29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ён так любіць хлусіць?

97
Чаму ён так любіць хлусіць?

Усё больш выказванняў дыктатара не адпавядаюць рэчаіснасці.

Графік кіраўніка краіны ў апошнія дні быў насычаным: шмат сустрэчаў і выступаў. І гэтак жа шмат выказванняў Лукашэнкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, паведамляе «Белсат». Гэта і хвальба, быццам сам Ілан Маск падарыў яму аўтамабіль, і выказванні пра 150 тысячаў бежанцаў і плыні зброі з Украіны. Словы кіраўніка Беларусі ў памежнай службе нашай паўднёвай суседкі ўжо аспрэчылі. Чаму Лукашэнка дазваляе сабе публічна хлусіць?

Новыя адкрыцці ад Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з выбранымі менскімі школьнікамі. Высвятляецца, «Тэслу» яму падарыў асабіста Ілан Маск, калі ўбачыў, што кіраўнік Беларусі ездзіць на двухколавым электраматацыкле. Гучыць як чарговая байка, якіх за апошнія 25 гадоў было нямала.

Чаго каштуюць толькі словы Лукашэнкі, агучаныя ў другой палове 90-х гадоў! Маўляў, ён, кіраўнік незалежнай Беларусі, які нарадзіўся ў 1954-м годзе, страціў свайго бацьку ў гады Другой сусветнай вайны!

«Магчымасць казаць, што хочаш, і табе нічога за гэта не будзе. Гэта, напэўна, самае вясёлае, што ён знаходзіць у сваёй працы. І ў нас бы не хапіла проста эфірнага часу, каб успомніць усе тыя недарэчнасці, ляпы і проста хлусню, якую ён выдаў на сваёй пасадзе», – каментуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Напярэдадні ж Лукашэнка выступаў на адкрыцці канферэнцыі ААН у барацьбе з тэрарызмам. Падчас якой указаў на небяспеку, што зыходзіць з Украіны ў Беларусь:

«Замкнуць мяжу наглуха, яшчэ больш, чым з Паўночнаатлантычным блокам, які для нас заўсёды з даўніх часоў нібыта быў ворагам нумар 1. А сёння са сваімі людзьмі зачынілі мяжу наглуха. Чаму? Лінула плынь зброі».

Інфармацыю аспрэчыла памежная служба суседняй краіны. Там кажуць, што мяжа працуе ў штатным рэжыме. З пачатку ж года зафіксавалі 20 спробаў увозу зброі з боку Беларусі ва Украіну, у зваротным напрамку – 18 спробаў.

«...Мы фіксуем памяншэнне плыні зброі. ...Калі класіфікаваць гэтую зброю, то толькі адна адзінка з'яўляецца агнястрэльнай, астатняе – гэта паляўнічая зброя, халодная і электрошокеры», – заявіў у інтэрв'ю агенцтву УНІАН прэс-сакратар Памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Вызначыўся Лукашэнка і яшчэ адным ілжывым выказваннем пра ўцекачоў з Украіны:

«Еўрапейцы дзве тысячы мігрантаў не могуць падзяліць – у моры боўтаюцца, старыя, дзеці, бягуць ад праблемаў, якія мы стварылі ў іх на радзіме. Мы іх не прымаем, няхай гінуць. А да нас 150 тысячаў хлынула не чужых нам людзей».

Але, як сведчыць Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, агульная колькасць мігрантаў нават не з Украіны, а з усіх краінаў СНД, што прыехалі ў Беларусь за мінулыя пяць гадоў, не дасягнула нават адзнакі 90 тысячаў. Статус бежанца, паводле апошніх звестак МУС, атрымалі 2649 грамадзянаў Украіны.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

«Гэта кажа яшчэ раз пра недэмакратычнасць беларускай палітычнай сістэмы. У любой іншай – палітык нёс бы пэўную адказнасць за свае выказванні. Аляксандр Лукашэнка, паўтаруся, кажа ўсё, што хоча, на любую тэму. Даволі рэдка праўду, даволі часта хлусню. І мяркуе, што яму ўсё дазволена, і нічога яму за гэта не будзе».

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках