28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Была каманда з Крамля – не прадаваць нафту Лукашэнку

97
Эканаміст: Была каманда з Крамля – не прадаваць нафту Лукашэнку

Гэта можа прывесці да дэвальвацыі беларускага рубля і калапсу эканомікі.

Учора, 14 студзеня, стала вядома, што буйныя расейскія нафтавыя кампаніі атрымалі ад Крамля рэкамендацыі адмовіцца ад паставак нафты ў Беларусь.

Пры гэтым з кампаніяй сябра Лукашэнкі Міхаіла Гуцарыева дамова на пастаўкі нафты заключаная толькі да канца месяца, а аб'ёмаў гэтых паставак хапае толькі на мінімальную загрузку аднаго з двух НПЗ – наваполацкага «Нафтана». Мазырскі НПЗ з 1 да 14 студзеня расейскай нафты так і не атрымліваў.

На фоне спынення паставак нафты з РФ, Менск спыніў экспарт нафтапрадуктаў, што з'яўляецца важным артыкулам валютных прыбыткаў. Акрамя таго, 10 студзеня Лукашэнка сваім указам увёў 50% падатак на прыбытак за транзіт нафты па тэрыторыі Беларусі. Пасля гэтага прэс-сакратар «Раснафты» зрабіў даволі рэзкую заяву, сказаўшы, што Лукашэнку «проста прыціснулі» і «халява для яго скончылася».

Як будуць развівацца далейшыя падзеі і чым «нафтавая вайна» можа скончыцца для эканомікі Беларусі? На пытанні Charter97.org адказвае доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.

– Як Вы пракаментуеце інфармацыю «Коммерсанта» пра тое, што на ўзроўні Крамля расейскім буйным кампаніям фактычна забаранілі экспарт нафты ў Беларусь?

– Думаю, што інфармацыя крыніцаў «Коммерсанта» дакладная, таму што ў Расеі, як у нас, аўтарытарная эканоміка, дзе адзін чалавек вызначае ўсе ключавыя пытанні.

Вядома, фармальна можна казаць, што там алігархі, і яны вядуць свой бізнэс, як ім выгадна – і гэтак далей. На самай справе гэта ўсё блеф!

Была каманда з Крамля ўсім алігархам, не кажучы ўжо пра «Раснафту» Сечына і іншых: не прадаваць Беларусі нафту паводле коштаў мінулага года. Я думаю, што і Гуцарыеву таксама Крэмль дазволіў зрабіць абмежаваныя пастаўкі, не без гэтага. Гэта не яго, Гуцарыева, ініцыятыва. Ён занадта рызыкаваў бы, калі б гэта была ягоная ўласная ініцыятыва. Там, як той казаў, Пуціным усё схоплена – як і ў нас.

Гуцарыеву ж далі «дабро» на продаж мінімальнай колькасці нафты, каб часова змякчыць вастрыню праблемы. Таму што ўсё ж такі ідзе гандаль у коштах.

Я мяркую, што ў гэтай сітуацыі для Беларусі няма сэнсу гандлявацца ў коштах. Трэба, па-першае прымаць кошт, які дае Расея, з так званай «прэміяй» 10 даляраў за тону. Хай гэта будзе даражэй, але колькі можна прывучаць нашы нафтаперапрацоўчыя заводы да расейскай коштавай іглы, калі яны карыстаюцца таннай нафтай, з коштам максімум 80–85% ад сусветнага, уключаючы плячо дастаўкі! Гэта ж не можа доўжыцца вечна. Таму я не думаю, што беларускаму боку трэба такім чынам абвастраць гэтую праблему. Калі, вядома, справа толькі ў кошце.

Але, можа быць, корань гэтай праблемы хаваецца глыбей – у славутай «інтэграцыі». Пуцін хоча паставіць нязгодлівага «саюзніка» на калені такімі метадамі.

Калі кіравацца выключна інтарэсамі эканомікі, то з беларускага боку тут зусім няма чаго ўпірацца. Вышэйшы кошт – дык вышэйшы кошт. І за газ тое самае: 150 даляраў – так 150. Іншае пытанне, што Лукашэнка страчвае важную менавіта для яго крыніцу прыбыткаў, якая ўтрымлівае ўсю ягоную бюракратыю. Бо той самы газ нашы спажыўцы набываюць з цалкам рынкавымі коштамі – і гэтую розніцу, натуральна, улады пакідаюць сабе, кладуць у сваю кішэнь. Таму тут шмат усяго, як той казаў, пераплецена. І перш за ўсё наносіцца ўдар па прыбытках самой улады.

– Мазырскі НПЗ з 1 да 14 студзеня не атрымліваў расейскай нафты, а «Нафтан» працуе на мінімальнай нагрузцы. Што гэта азначае для нафтахімічнай галіны Беларусі і якія праблемы могуць пачацца ў эканоміцы?

– Ужо праблема вымалявалася ў тым, што Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў.

Гэта асноўны валютны артыкул дзяржбюджэту, і ён ужо недаатрымлівае валюту. А калі прадаўжаць гэты лагічны ланцужок, то выйдзе наступнае: недаатрымалі валюту – значыць, заўтра можа дэвальвавацца рубель, і да таго ж дэвальвавацца абвальным чынам, не дай Бог.

А далей што? Далей застаецца толькі дамаўляцца, таму што пастаўкі фірмаў Гуцарыева – яны разлічаныя толькі на студзень, і калі не дамовіцца – будзе калапс, таму што эканоміка застанецца тады без маторнага паліва.

А арганізаваць пастаўкі нафты з альтэрнатыўных крыніцаў адразу немагчыма, у гэтым кірунку трэба было працаваць нашмат раней. Гэта ўжо даўно эканамісты казалі ўраду.

– Як Вы пракаментуеце нядаўняе выказванне прэс-сакратара «Раснафты» пра тое, што Лукашэнку «прыціснулі» і «нафтавая халява для яго скончылася»? Якія, на Вашу думку, мэты ў Крамля?

– Думаю, што гэта такі псіхалагічны прыём з боку расейцаў. Бо на самай справе (і пра гэта ўжо выказваліся аналітыкі) гэты падатак будзе плаціць транзіцёр, а транзіцёр жа беларускі – гэта «Гомельнафта Дружба», у якой паўднёвая галіна і свае прыбыткі.

Але зноў жа, гэта можа быць выкарыстана як падстава для павышэння платы расейскай за транзіт: маўляў, паглядзіце, мы ўводзім экалагічны падатак, таму што гэтага патрабуе, напрыклад, прафілактыка паўднёвай галінкі «Дружбы». Але, паводле логікі, прамых пастаўшчыкоў расейскай нафты ў Беларусь гэта не павінна тычыцца. Плаціць будуць нашы прадпрыемствы.

А ва ўладаў з'явяцца падставы сказаць: бачыце, затраты з нашага боку растуць, давайце мы павысім плату за беларускі транзіт вашай расейскай нафты на Захад. Хіба, што так можна трактаваць гэты «ход» уладаў.

– Чым можа скончыцца чарговая «нафтавая вайна» – з улікам таго, што на такія жорсткія захады Расея ў адносінах да Лукашэнкі ідзе ўпершыню?

– Скончыцца, як заўсёды, дамоўленасцямі, але я думаю, што ў беларускага боку аргументы на гэты раз нашмат больш слабыя. Я мяркую (калі, вядома, зводзіць гэты канфлікт да пытання ў коштах на нафту і газ), што трэба згаджацца на расейскія ўмовы. І набываць нафту і газ так, як набываюць многія дзяржавы – паводле справядлівых, рынкавых коштаў. І наладжваць свае прадпрыемствы таксама працаваць з такімі коштамі.

– А калі перамовы задоўжацца – якімі наступствамі для эканомікі Беларусі можа ўсё гэта павярнуцца?

– Дрэннымі. Таму што ўрэшце абодва нашы НПЗ стануць – і ўсё, у эканоміцы пачнецца калапс.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках