20 красавiка 2024, Субота, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Пенсіянерам Пуціну і Лукашэнку даўно час на супакой

41
Леанід Заіка: Пенсіянерам Пуціну і Лукашэнку даўно час на супакой

«Пераспела» ўжо гэтая генерацыя.

Расейскае выданне «Коммерсант» апублікавала артыкул, у якім апавядаецца пра план аб'яднання эканомік Беларусі і Расеі. Гаворка ідзе пра адзіны Падатковы кодэкс, знешнегандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, уніфікаваны ўлік уласнасці і падобных сацгарантый, амаль аб'яднаны банкаўскі нагляд, але з двума цэнтрабанкамі, адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі і гарманізацыю дзяржрэгулявання галінаў.

Расейскія журналісты заявілі, што фактычна гаворка ідзе пра стварэнне канфедэрацыі.

Сайт Charter97.org разам з кіраўніком аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканамістам Леанідам Заікам ацаніў патэнцыйную пагрозу эканамічнай інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

– Я мяркую, што ўсё гэта проста не ўвасобіцца ў жыццё. Акрамя таго, мы не бачылі арыгінал тэксту гэтай дамовы, вы не бачылі, ніхто не ведае, ці была яна ўвогуле падпісаная. А тое, што ўкінулі праз «Коммерсант» – традыцыйнае ўяўленне пра так званую Саюзную дзяржаву з 90-х гадоў. Класічная схема, якую ўжо шмат разоў абмяркоўвалі – сінхранізацыя прамысловай, грашовай, фіскальнай, мытнай, падатковай палітыкі.

А ў гэтай схеме ўзнікае шмат ляпаў: мытная палітыка ўжо сінхранізаваная ў рамках ЕАЭС. Тут прыдумляць новыя рубяжы і новыя тэхналогіі – парушэнне ўсіх правілаў і падпісаных у рамках Мытнага звязу дакументаў. Другі момант, падатковая палітыка Расеі вельмі неэфектыўная, пра гэта кажуць самі расейцы. Адзіная перавага ў іх – яны падаткаў не плацяць. У Расеі падаткі плацяць самыя слабыя. Таму іхняя сістэма нам проста не патрэбная.

У астатніх параметрах – сацыяльная палітыка, Грамадзянскі кодэкс і ўсё астатняе – гэта проста штампы. Раз тэкст баяліся апублікаваць і паказаць, то ён, напэўна, быў слабенькім. Калі б тэкст прапанавалі шырокім масам і спецыялістам, то былі б велізарныя прэтэнзіі да якасці працы ўрадавых структураў.

З тэхнічнага боку – апублікуюць тэкст і народ пачне разагравацца, дэмакраты будуць гаварыць пра аншлюс і далучэнні, а Лукашэнка будзе маўчаць.

А цяпер давайце паглядзім на сітуацыю з боку. Два пенсіянеры, адзін – з Крамля, другі – з вуліцы Карла Маркса, даручылі сваім прэм'ерам, адзін з якіх з'яўляецца спецыялістам у Канстытуцыйным праве (прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў, – рэд.), другі вайсковым фінансістам (прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, – рэд.), стварыць нейкую мадэль інтэграцыі. Тыя далі сваім падначаленым, якія напісалі казкі венскага лесу.

Хлопцы, патрэніруйцеся на зайчыках. Вы прыбярыце роўмінг паміж дзвюма краінамі. Калі ў вас атрымаецца – будзем размаўляць. Не атрымаецца – давайце не будзем займацца глупствам. Па-другое, сінхранізуйце сістэму страхавання аўтамабіляў. Едзе беларус у Расею – патрэбная спецыяльная страхоўка, едзе расеец у Беларусь – патрэбная спецыяльная страхоўка. Хлопцы, пра што вы балбочаце, якая сінхранізацыя?

Зрабіце так, каб беларусы маглі звяртацца ў расейскія лякарні, я з гэтым сутыкаўся. У нас няма страхоўкі, ніхто не прымае нас у расейскіх лякарнях. Могуць праз хуткую дапамогу прамыць страўнік – вось і ўсё.

Яны нейкія дзіўныя, гэтыя крамлёўска-беларускія летуценнікі. Не ў стане зрабіць простыя рэчы, а вы пра такую кажаце.

– Калі дакумент мае ўсё ж пад сабой сілу, ці з'яўляецца гэта здачай сувэрэнітэту?

– Cкажыце, а нам засталося, што здаваць? Наша наменклатура сядзіць на расейскай нафце, расейскім газе, выцірае слёзы і соплі наконт падатковага манеўру, які запускае РФ. Беларусь цалкам залежыць ад Расеі, а ўсё астатняе сёння – фармальнасці.

– Ці варта меркаваць, што такая цесная інтэграцыя прывядзе ў Беларусь расейскіх алігархаў?

– Безумоўна, яны што, будуць глядзець на гэтых лохаў, якія 30 гадоў праседзелі і правалялі дурня?! Пачнецца распілоўванне ўласнасці.

– Калі адбудзецца эканамічная інтэграцыя, то за ёй рушыць і палітычная?

– Пры наяўнасці фантазіі, асабліва гарачай, магчыма. Але я спадзяюся, што ў беларусаў хопіць розуму і сілаў не паддацца гэтаму, запрацівіцца.

Акрамя таго, давайце не будзем слухаць Румаса, Арэшкіна, вядомых ва ўсім свеце тэарэтыкаў. Знайшлі мне лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў эканоміцы.

Так званая формула Румаса «дзве дзяржавы – адзін рынак» – гэта паўтор кітайскай формулы «Дзве краіны – адна дзяржава». А дзе гэтыя ўсе гэтыя «Арэшкіны» будуць праз тры гады? А Румас дзе будзе сядзець праз тры гады?

Я заклікаю дапамагчы сысці на супакой пенсіянерам Пуціну і Лукашэнку, якія вешаюць людзям лапшу на вушы.

На пенсію, хлопцы, на пенсію. І Румаса на пенсію, і Арэшкіна амбасадарам Расеі ў Занзібар. Пераспела ўжо гэтая генерацыя. Патрэбная свежая кроў.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках