29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Займальная арыфметыка

25
Займальная арыфметыка
ІРЫНА ХАЛІП

Хаўруснік спёкся.

Часам я, вядома, падазравала, што прапагандысцкія байкі пра мільённыя капіталы апазіцыі, пра вашынгтонскі абкам і пра Сораса, які палівае нас зялёным шапаткім дажджом, могуць стацца праўдай. Ну сапраўды, калі два дзясяткі гадоў пераконваць нас у тым, што мы багацеі большыя за драздоўскіх мяшчанаў, – можна ў нейкі момант і паверыць: а раптам я не ўсё ведаю пра сваіх таварышаў? І на самай справе пачынаю разумець, бо Севярынец жа выглядае як падпольны мільянер. Проста ён шмат гадоў добра маскаваўся. У гэтыя дні я пераканалася, што прапагандысты маюць рацыю. Мы не проста падпольныя мільянеры. Мы – нафтагазавае лобі.

Давайце проста падлічым. На найбліжэйшыя два месяцы кошт на газ застаецца мінулагоднім – 127 даляраў за тысячу кубаметраў. Выдатна. Успамінаем учорашнія суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці і судовыя пастановы. Павал Севярынец хоць і прыкінуўся бедным рэвалюцыянерам з запаленымі вачыма і сеў на 15 сутак, але справядлівы беларускі суд яго ўсё роўна яшчэ і на 50 базавых велічыняў асудзіў. Гэта значыць на 1350 рублёў. Гэта прыблізна 670 даляраў. Гэта значыць асабіста Павал Севярынец адным сваім штрафам аплачвае пастаўку больш як пяці тысячаў кубаметраў расейскага газу. Ды ён проста газавы кароль! Як і ягоная мама, дарэчы: Таццяне Севярынец учора ў віцебскім судзе ўляпілі двойчы 30 базавых велічыняў, гэта значыць, у агульнай колькасці – 1620 рублёў, шэсць з паловай тысячаў кубаметраў газу.

Мастак Алесь Марачкін атрымаў штраф 810 рублёў. Больш сціпла, але на тры тысячы кубаметраў расейскага газу хопіць, і нават з горачкай. А таксама ж бедным мастаком прыкідваўся, хоць краіну газам забяспечвае лёгка. Як і Уладзімір Някляеў – тыя ж 810 рублёў, тыя ж тры тысячы кубаметраў, і таксама ж на першы погляд паэт, творчая асоба, у кішэнях дробязь дрынкае. Але суддзі ўсякага на чыстую ваду выведуць. Нават былога амбасадара і дэпутата Пятра Садоўскага. Хоць чалавек і на пенсіі даўно, а ашчаджэнні з часоў працы ў Нямеччыне, бач, засталіся, дык хай дапаможа краіне парай-тройкай тысячаў кубаметраў. Ці вось, да прыкладу, святар Віктар Кавалькоў (айцец Вікенцій) – 1350 рублёў. Яшчэ пяць тысячаў кубаметраў газу. Нездарма ж кажуць, што ўсе папы на «Бэнтлі» ездзяць – вось вам і прыклад. Не толькі, заўважце, РПЦ – беларуская аўтакефальная царква таксама, як высвятляецца, складаецца з нафтагазавых каралёў.

Зрэшты, лепш не так. Скажам, тыя, у каго штрафы 600–800 рублёў, няхай набываюць газ. А вось алігархі накшталт Паўла Севярынца і ягонай мамы Таццяны Севярынец могуць сабе дазволіць і нафту для беларускіх НПЗ аплачваць. Мяркуйце самі: штраф Севярынца – амаль дзве тоны нафты. Штраф Таццяны – дзве з чвэрцю тоны. Гэта значыць, за дзень яны дапамаглі краіне чатырма тонамі нафты. Кажуць, у сядзібе Севярынцаў нядаўна бачылі Чыжа – ён там цяпер газоны стрыжэ і басейн чысціць. Выглядае задаволеным.

Калі сумаваць учорашнія судовыя пастановы, то выходзіць, што літаральна за адзін дзень дзяржава абрабавала актывістаў на 30 тысячаў рублёў. Гэта амаль 120 тысячаў кубаметраў газу або 41 тона нафты. Для параўнання: увесь снежань, які таксама адзначыўся бясконцымі судовымі канвеерамі, прынёс рэжыму 60 тысячаў рублёў. А цяпер, ва ўмовах нафтагазавай вайны, такія сумы дзяржава здзірае з беларусаў ужо не за месяц, а за два дні. Ну што ж, выходзіць, кіраўнік пастанавіў абысціся ўнутранымі рэсурсамі, то-бок выключна нашымі грашыма. Ён хоча, каб мы аплачвалі не толькі нафту і газ, але і разнастайныя «Дажынкі», і «ўсебеларускія сходы», і выбарчую кампанію, і сёмы тэрмін. Таму што больш няма каму. Хаўруснік спёкся.

У такой цяжкай для краіны сітуацыі мне, дапраўды, няёмка за мой «жабрацкі» штраф 385 рублёў. Несалідна неяк – усяго на пару тысячаў кубоў газу хопіць. У новым годзе абяцаю выправіцца. Пяцігодку – за тры гады!

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках