19 красавiка 2024, Пятніца, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы сталі менш есці бульбы і хлеба

14
Беларусы сталі менш есці бульбы і хлеба

За апошнія 13 гадоў рацыён беларусаў змяніўся.

Насельніцтва Беларусі павольна, але ўпэўнена папраўляецца - вось ужо больш за 25% жыхароў нашай краіны ва ўзросце ад 16-ці і старэй мае залішнюю вагу. Пяць гадоў таму гэты паказчык быў на 1% менш. Гэтыя звесткі са свежай справаздачы Белстата. Тут жа мы даведаліся, што сярод вяскоўцаў людзей з залішняй вагой больш, чым сярод гарадскога насельніцтва (30% супраць 23,4%). Магчыма, гэта таму, што больш за 80% моладзі жыве ў гарадах, піша kp.by.

Статыстыкі пацвярджаюць, што моладзь прыкметна менш абцяжараная лішнімі кілаграмамі. Так, ва ўзроставай групе 16 - 29 гадоў людзей з залішняй вагай усяго 5,7%. У тых, каму ад 30 да 39 гадоў - 12,9%, а 40-49 гадоў - 23,7%, але менавіта ў гэтых узроставых групах за апошнія пяць гадоў назіраецца тэндэнцыя да пахудзення. У групе 30 - 39 гадоў адсотак людзей з залішняй вагой паменшыўся з 15,7 да 12,9%, 40 - 49 гадоў - з 25,3 да 23,7%. У тых, каму за 60, наадварот - на 3% стала больш тых, каму пара змагацца з лішнімі кілаграмамі.

Больш за ўсё людзей з залішняй вагой жыве ў Менскай вобласці - 28%, менш за ўсё - у Менску - 19,8%.

Праясніць карціну дапамагае статыстыка фізічнай актыўнасці. Менавіта ва ўзроставай групе 16 - 29 гадоў займаюцца фізкультурай і спортам больш - 47%. Пры гэтым гараджане займаюцца спортам больш, чым сельскія жыхары - 30,1% супраць 16,7%.

А вось як змяніўся рацыён харчавання, ад якога істотна залежыць вага. За 13 гадоў у рацыёне беларусаў зменшылася спажыванне хлеба, бульбы, расліннага алею, маргарыну і іншых тлушчаў, малака і малочных прадуктаў, рыбы. Затое вырасла спажыванне гародніны, садавіны і ягад, мяса.

Але, мяркуючы з хвароб, да ідэальнага рацыёну нам яшчэ далёка. Так, паводле звестак таго ж Белстата, у Беларусі павялічылася колькасць захворванняў эндакрыннай сістэмы, разладу харчавання, парушэнні абмену рэчываў. У 2013 годзе іх дыягнаставана 74,2 тысяч, у 2018-м - ужо 104,5 тысяч.

Лекар-дыетолаг: «Фізічныя работы ў агародзе і на полі несувымерныя з кардыянагрузкамі, трэніроўкамі»

Статыстыка выклікае пытанні. Напрыклад, сельскіх жыхароў з залішняй масай цела больш. Няўжо фізічная вясковая праца менш спальвае калорый, чым гарадскі лад жыцця?

- Гэта звязана з тым, што ў вёсках людзі шмат п'юць алкаголю, шмат ядуць бульбы і хлеба і мала бялковай ежы, мала рухаюцца, - каментуе лекар-дыетолаг Ірына Яблонская. - І гэта нягледзячы на ўсе фізічныя працы ў агародзе і на полі, яны ўсё роўна несувымерныя з кардыянагрузкамі, трэніроўкамі. У вёсках такіх магчымасцяў проста няма нават тэхнічна.

Многія людзі недаацэньваюць сітуацыю. Іх усё задавальняе, ім здаецца, што ў іх усё добра. Але як раз ва ўзроставай групе з 16 да 49 гадоў у кожнага другога - залішняя маса цела. Не, гэта яшчэ не атлусценне. Яно адразу не ўзнікае. Яно пачынаецца з залішняй масы цела. Таму што занадта шмат вулічнай ежы, фастфуду, гіпадынаміі. І на самай справе не так шмат людзей, якія актыўна займаюцца спортам.

Я пагаджуся з тым, што спажыванне хлеба і бульбы зменшылася. Цяпер ужо ўсе ведаюць пра шкоду крухмалу, лішак вугляводаў. Людзі сапраўды сталі есці больш рознай гародніны, якой у нас цяпер дастаткова і яна даступная круглы год.

Дыетолаг падкрэсліла, што адным харчаваннем трымаць вагу ў рамках нормы не атрымаецца. Абавязкова трэба рухацца, каб павялічыць узровень метабалізму: «Можна есці што хочаш і колькі хочаш, калі ты гэтыя калорыі выдаткоўваеш. Калі спажываеш больш, чым выдаткоўваеш, то ўся твая дзейнасць, звязаная з фізічнымі нагрузкамі, зводзіцца да нуля, калі не ў мінус».

Карысна, смачна і гатаваць нядоўга

- Харчаванне павінна быць разнастайным, - кажа лекарка-тэрапеўт Кацярына Бурляева. Абавязкова павінны прысутнічаць жывёльныя і раслінныя бялкі. Бялкі жывёльнага паходжання (мяса, птушка, рыба, тварог, яйкі) неабходна ўжываць не радзей як два разы на дзень. Напрыклад, на сняданак могуць быць тварог і каша, на абед - мяса або рыба і каша, на вячэру - мяса або рыба з гароднінай. Дапоўніць гэтае меню можна садавінай і кісламалочнымі прадуктамі падчас перакусаў на працягу дня. Вядома, любое харчаванне неабходна падладжваць пад хранічныя захворванні (гастрыт, язва страўніка, жоўцекамянёвая хвароба і г.д.). Каб не выдаткоўваць шмат часу на прыгатаванне кожны дзень, можна прыгатаваць адну страву на некалькі дзён, а потым проста разаграваць яе. Таксама можна самастойна прыгатаваць катлеты або пельмені і замарозіць іх. Перад ежай даставаць з маразільніка і разаграваць. Гэта будзе нашмат смачней і карысней, чым купляць такую ежу ў краме.

А ў вас вага не залішняя?

Хочаце даведацца, ці ёсць у вас залішняя вага - вылічы свой індэкс масы цела (ІМТ). Падзяліце сваю вагу ў кілаграмах на рост у метрах, узведзены ў квадрат.

Напрыклад, вы важыце 65 кг пры росце 170 см. Значыць, ІМТ = 65/1,7х1,7 = 22,5. Гэта ў межах нормы, якую СААЗ трымае ў рамках ад 18,5 да 24,5.

ІМТ ад 25 і вышэй - залішняя маса цела.

ІМ Т ад 30 і вышэй - атлусценне.

ІМТ менш 18,5 - недастатковая маса цела.

ІМТ менш 16 - цяжкая форма дыстрафіі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках