29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ангельца знялі з цягніка на беларуска-ўкраінскай мяжы, і ён ноч правёў на вакзале»

53
«Ангельца знялі з цягніка на беларуска-ўкраінскай мяжы, і ён ноч правёў на вакзале»
Фота: railwayz.info

Адказ Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Усё здарылася ў ноч з 7 на 8 верасня. Ангелец Эліёт Міхаэль Сінклэір ехаў у цягніку з Менска ў Львоў, піша «Онлайнер». Пры праверцы дакументаў у пункце пропуску «Гарынь», што на Століншчыне, яго знялі з цягніка. Памежнікі не выявілі ў яго рэгістрацыі, якая павінна быць ва ўсіх замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь больш чым на 5 дзён.

Як распавёў прадстаўнік брытанскай дабрачыннай арганізацыі The Together Plan Артур Ліўшыц, у Беларусь прыехала група маладых людзей з Вялікабрытаніі і ЗША.

- Для ўсіх гэтых хлопцаў мы знялі кватэру ў Менску, і ўсе яны прайшлі анлайн-рэгістрацыю, - кажа Артур. - У суботу, 7 верасня, наша група раз'ехалася. Некалькі хлопцаў паехалі ў Вільню з кіраўніком лонданскага офіса. Там яны спакойна прайшлі беларуска-літоўскую мяжу, ніякіх праблем не было. Адзін з удзельнікаў паляцеў на самалёце з Нацыянальнага аэрапорта. Ну і адзін з удзельнікаў адправіўся на цягніку ў Львоў, у яго там былі сустрэчы.

Эліёта знялі з цягніка ў гадзіну ночы і склалі пратакол аб затрыманні. Затым, са слоў Артура, праз гадзіну пасля затрымання высветлілася, што ў ангельца ўсё ж такі ёсць анлайн-рэгістрацыя, таму яго не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

- Калі я ўжо раніцай тэлефанаваў высвятляць сітуацыю, мне выставілі прэтэнзію, што ён павінен быў выразна сказаць пра сваю рэгістрацыі. Але так, як не размаўляе па-расейску, ён не мог нічога сказаць, - кажа Артур. - Эліёт усю ноч праседзеў на вакзале, быў засмучаны. Ён здзіўляўся, чаму павінен праводзіць ноч на вакзале, чаму яго знялі з цягніка, калі была рэгістрацыя і гэтак далей. Ён прасіў іх запрасіць прадстаўніка пасольства Вялікабрытаніі. Прасіў адправіць яго ў Менск і купіць квіток на самалёт у Львоў. Але памежнікі адказалі, што нікому нічога не даюць. Гэта значыць чалавека знялі з цягніка фактычна праз памылку і не паставіліся па-чалавечы да яго. Сэнс гэтай анлайн-рэгістрацыі, калі вось такія сітуацыі здараюцца?

У Львоў Эліёт усё ж такі з'ехаў: яму дапамаглі здаць білет і пасадзілі на наступны цягнік.

Афіцыйна: «Калі б ангелец патэлефанаваў адразу ж арганізатару і сказаў пра электронную рэгістрацыю, ніхто б яго з цягніка не здымаў»

Дзяржаўны памежны камітэт падрабязна распавёў, як дзейнічаў у гэтай сітуацыі. І іх версія выглядае не такой драматычнай, як версія Артура і Эліёта.

- Восьмага верасня грамадзянін Вялікабрытаніі Эліёт Міхаэль Сінклэір перасякаў дзяржаўную мяжу на выезд з Рэспублікі Беларусь цягніком у чыгуначным пункце пропуску «Гарынь», - патлумачыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі. - Гэта было ўначы. У ходзе ажыццяўлення памежнага кантролю ён падаў свой пашпарт з візай Рэспублікі Беларусь. У пашпарце была адзнака аб яго ўездзе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Якіх-небудзь адзнак аб рэгістрацыі замежнага грамадзяніна, з улікам таго, што, згодна з адзнакай уезду, грамадзянін знаходзіўся ў Беларусі больш за пяць дзён, у пашпарце не было.

У памежнікаў узнікае пытанне, што з рэгістрацыяй, бо ён павінен зарэгістравацца не пазней за 5 дзён з моманту ўезду ў Беларусь. Звычайна адзнакі ставяцца ў пашпарце або для замежных грамадзян выдаюцца спецыяльныя ўкладышы. Ні адзнак, ні ўкладышаў, нічога такога ў яго не было.

Памежнікі сталі высвятляць, ці быў ён зарэгістраваны. У ходзе гутаркі, а гутарка была як на расейскай, так і на ангельскай мове, было высветлена, што ён у прынцыпе не ведае пра неабходнасць рэгістрацыі ў Беларусі замежных грамадзян, якія знаходзяцца ў краіне больш за 5 дзён. Ён так і сказаў: «Я не ведаю пра рэгістрацыю, у органы ўнутраных спраў я не звяртаўся, мне было досыць візы». У гэтым мы ўгледзелі прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння.

Для таго каб разабрацца і не затрымліваць цягнік, натуральна, мы былі вымушаныя запрасіць яго ў службовае памяшканне. Па гэтым факце быў складзены пратакол адміністрацыйнага затрымання. У такіх выпадках мы звычайна затрымліваем грамадзян для разгляду на тэрмін да трох гадзін.

Ужо ў службовым памяшканні падчас размовы з гэтым грамадзянінам і праверкі яго па ўсіх базах звестак для складання працэсуальных дакументаў высветлілася, што напраўду ён зарэгістраваны. І рэгістраваў яго іншы грамадзянін, які свайму падапечнаму, відавочна, нічога не сказаў. Атрымалася неспадзяванка. Грамадзянін заявіў аб тым, што ён не рэгістраваўся, мы ўгледзелі ў гэтым правапарушэнне. Сталі разбірацца, і высветлілася, што ён не ўчыняў гэтага правапарушэння. У грамадзяніна папрасілі прабачэнне, вынеслі пастанову пра спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Звычайна ў такіх выпадках, калі мы заканчваем усе адміністрацыйныя пытанні ў адносінах да такіх грамадзян, мы дапамагаем гэтым людзям са спадарожным транспартам. У пункце пропуску мы іх трымаць не маем права. Таму мы іх альбо проста адпускаем дадому і яны самі прымаюць свае рашэнні, альбо аказваем дапамогу. Як правіла, замежнікам мы аказваем дапамогу. Начальнік змены схадзіў з ім разам у касу, яму вярнулі частку грошай за нявыкарыстаны білет, а потым мы пасадзілі яго на цягнік, які ішоў да Львова.

Уся загваздка была ў тым, што грамадзянін заявіў аб тым, што не рэгістраваўся і не ведае нават, што гэта такое. Калі б ён адразу сказаў пра электронную рэгістрацыю ці адразу ж патэлефанаваў беларускаму прадстаўніку, які б патлумачыў сітуацыю, мы б праз старэйшага змены гэта ўсё ўдакладнілі і хутка знайшлі б па ім інфармацыю. У такім выпадку ніхто б з цягніка яго не здымаў.

Такая сітуацыя ў нас упершыню, калі шчыра. Гэта выключэнне з правілаў. Што можна парэкамендаваць замежнікам і асобам што іх прымаюць. Абавязкова вывучайце заканадаўства і парадак знаходжання. Гэтыя правілы ёсць у нас на сайце, у тым ліку і ў англамоўнай версіі.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках