18 красавiка 2024, Чацвер, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецка-савецкі штурм Берасцейскай крэпасці: Як гэта было

17
Нямецка-савецкі штурм Берасцейскай крэпасці: Як гэта было

Батальён з рэзервістаў-беларусаў пастанавіў абараняць крэпасць да канца.

У 1939-м праз некалькі дзён пасля таго, як Нямеччына і СССР заключылі дамову пра падзел Еўропы, Гітлер ударыў па Польшчы. Менш чым за два тыдні нямецкія войскі дайшлі да Берасця. Але там іх чакала нечаканая перашкода, піша «Салідарнасць».

Камандаваў 19-м матарызаваным корпусам Хайнц Гудэрыян, ён спадзяваўся адразу ўзяць Берасцейскую крэпасць. Але яе гарнізон, аснову якога складалі беларусы і ўкраінцы, адчайна супраціўляўся. Атака немцаў захлынулася...

Наш зямляк капрал Семянюк, які камандаваў тады кулямётным узводам Войска Польскага, успамінаў:

«Першы раз германец ударыў ноччу. З боку горада пайшлі танкі і пяхота. Яны скінулі нашых з вонкавых валоў крэпасці, але далей прасунуцца не змаглі.

Раніцай пачала гваздаць артылерыя. Гэта быў сапраўдны кашмар. Фугасы проста пераворвалі цытадэль.

Потым немцы зноў пайшлі ў атаку. Нашы кулямёты выгодна стаялі на абсталяваных пазіцыях і “рэзалі” нямецкую пяхоту кінжальны агнём. Але і ў крэпасці рваліся снарады. Ад абстрэлу загінула шмат нашых людзей. Шкада, баявыя былі хлопцы, як адзін, уставалі ў атаку.

Уначы я разам з таварышамі падбіраў і вёз забітых за раку, на Цярэспаль. Цярэспальскі мост мы ўтрымлівалі да апошняга».

За тры дні абаронцы Берасцейскай крэпасці адбілі 7 нападаў праціўніка. Аднак страты склалі блізу 40% асабістага складу. Вечарам 16 верасня генерал Канстанцін Плісоўскі, які камандаваў абаронай крэпасці, прыняў пастанову пакінуць яе і загадаў байцам сыходзіць у напрамку Цярэспаля.

Прарыў апынуўся паспяховым. Але сышлі не ўсё. Частка вайскоўцаў на чале з капітанам Вацлавам Радзішэўскім пастанавіла змагацца да канца. Гэты батальён складаўся ў асноўным з рэзервістаў-беларусаў.

Нямецкія войскі так і не здолелі расправіцца з апошнімі абаронцамі цытадэлі. І тады фашысты перадаручылі гэтую задачу хаўруснікам. Пасля супольнага савецка-нямецкага параду ў Берасці 22 верасня гітлераўцы пакінулі горад. Зачысткай крэпасці заняліся чырвонаармейцы.

Гэта цудоўна, але Радзішэўскі і ягоныя байцы здолелі не толькі пратрымацца да 26 верасня. Больш за тое, яны, калі магчымасці для супраціву былі практычна вычарпаныя, вырваліся з акружэння і растварыліся ў ночы.

Так скончылася абарона Берасцейскай крэпасці ў 1939-м. Да яе наступнага штурму заставалася менш за два гады...

А абодвух жа гэтых трагічных эпізодаў можна было пазбегнуць. Пакуль існавала Польшча, яна выконвала ролю буфера паміж Нямеччынай і СССР. Але «міралюбны савецкі ўрад» дазволіў і дапамог Гітлеру акупаваць Польшчу. У выніку нямецкія войскі і Чырвоная армія апынуліся на адной лініі. У чэрвені 1941-га гэта прывяло да катастрофы.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках