16 красавiка 2024, aўторак, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Севярынец пра вяртанне гомельскай настаўніцы: Нейкі няправільны механізм

36
Ганна Севярынец пра вяртанне гомельскай настаўніцы: Нейкі няправільны механізм

У сітуацыю ўблытаўся чалавек, у службовыя абавязкі якога не ўваходзіць прызначаць ці звальняць настаўнікаў.

Настаўніца Ганна Севярынец па-чалавечы радая, што звольненая тыдзень таму яе гомельская калега атрымала шанец выправіць свае памылкі, але не ўпэўненая ў правільнасці механізмаў, выбраных для яе аднаўлення. Пра гэта педагог заявіла ў каментары «Белсату».

Нагадаем, што настаўніцу, звольненую за пагрозы вучню і брудную лаянку, сваім асабістым загадам аднавіў на працы Лукашэнка.

«Я не магу ацаніць саму сітуацыю: трэба было аднаўляць ці не трэба было аднаўляць, справядліва ці не справядліва. Мы, як заўсёды, бачым тое, што нам паказалі – відэа. І маем нейкі снежны ком каментароў ад людзей, вялікая колькасць якіх нічога не разумее ў настаўніцкай працы, нічога не разумее ў сітуацыях, якія складваюцца ў класе», – заявіла наша суразмоўніца.

Разам з тым Ганну Севярынец хвалюе тое, што сітуацыя «развязваецца тым чалавекам, у службовыя абавязкі якога не ўваходзіць прызначаць ці звальняць настаўнікаў».

«Па-чалавечы мне радасна за жанчыну, якая 35 гадоў аддала школе і якая адноўленая цяпер на працы. Атрымае магчымасць выправіць гэтую сітуацыю. Сысці з прафесіі не ў ганьбе, а выправіцца самой перад сабой. Але тое, што гэта адбываецца наўпростым указам чалавека, які быццам бы не мае дачынення ні да сітуацыі, ні да адукацыі, – гэта нейкі няправільны механізм», – падкрэсліла настаўніца.

Лукашэнка адрэагаваў «вельмі эмацыйна і жорстка»

Між тым прэс-сакратарка кіраўніка Наталля Эйсмант заявіла, што Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на звальненне гомельскай настаўніцы «вельмі эмацыйна і жорстка», паведамляе «Комсомольская правда».

«Гэта быў яркі прыклад усёдазволенасці з боку вучняў, хамскага стаўлення да настаўніцы і школы. Абурыў прэзідэнта і чэрствы, абыякавы падыход мясцовых кіраўнікоў да лёсу чалавека, калі, разабраўшыся зусім павярхоўна, а можа, і ўвогуле не разабраўшыся, звальняюць спецыяліста з 35-гадовым стажам!» – сказала яна.

У выніку за непрыманне захадаў для навядзення парадку ў школах і невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы строга папярэджаны прэм'ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі і адказны за адукацыю віцэ-прэм'ер. Міністр адукацыі папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці, вымовы абвешчаныя шэрагу службовых асобаў Гомельшчыны. Таксама звольненыя некаторыя чыноўнікі Гомельскага гарвыканкама, раённай адміністрацыі і дырэктар школы, дзе працавала настаўніца.

13 верасня з гомельскай школы № 15 звольнілі настаўніцу пачатковых класаў, якая падчас урока расейскай мовы пагражала школьніку, што ўдарыць яго партай, абражала яго і брудна лаялася. Відэа здарэння даслалі бацькі аднаго з вучняў.

Звальненне выклікала неадназначную рэакцыю. У тым ліку і некаторыя бацькі вучняў школы шкадавалі настаўніцу.

18 верасня настаўніцу сваім загадам аднавіў на працы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках