28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пераможца Івана Жахлівага: чым праславіўся Крыштоф Радзівіл «Пярун»

Пераможца Івана Жахлівага: чым праславіўся Крыштоф Радзівіл «Пярун»

Сын Мікалая Радзівіла Рудога з дзяцінства марыў аб воінскіх подзвігах.

Нарадзіўся Крыштоф Радзівіл Пярун у сям'і Вялікага гетмана Літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога 9 лютага 1547-га года, піша vklby.com.

З самага дзяцінства Крыштоф марыў аб вайсковай славе. Дзеі і дасягненні ў ратнай справе дзеда Юрыя Радзівіла Геркулеса і бацькі не маглі пакінуць хлопчыка абыякавым. А Мікалая Радзівіла вельмі цешыла імкненне хлопчыка спасцігнуць вайсковае мастацтва і таму ён ускладаў на сына, як прадаўжальніка сваіх спраў, усе надзеі. У 1564-м годзе ён узяў Крыштофа на вайну супраць Маскоўскага княства, дзе 16-гадовы юнак і атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне ў пераможнай бітве на рацэ Уле.

У 1567-м годзе Крыштоф Радзівіл быў прызначаны крайчым ВКЛ. Увесь гэты час юнак бесперапынна вучыцца: ягоны бацька навучае сына не толькі вайсковай справе, але і дыпламатыі, і дзяржаўнай дзейнасці. У 1567-м годзе Крыштоф Радзівіл, па пратэкцыі бацькі, бярэ ўдзел у перамовах з маскоўскімі пасламі ў Гародні ў перыяд правядзення сойма. Ён выконваў прадстаўнічую ролю і, 10-га жніўня разам з падскарбіем Астафіем Валовічам, сустракаў паслоў каля вялікакняскага замка, а ўжо 16-га жніўня прадстаўляў іх вялікаму князю Літоўскаму Жыгімонту Аўгусту. Пасля гэтага Крыштоф Радзівіл быў прызначаны начальнікам асабістай аховы князя на пасадзе ротмістра надворнай коннай харугвы.

У лютым наступнага 1568 года Радзівіл атрымлівае новы ваенны досвед пры няўдалай трохтыднёвай аблозе замка Улы. Нягледзячы на тое, што ўзяць замак не ўдалося, для Крыштофа гэта было карысным урокам у стратэгіі: як не варта штурмаваць варожыя замкі.

21 студзеня 1571-га года ён ажаніўся з дачкой Варшаўскага старасты Ганнай Собек. Да няшчасця бацькоў хлопчык і дзяўчынка, якія нарадзіліся ў гэтым шлюбе, памерлі ў раннім узросце.

10 траўня 1572-га года Крыштоф Радзівіл быў прызначаны Жыгімонтам Аўгустам на пасаду польнага Гетмана ВКЛ. Пасля прызначэння ён адправіўся на чале свайго атрада ахоўваць паўночна-ўсходнія межы княства.

Падчас замірэння з Масквой у Лівонскай вайне, Радзівіл удзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ён разам са сваім бацькам на выбарах новага караля Рэчы Паспалітай падтрымаў кандыдатуру Генрыха Валуа і пасля ягонай перамогі прысутнічаў 18 лютага 1574-га года на каранацыі ў Кракаве. А ўжо пасля ўцёкаў Генрыха Валуа, Крыштоф падтрымаў новую кандыдатуру Стэфана Баторыя, які пасля каранацыі пакінуў за Радзівілам усе ягоныя пасады і прывілеі.

Пасля смерці першай жонкі Ганны Собек 15 студзеня 1578-га года Крыштоф неўзабаве ажаніўся другім разам на Кацярыне Астрожскай, дачцэ Кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага; яму патрэбныя былі спадчыннікі. Вяселле адбылася 22 ліпеня 1578 года. Кацярына нарадзіла Радзівілу сына Януша і, праз паўгода пасля ягонага нараджэння, 3 жніўня 1579-га года памерла.

Першыя войскі пад сваё камандаванне Крыштоф Радзівіл Пярун атрымаў у 1578 годзе, сваім прывілеем Стэфан Баторый прызначыў яго камандаваць войскамі ў Лівоніі. Праз год, камандуючы дзвюма тысячамі коннікаў, ён адсвяткаваў сваю першую самастойную перамогу. Вяртаючыся з ваеннага рэйду па акрузе Дэрпа (Тарту), ён аблажыў замак Керпец (Кірэмне) і 11 люты 1579-га года ўзяў яго штурмам. У гэтым жа 1579-м годзе Радзівіл удзельнічаў у кампаніі вызвалення Полацка ад маскоўскіх войскаў. Са сваім атрадам ён блакаваў замак Сокал, бо штурмам яго нельга было ўзяць, а разам з замкам была перакрытая і дарога на Полацк. Пры такім раскладзе магчымасць нечаканага ўдару па войсках Рэчы Паспалітай фактычна выключалася. За гэта, 16-га кастрычніка 1579-га года, Стэфан Баторый сваім прывілеем прызначыў Крыштофа Радзівіла Троцкім кашталянам, а крыху пазней пагадзіўся даць яму пасаду падканцлера ВКЛ. Нягледзячы на атрыманыя высокія пасады, Радзівіл прадоўжыў несці вайсковую службу і ўзяў удзел у акупацыі Вялікіх Лук.

10 ліпеня 1581-га году, у адказ на спаленыя пасады Воршы, Шклова, Магілёва, Дуброўны, Радомля і Копысі, Стэфан Баторый прыняў пастанову адправіць з візітам у адказ рэйдам у Маскоўскае княства Крыштофа Радзівіла Перуна. Ягоны паход пачаўся 5-га жніўня ў Віцебску. Ён атрымаў у падмацаванне чатыры тысячы чалавек і тады, маючы прыблізна ў сваім распараджэнні ад 7 тысяч чалавек, ён пайшоў на Сураж.

У гэтым паходзе Радзівіл карыстаўся тактыкай выпаленай зямлі, пакідаючы пасля сябе толькі попел. Дзейнічаў ён вокамгненна і нечакана з'яўляўся там, дзе яго не чакалі. Ад Суража, спальваючы ўсё на сваім шляху, Крыштоф Радзівіл Пярун дайшоў да Ржэва, а ад Ржэва да Волгі, і выйшаў да яе берагоў 26-га жніўня каля Прачысценскага манастыра. Даведаўшыся, што недалёка ў Старыцы знаходзіцца сам Іван Жахлівы, Радзівіл пачаў з таго, што запаліў найбліжэйшыя вёскі і мястэчкі. Аднак, на прапанову сваіх памочнікаў аблажыць сам гарадок, дзе быў маскоўскі цар, не пагадзіўся. Ад былога царскага пасцельнічага Данілы Крыштоф Пярун даведаўся, што Іван Жахлівы думае толькі аб тым, як уцячы са Старыцы і ўжо адправіў у Маскву сваю жонку з дзецьмі.

Напалохаўшы маскоўскага цара, Радзівіл адправіўся да Таропца, там, прастаяўшы два дні і спаліўшы ўсё навокал, ён сышоў да горада Старай Русы, дзе былі царскія саляварні, якія давалі Маскоўскаму цара даход блізу 200 тысяч рублёў. Старую Русу спасцігла тая ж доля, што і ўсе гарады і вёскі на шляху Перуна. Разам з саляварнямі горад быў спалены, а літоўскія войскі сышлі далей да Пархова. Гэты горад Радзівіл наважыў узяць, і з 10-га да 19-га кастрычніка трымаў яго ў аблозе. Толькі загад караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ісці да Пскова выратаваў горад ад захопу. 26-га кастрычніка Радзівіла сустракалі ў Каралеўскім лагеры пад Псковам.

Напалоханы паходам Радзівіла і войскамі Рэчы Паспалітай пад сценамі Пскова, Іван Жахлівы даў згоду на пачатак перамоваў аб перамір’і. Менавіта пасля гэтага паходу і сталі называць Крыштофа Радзівіла Перунам за тое, што ён падобна паганскаму славянскаму богу выпаліў зямлю, па якой ішоў, і навёў жах на ворагаў сваіх.

19-га сакавіка 1592-га года Радзівіл ажаніўся трэцім разам на Кацярыне Тэнчынскай. У гэтым шлюбе з'явіліся на свет дачка Эльжбета і сын Крыштоф.

Пасля заканчэння Лівонскай вайны Крыштоф Радзівіл Пярун прадоўжыў займацца дзяржаўнай дзейнасцю на пасадзе падканцлера і 15-га снежня 1584 года быў прызначаны віленскім ваяводам. Аднак, прыняўшы гэтую прапанову, ён быў вымушаны адмовіцца ад пасады падканцлера ВКЛ.

Пасля смерці Стэфана Баторыя Крыштоф Радзівіл зноў узяў удзел у выбарах новага караля Рэчы Паспалітай. З абраным каралём Жыгімонтам Вазам стасункі ў Радзівіла не складваліся. Прычынай было тое, што Радзівіл разам са Львом Сапегам і іншымі магнатамі ВКЛ быў прыхільнікам самастойнасці Літвы, а таксама быў адным з тых, хто ўзяў удзел у зацвярджэнні статута ВКЛ. Гэты статут, падчас выбараў караля Рэчы Паспалітай у 1588-м годзе, быў вымушаны падпісаць Жыгімонт Ваза ў абмен на падтрымку літоўскіх магнатаў і шляхты. Менавіта з гэтага моманту і пачалося супрацьстаянне паміж каралём і Радзівілам. Выкарыстоўваючы ўсе магчымасці, Пярун спрабаваў супраціўляцца ўсім пачынанням і намерам, якія сыходзілі ад караля ў дачыненні да Літвы. Так у 1595-м годзе быў сарваны збор падаткаў у ВКЛ на вайну з татарамі. Радзівіл адмовіўся ўдзельнічаць у перамовах з імператарскімі пасламі аб удзеле Рэчы Паспалітай у антытурэцкай лізе, разумеючы, што гэтая задума нямецкіх Габсбургаў нічым добрым для Літвы не скончыцца. Будучы лідарам пратэстантаў у ВКЛ, Крыштоф Радзівіл выступаў супраць царкоўнай уніі католікаў і праваслаўных, лічачы, што гэта выкліча сур'ёзны супраціў праваслаўных. У адказ Жыгімонт Ваза адказваў тым жа, ігнараваў усе прапановы і заўвагі Радзівіла ў замежнай і ўнутранай палітыцы Рэчы Паспалітай ды і ў іншых пытаннях таксама.

Трэцім разам Радзівіл аўдавеў 19-га сакавіка 1592 года, ягоная жонка Кацярына Тэнчынская памерла ў Міры. Крыштоф Радзівіл быў удаўцом два гады, і зноў ажаніўся чацвёртым разам на Альжбеце Астрожскай 24-га жніўня 1594 года ў Любліне.

Ад дзяржаўнай дзейнасці Радзівіл адцягваўся толькі тады, калі быў заняты вайной. У 1601-м годзе ён зноў абараняў Айчыну, на гэты раз ад швэдаў. У Лівоніі, разам з Янам Хадкевічам, ён, 21-га чэрвеня, разбіў пад Какенгаўзенам швэдаў, а потым узяў горад Вендэн. 24-га чэрвеня Радзівіл аблажыў Румбарг, але праз недахоп жаўнераў у войску праз месяц зняў аблогу з горада. Неўзабаве ён злучыўся з польскім войскам, а затым адмовіўся камандаваць войскамі ў Лівоніі ў адказ на нежаданне Жыгімонта Вазы прыняць ягоны план набору новых войскаў. Гэта была апошняя ваенная кампанія для Крыштофа Радзівіла Перуна, 20-га лістапада 1603 года ён памёр у маёнтку сваёй дачкі Альжбеты ў Слонімскім павеце.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках