17 красавiка 2024, Серада, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе ў Менску вырошчвалі кавуны і жылі кракадзілы

1
Дзе ў Менску вырошчвалі кавуны і жылі кракадзілы

Як у сталіцы з'явілася Татарская слабада.

Журналісты «Менск-Навіны» сустрэліся з экскурсаводкай Ліліяй Кісляковай, аўтаркай маршруту па Татарскай слабадзе, каля Палаца спорту. Цяжка ўявіць, што некалькі стагоддзяў таму гэтая мясцовасць была забалочаная. Свіслач і Няміга ўвесь час разліваліся, затапляючы наваколлі. Паводле адной з легендаў, на гэтых тэрыторыях жылі чорныя кракадзілы, але памерамі яны саступалі афрыканскім рэптыліям.

ФОТА: MINSKNEWS.BY

– У XIV–XVI стагоддзях гэта была ўскраіна Менска. Месца называлі Пятніцкі канец. Тут сяліліся татары. У большасці сваёй добраахвотныя перасяленцы з Паўночнага Прычарнамор'я. Князь Вітаўт дазволіў ім уладкавацца ў нашых краях, за што татары вельмі шанавалі яго і называлі белым ханам. На новай радзіме за імігрантамі захоўвалася сацыяльнае і станавае становішча. Прадстаўнікоў гэтага народа называлі літоўскімі татарамі, або ліпкамі. Яны размаўлялі на беларускай мове, але пісалі арабскай вяззю. Іх кнігі (кітабы) – унікальная з'ява ў культуры, – апавядае Лілія Кіслякова. – У гарадах, як правіла, татары сяліліся ў адным квартале. Так у Менску з'явілася Татарская слабада, якая распасціралася ад сучаснага Палаца спорту да вуліцы Грыбаедава. У раёне Нямігі татары разбілі гароды, дзе вырошчвалі гародніну і садавіну, нават кавуны, якімі забяспечвалі менчукоў. Татары ўважаліся добрымі ваярамі, працавалі жаўнерамі на пошце, чыгунцы, у судзе, займаліся гандлем і рамяством. Яны былі добрапрыстойнымі грамадзянамі.

Галоўнай вуліцай слабады лічылася Вялікая Татарская, якая знаходзілася ў раёне сучаснай вул. Дзімітрава, – яна схавалася за кінатэатрам «Масква» і гатэлем «Юбілейная». Сёння да гатэля прымыкае будынак з рэстаранам і казіно. Раней на гэтым месцы знаходзілася мячэць, якая ўважалася адным з самых прыгожых будынкаў Менска.

ФОТА: MINSKNEWS.BY

– Драўляны малітоўны дом пабудавалі ў канцы XVI стагоддзя на просьбу татарскага старэйшыны Салімана. Грошы на яго ўзвядзенне ахвяравалі мясцовыя жыхары. Культавы будынак падзяляўся на дзве часткі – мужчынскую і жаночую. Убранне было сціплым. Усярэдзіне – цырыманіяльны балдахін, на сценах – цытаты з Карана. Стаялі зэдлікі для вернікаў. Мінарэта – месца, адкуль склікаюць вернікаў на малітву, – тады не было. Ён з'явіўся толькі ў каменным будынку. Мячэць перабудавалі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Урачыстае адкрыццё адбылося ў 1902 годзе. Гэта быў прыгожы дом з вялікім цэнтральным купалам і высокім мінарэтам, – адзначае гід і падкрэслівае: – Нягледзячы на тое, што неаднаразова прадпрымаліся спробы навязаць татарам хрысціянства, яны здолелі захаваць сваю веру – іслам.

З 1936 да 1941 года дом малітвы мусульманаў аддалі пад харчовую базу, але ў гады Вялікай Айчыннай вайны набажэнствы там усё ж праходзілі. У 1949-м культавы будынак зачынілі і перадалі добраахвотнаму таварыству садзейнічання флоту. Татары, 163 чалавекі, напісалі ліст Сталіну з просьбай захаваць мячэць, але пасланне да яго не дайшло, і ніякія захады ўжытыя не былі. У 1962 годзе яе разбурылі.

Ідзем па вул. Мельнікайтэ, Заслаўскай да Амуратарскай. На месцы каменных высотак, якія выраслі тут за апошнія дзесяцігоддзі, калісьці стаялі драўляныя домікі, у якіх жылі татары. Гарадская інфраструктура Татарскай слабады была неразвітая: адсутнічалі ліхтары, дарогі. Толькі найбольш заможныя маглі дазволіць сабе каменныя дамы.

ФОТА: MINSKNEWS.BY

– Амуратарская – адзіная назва, якая захавалася ад Татарскай слабады. Паводле адной з версій перакладаецца як «шлях да Бога, праўды». Гэтая вуліца вяла да мізара – могілак мусульманаў. Па ёй неслі памерлых, – адзначае Лілія Аляксандраўна.

Сёння на Амуратарскай размешчаныя жылыя дамы.

Накіроўваемся да месца, дзе знаходзіўся мізар – у межах вул. Грыбаедава, Татарскай, Ігнаценкі. На гэтай тэрыторыі разбіты сквер і ўзвышаецца мячэць.

ФОТА: MINSKNEWS.BY

– Могілкі разбурылі ў 1970-я гады. Дзякуючы намаганням сваякоў захавалася толькі адна магіла – Хасена Александровіча і ягонай жонкі Галіны. Ён быў удзельнікам Менскага падполля ў гады вайны, актыўна ўдзельнічаў у выпуску падпольнай газеты «Звязда», – апавядае Лілія Кіслякова. – Частка надмагільных камянёў беражліва захоўваецца каля мячэці. Яны датуюцца ў асноўным канцом XIX – пачаткам XX стагоддзя.

Новая мячэць адчыніла свае дзверы ў 2016 годзе. Гэты культавы будынак у тры разы большы за свайго папярэдніка.

– Пастанову пра будаўніцтва прынялі ў 1990-м, – падкрэслівае экскурсаводка. – Мячэць будавалі доўга – амаль 12 гадоў. Працы вяліся за кошт спонсараў з Саудаўскай Аравіі, Расеі і Турцыі. На адкрыцці прысутнічалі прэзідэнты Беларусі і Турцыі. Унутры памяшканне аздобленае мармурам, на сценах – цытаты з Карана. На цокальным паверсе ёсць бібліятэка, навучальныя класы для дзяцей, зала для сходаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках