28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Восень прыйшла занадта імкліва, арганізм штарміць»

7
«Восень прыйшла занадта імкліва, арганізм штарміць»
ФОТА: СHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Спецыяліст тлумачыць, як беларусам жыць у верасні, які прыкінуўся кастрычнікам.

Некалькі тыдняў таму яшчэ было лета, а цяпер... Уранку выходзіш з дому, а на траве - іней. Восень сёлета зусім не мяккая і не залатая. Можна, вядома, памарыць пра «бабіна лета», якое сіноптыкі абяцаюць у кастрычніку, але пакуль за акном глыбокая, і паводле адчуванняў, позняя восень, піша kp.by.

У Гідрамеце пацвярджаюць: тэмпературны фон у сёлетнім верасні трымаецца на адзнацы на 1-4°С ніжэйшай за кліматычную норму і адпавядае канцу першай дэкады кастрычніка. Гэта значыць, верасень сёлета - кастрычніцкі. 24 верасня, дарэчы, былі зафіксаваныя новыя абсалютныя рэкорды. Ніжэй за ўсё за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Беларусі слупок тэрмометра ў гэты дзень апусціўся ў Брагіне - да адзнакі -5,7C. Да гэтага рэкорд належаў гарадскому пасёлку Лынтупы, дзе ў 2002 годзе была зафіксаваная тэмпература -4,3°C.

Далей - больш. Верасень прадаўжае здзіўляць. 26 верасня сіноптыкі перадаюць начныя замаразкі да 3 градусаў! Удзень, як паведамілі ў Гідрамеце, пераменная воблачнасць і без ападкаў. Кароткачасовыя дажджы - толькі ў паўднёвых раёнах краіны. Вецер усходні, да 9 м/с. Тэмпература паветра агулам - 12 градусаў цяпла. У пятніцу крыху пацяплее. Уначы слупок тэрмометра пакажа 1-7 градусаў цяпла. На паўднёвым захадзе - да 8-10 з плюсам, а вось у паўночна-ўсходніх раёнах - усё тыя ж замаразкі да мінус 3-х. Удзень -12-18 з плюсам

Атрымліваецца, перапады паміж начнымі і дзённымі тэмпературамі - да 20 градусаў. І гэта ўжо не кажучы пра тое, што пераход ад лета да восені таксама быў рэзкім. Як жыць у такіх варунках? Журналісты запыталіся ў спецыяліста.

«Цяпер працаваць з 8.00 да 17.00 – шкодна»

- Праз скарачэнне светлавога дня арганізм «губляецца ў часе» і адчувае стрэс, - распавядае тэрапеўт-імунолаг Дыяна Стольнікава. - Многія людзі пачынаюць адчуваць стомленасць, устойлівае пачуццё дрымотнасці, раздражняльнасці, абвастраюцца саматычныя захворванні, бываюць збоі сэрцава-судзіннай сістэмы, органаў стрававання... І калі восень, як сёлета, наступіла імкліва, штарміць можа моцна. Значна скарацілася колькасць сонечных дзён, а, значыць, немінуча надыходзіць дэфіцыт крытычна важнага для арганізма вітаміну D2 і D3. Ёсць шмат даследаванняў, якія даводзяць, што цыкл чалавека «сон-няспанне», пазбаўленага сонечнага святла, змяняецца з 24 гадзін да 36 гадзін. Гэта значыць, працоўны графік з 8.00 да 17.00 восенню і зімой для нашага арганізма не падыходзіць. Уставаць зацемна і гэтак жа зацемна сыходзіць з працы - шкодна для здароўя. Імунная сістэма падае арганізму сігнал «нешта пайшло не так» і запускае фізіялагічны механізм «зімовай спячкі», як зберагальны рэжым у кампутара.

- Але працу ніхто не касаваў. Людзей, якія могуць сабе дазволіць змяніць рэжым сну і адпачынку ўвосень-узімку - адзінкі. Дайце, калі ласка, рэальныя парады, як дапамагчы арганізму падтрымаць сябе, пакуль цяпло і сонца не вернуцца?

- Адна з дзейсных і лёгкавыканальных парад - вітамінныя курсы для прафілактыкі разладаў і захворванняў. Гэта могуць быць прэпараты, якія можна набыць у аптэцы альбо папрасіць выпісаць свайго лекара, у залежнасці ад стану здароўя. А могуць быць і прыродныя антыдэпрэсанты - гародніна і садавіна, налягайце на іх восенню ўзмоцнена. Яшчэ адна важная парада - фізічная актыўнасць. Для падтрымання арганізма ў тонусе досыць штодзённых шпацыраў. Да прыкладу, 30 хвілін да працы і 1,5 гадзіны пасля. Ідэальна было б раніцай прызвычаіць сябе да кантраснага душу.

Каб пазбегнуць абвастрэння страўнікава-кішачных захворванняў, выключыце з рацыёну вострую, салёную, тлустую ежу, газаваныя напоі і спецыі. Ешце маленькімі порцыямі, часцей гатуйце на пару. Калі ёсць праблемы з сэрцам - максімальна адмоўцеся ад солі і салёнай ежы - селядца, аліў, вяленай рыбы, агуркоў і г.д.. Яны загусаюць кроў і могуць справакаваць інсульт ці інфаркт. Яшчэ пару важных і вельмі простых правілаў - апранайцеся па надвор'і і калі перагледзець працоўны графік не можаце, то хаця б спіце на гадзіну-паўтара больш. Арганізм скажа вам дзякуй.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках