20 красавiка 2024, Субота, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У Крамлі перамагла «партыя вайны»

8
Андрэй Саннікаў: У Крамлі перамагла «партыя вайны»
Андрэй Саннікаў

Расея фактычна выкарыстоўвае Беларусь як плацдарм, які пагражае Еўропе.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю Крым.Реалии выказаў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў.

«На жаль, заходнія палітыкі праяўляюць вялікую наіўнасць ў пытаннях бяспекі ў тым, што тычыцца Беларусі. У той час, як Аляксандр Лукашэнка пазіцыянуе сябе як нейкі «донар бяспекі» на постсавецкай прасторы, ён удзельнічае ва ўсіх вайсковых падрыхтоўках Масквы на заходнім кірунку. Найперш тут можна назваць супольныя вучэнні «Захад», самыя буйныя вайсковыя манеўры з часоў распаду СССР, апошнія з якіх праходзілі ў 2017 годзе.

Акрамя гэтага, рэгулярна праходзяць супольныя штабныя і дэсантныя вучэнні з Расеяй, у тым ліку каля межаў Украіны. Пры гэтым, паводле сцэнароў, аб'ектамі вучэнняў можа выступаць не толькі NATO, але і Украіна. Дарэчы, мы бачым рэакцыю NATO на такія дзеянні Масквы і Менска - гэта ўзмацненне прысутнасці сіл Альянсу ў краінах Балтыі, а таксама планы размяшчэння базы NATO ў Польшчы. Гэта сведчыць аб тым, што як мінімум на ўзроўні стратэгаў NATO Беларусь успрымаецца як частка расейскай вайсковай машыны», - адзначае беларускі палітык.

Пры гэтым Андрэй Саннікаў мяркуе, што адмова Аляксандра Лукашэнкі стварыць у Беларусі расейскую авіябазу не павінна ўводзіць Еўропу ў зман.

«Расейскія вайскоўцы досыць камфортна адчуваюць сябе на тэрыторыі Беларусі, і фармальная прысутнасць авіябазы нічога не зменіць, затое можа ўскладніць для Лукашэнкі магчымасць атрымання грошай на Захадзе. Са звестак, Расея цалкам спакойна выкарыстоўвае для сваіх мэт беларускія базы, аэрадромы, размяшчэнні частак. Мы не ведаем, колькі (расейскіх - КР) спецыялістаў засталося ў Беларусі пасля вучэнняў «Захад-2017». Словам, шчыльнасць вайсковага супрацоўніцтва паміж Масквой і Менскам такая, што Расея ўжо фактычна выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як сваю вайсковую базу. Праўда, апошнім часам гэтыя працэсы крыху прыпыніліся, бо, відавочна, Лукашэнка зразумеў, наколькі небяспечную сітуацыю ён стварыў для сябе самога», - мяркуе лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Што да магчымага сцэнару аншлюсу Беларусі з боку Расеі, на думку Андрэя Саннікава, такі варыянт нельга выключаць.

«Адным з варыянтаў тут можа быць «крымскі сцэнар», калі бачнасць легітымнасці працэсу паглынання ствараецца праз псеўдарэферэндум. Вядома, Лукашэнку не задавальняе такі варыянт, але рэч у тым, што ён сам у свой час запусціў гэты бумеранг. Яшчэ за Ельцыным ён вельмі хацеў стаць кіраўніком «саюзнай дзяржавы», і таму сам быў зацікаўлены ў яго стварэнні – але напраўду ніякай «саюзнай дзяржавы» не існавала ў рэальнасці. Да таго ж Лукашэнка сам фактычна прызнаў анэксію Крыма, нягледзячы на ўсе палітычныя гульні і яго хітрыя фармулёўкі на гэты конт. Прынамсі, дэлегацыя Беларусі ў ААН стабільна галасуе супраць усіх рэзалюцый, якія асуджаюць анэксію», - заявіў Андрэй Саннікаў.

На сёння беларускі апазіцыйны палітык не разглядае варыянт паглынання Беларусі як занадта імаверны, зыходзячы з тых выдаткаў, якія Маскве давядзецца плаціць у такім выпадку.

«Пуцін не атрымаў вялікіх дывідэндаў ад Крыму і Данбасу, затое атрымаў праз іх процьму праблем. Цяпер Пуцін спрабуе выкараскацца з-пад санкцый з дапамогай сваіх лабістаў на Захадзе, і наўрад ці ён, выключна з меркантыльных меркаванняў, надумае яшчэ больш ускладняць стасункі з заходнім светам. Мне здаецца відавочным, што ў Крамля ёсць жаданне цалкам кантраляваць Беларусь, а то і зусім пазбавіць яе незалежнасці, але яшчэ няма гатовага варыянту, як гэта зрабіць. Да таго ж такі сцэнар выкліча катэгарычны супраціў беларусаў, магчыма, узброены супраціў. Многія беларускія добраахвотнікі ваююць на Данбасе на баку Украіны, і я думаю, яны могуць выкарыстоўваць свой досвед і супраць агрэсіі Расеі ў Беларусі разам са сваімі ўкраінскімі пабрацімамі.

Так, ідэі «расейскага свету» актыўна прапагандуюцца ў краіне праз пракрамлёўскія рэсурсы, а беларускую моладзь спрабуюць актыўна ўключыць ва ўдзел у ваенізаваных летніках, да прыкладу, у акупаваным Крыме. Аднак гэтыя ідэі не прадстаўлены ў выглядзе нейкай аформленай палітычнай сілы і не папулярныя ў Беларусі», - мяркуе Саннікаў.

З іншага боку, Андрэй Саннікаў падкрэслівае, што пры ўсёй магчымай нявыгадзе аншлюсу Беларусі для Уладзіміра Пуціна такі варыянт нельга адпрэчваць.

«Усё больш аналітыкаў адзначаюць, што ў Крамлі перамагла «партыя вайны», якая ўсур'ёз разглядае магчымасць вайсковай агрэсіі супраць краін Балтыі. Пуцін сёння адкрыта абвяшчае новую гонку ўзбраенняў пад маркай неабходнасці супрацьстаяння ЗША, і гэтая гонка ўжо стала прыводзіць да катастроф на тэрыторыі Расеі, да прыкладу ў Северадзвінску. Цяпер Расея праводзіць узмацненне зброяй у двух кірунках: мілітарызацыя акупаванага Крыма, а на еўрапейскім кірунку - Калінінграда і Беларусі. У Беларусь нядаўна былі пастаўленыя ракетныя комплексы С-400, а таксама сучасныя знішчальнікі Су-30СМ. Удару можна чакаць на кожным з гэтых кірункаў. У расейскіх генералаў ужо раздутыя ноздры ад паху крыві, якую яны пралілі ва Украіне і Грузіі, і яны, безумоўна, працягваюць распрацоўкі планаў далейшай агрэсіі, таму мы проста абавязаны разглядаць самы горшы варыянт. Сёння дзіўна чуць ад некаторых заходніх палітыкаў, што далейшая агрэсія з боку Расеі малаімаверная. Вайсковыя дзеянні Расеі ў іншых краінах - гэта ўжо факт, а не здагадка.

Пуціну не патрэбна аб'яднаная Еўропа, таму Расея, з аднаго боку, напампоўвае грашыма сепаратысцкія і экстрэмісцкія групы і партыі ўнутры еўрапейскіх краін, а з другога боку, ператварае Беларусь у вайсковы плацдарм, які пагражае Еўропе. Калінінград і Беларусь фактычна забяспечваюць абцугі, з дапамогай якіх можна «адкусіць» ад Еўропы краіны Балтыі і пагражаць Польшчы. І вельмі трывожна, што заходнія палітыкі не разумеюць гэтай пагрозы. Рэч у тым, што адным толькі вайсковым супрацьстаяннем гэтую праблему не развязаць. Заходнія краіны павінны найперш падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Расеі, Беларусі ды іншых краінах постсавецкай прасторы», - мяркуе апазіцыйны палітык.

Яшчэ адным вынікам «паўзучай акупацыі» Беларусі Расеяй Андрэй Саннікаў называе выдачу тэрыторыі Беларусі для будаўніцтва расейскай АЭС, што можа пагражаць новай маштабнай ядзернай катастрофай.

«Будаўніцтва АЭС вядзецца «Расатамам» тыпова савецкімі метадамі. Сутнасць такога метаду ў тым, што грошы, прызначаныя на гарантаванне бяспекі працы станцыі, папросту раскрадаюцца. Пры гэтым ні ў Расеі, ні ў Беларусі няма свабоды прэсы, якая магла б забяспечыць кантроль за будаўніцтвам і яго адпаведнасць стандартам і нормам. Між тым на тэрыторыі Расеі ўжо адбывалася аварыйнае адключэнне рэактараў таго тыпу, які прызначаны для Беларусі: як на Калінінскай, так і на Белаярскай АЭС. Аварыйныя сітуацыі з яшчэ невядомым рэактарам былі зафіксаваныя і на тэрыторыі Беларусі. Паводле інфармацыі, якая пранікла ў прэсу, яго пашкодзілі падчас транспартавання, і невядома, ці адбыўся пасля гэтага рамонт або замена рэактара. Вядома, што на будоўлі адбываліся няшчасныя выпадкі з чалавечымі ахвярамі, якія таксама хаваюцца, і факты ўтойвання інфармацыі выклікаюць больш за ўсё боязі», - кажа Саннікаў.

Пры гэтым, паводле слоў Андрэя Саннікава, беларускія ўлады не робяць нічога для таго, каб узмацніць незалежнасць краіны ад Масквы хоць бы ў інфармацыйным плане.

«Меркаванне пра тое, што Лукашэнка дае большую свабоду беларускай мове - гэта толькі бачнасць. Напраўду, беларуская мова дыскрымінуецца, у краіне не існуе ніводнага ўніверсітэта, выкладанне ў якім вялося б на беларускай мове. Больш за тое, міліцыя, калі чуе на вуліцах беларускую мову, «робіць стойку»: для іх гэта паказчык нядобранадзейнасці і магчымая падстава для затрымання.

Беларускае войска таксама наўрад ці будзе бараніць незалежнасць краіны, бо яно не выхоўваецца ў патрыятычным духу. Не будзе яно абараняць і Лукашэнку: праз дамінантную ролю расейскай тэлевізіі Пуцін цяпер больш папулярны ў Беларусі, чым Лукашэнка. Складваецца ўражанне, што апошні наогул дрэнна кантралюе сітуацыю ў краіне. З'яўляючыся на тэлевізіі, ён не трапляе ў палітычную позву, робіць нейкія недарэчныя заявы. Да таго ж беларускія вайскоўцы ведаюць, што грашовае забеспячэнне ў расейскім войску істотна вышэйшае, чым у беларускім.

Самай лепшай падтрымкай незалежнасці было б спыненне ціску на апазіцыю, правядзенне рэальных выбараў і дазвол патрыятычным сілам стаць на абарону Беларусі. Такая магчымасць ёсць нават у цяперашняга рэжыму ў наступным годзе правядзення выбараў», - адзначае Саннікаў.

Інтэрв'ю запісала Ксенія Кірылава

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках