны просяць спецдакладніцу рэкамендаваць ураду РБ «змяніць падыходы і практыкі пры разглядзе заявак на правядзенне мірных сходаў, што знішчаюць саму сутнасць права кожнага як на сход, так і на свабоднае выказванне меркавання».

У якасці прыкладу ў пасланні прыводзяцца факты пра 24 забароны мірных сходаў у Гомельскім рэгіёне цягам мінулага года.

«У 2019 годзе валанцёрка нашага Цэнтра Марыя Тарасенка падала заяўкі на правядзенне ва ўсіх 24 раёнах Гомельскай вобласці мірных сходаў у выглядзе вулічных шэсцяў, падчас якіх планавалася звярнуць увагу грамадскасці да праблемаў, якія вынікаюць з так званага дармаедскага дэкрэта №3, які ўводзіць для незанятых грамадзянаў адказнасць у выглядзе падвышаных у больш чым у пяць разоў тарыфаў на аплату камунальных паслуг», – гаворыцца ў паведамленні.

Паўсюдна, уключаючы чатыры раёны Гомеля, заяўленыя мірныя акцыі пратэсту былі забароненыя. Асноўная прычына забаронаў – заяўленыя маршруты шэсцяў праходзяць бліжэй за 50 метраў ад будынкаў дзяржаўных органаў. Напрыклад, у Брагіне старшыня суда наладзіў нават паказальнае вымярэнне, узяўшы ў рукі рулетку, вымяраючы адлегласць ад будынка суда да меркаванага маршруту шэсця.

У ГЦСЦ мяркуюць, што выкарыстоўваючы недасканалае нацыянальнае заканадаўства ў галіне мірных сходаў мясцовыя ўлады фактычна ўсталявалі табу на права кожнага аб мірных сходах і выразе меркаванняў. Праваабаронцы нагадваюць Анаіс Марын, што «калі дзяржава накладае абмежаванні ў мэтах забеспячэння раўнавагі паміж правамі чалавека на сход і агульнымі інтарэсамі, яна павінна кіравацца мэтай садзейнічаць ажыццяўленню дадзенага права, замест таго каб імкнуцца залішне ці непамерна абмяжоўваць яго».

Паводле словаў Судаленкі, з нагоды ўсіх 24 забаронаў мірных сходаў Марыя Тарасенка прайшла ўсе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, уключаючы Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру і сёння рыхтуе паведамленне ў Камітэт ААН датычна правоў чалавека пра сістэматычнае парушэнне дзяржавай яе правоў, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі дамовамі, удзельніцай якіх з'яўляецца Беларусь.

Як паведамляецца на сайце вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, у цяперашні час спецдакладніца ААН датычна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын пачала падрыхтоўку новага даклада пра становішча ў Беларусі. Яна прапанавала ў тым ліку і нацыянальным няўрадавым арганізацыям падаваць матэрыялы і інфармацыю для дакладу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках