19 красавiка 2024, Пятніца, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Прадстаўнікі БНК гатовыя сустрэцца з Джонам Болтанам

13
Мікалай Статкевіч: Прадстаўнікі БНК гатовыя сустрэцца з Джонам Болтанам
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Высокі прадстаўнік ЗША павінен ведаць, што напраўду адбываецца ў Беларусі.

Амерыканскае выданне Foreign Policy паведаміла пра тое, што дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джон Болтан наведае Беларусь найбліжэйшым часам — магчыма, нават на гэтым тыдні.

Візіт высокапастаўленага прадстаўніка ЗША ў нашу краіну для Charter97.org пракаментаваў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад БНК Мікалай Статкевіч.

- Як вы пракаментуеце візіт Джона Болтана ў Беларусь?

- Гэта вельмі важная і знакавая падзея для нашай краіны, якая кажа пра тое, што нарэшце новая адміністрацыя прэзідэнта ЗША зразумела важнасць Беларусі для бяспекі ў нашым рэгіёне.

Тое, што было даўно зразумела нам і нашым суседзям, цяпер разумеюць і ў Вашынгтоне. І гэта вельмі пазітыўны сігнал для нас.

Гэтым візітам ЗША даюць нам сігнал у сваёй зацікаўленасці ў незалежнасці Беларусі. Наша краіна сапраўды з'яўляецца ключавым месцам рэгіёну: ад нашай мяжы некалькі дзясяткаў кіламетраў да сталіцы Літвы, не больш за дзве сотні кіламетраў да сталіц Украіны і Польшчы і блізу 700 км да сталіцы Расеі.

Гэта той рэгіён, пагроза з тэрыторыі якога можна памяняць сітуацыю не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. І добра, што новая адміністрацыя ЗША гэта зразумела і пайшла далей, чым папярэднія адміністрацыі, накіраваўшы прадстаўніка такога высокага ўзроўню ў Беларусь, каб разабрацца ў сітуацыі.

Разабрацца ў тым, якім чынам беларускі рэжым можа (ці не можа) «абараніць незалежнасць» Беларусі.

Таму што «абарона» гэтая з боку Лукашэнкі выглядае неяк дзіўна. Усе мы ведаем, як краіны абараняюць сваю незалежнасць.

Гэта павышэнне ўзроўню эканамічнай самастойнасці і правядзенне эканамічных рэформаў з гэтай мэтай. Гэта пошук паразумення з грамадствам і вядзенне грамадскага дыялогу, у тым ліку і правядзенне сумленных выбараў. Гэта ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, выхаванне патрыятызму ў грамадстве і апора на патрыётаў.

Усе мы ведаем, што ў Беларусі ўсё робіцца з дакладнасцю да наадварот. Залежнасць ад Расеі толькі ўзмацняецца. Замест пошуку нейкага паразумення рэжым Лукашэнкі займаецца прыгнётам грамадства. Замест умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці прадаўжаецца працэс знішчэння беларускай мовы і школьнай адукацыі на ёй. А што казаць пра патрыятызм? Дастаткова ўспомніць «справу патрыётаў», калі былі арыштаваныя больш за 30 чалавек, нават не звязаных з палітыкай, а проста займаліся патрыятычным выхаваннем моладзі.

Так што я думаю, спадару Болтану будзе цікава даведацца, як Лукашэнка напраўду «абараняе» незалежнасць Беларусі.

- Ці гатовыя вы сустрэцца з Джонам Болтанам?

- Нам у Беларускім нацыянальным кангрэсе, які з'яўляецца авангардам барацьбы супраць дыктатуры за свабоду і незалежнасць нашай краіны, хацелася б выказаць сваю пазіцыю дарадцу прэзідэнта ЗША Джону Болтану.

Таму я ад імя БНК і на даручэнне сваіх калегаў па Беларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу накіраваў ліст у амбасаду ЗША з просьбай арганізаваць нам такую сустрэчу.

Першым у спісе дэлегацыі БНК для сустрэчы з Джонам Болтанам мы паказалі лідара прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча. Факт «хатняй хіміі» для лідара незалежнага прафзвязу, ягоны пераслед з боку ўладаў — найбольш красамоўнае пацвярджэнне нашых слоў аб рэальнай сітуацыі з «дэмакратыяй» у Беларусі.

Пра сябе таксама магу сказаць: Я заўсёды абараняў законнасць і Канстытуцыю ў Беларусі. За свае перакананні адседзеў у засценках рэжыму больш за восем гадоў. Але Лукашэнка ўсё адно мяне баіцца, таму на мяне наклалі забарону на ўдзел ва ўсіх выбарах.

Хацелася б, каб высокі прадстаўнік такой вядучай сусветнай дзяржавы атрымаў інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі з усіх бакоў. І мы, прадстаўнікі БНК, гатовыя сустрэцца з Джонам Болтанам і расказаць яму пра сваю пазіцыю.

- Што ўважаеце за важнае данесці з боку апазіцыі да высокапастаўленага прадстаўніка ЗША?

- Першае: Лукашэнка не з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Яго цікавіць захаванне пэўнага ўзроўню залежнасці ад Расеі. Ён цяпер «таргуецца» з Масквой, каб захаваць гэтую залежнасць у абмен на датацыі для свайго рэжыму.

Выратаванне нашай незалежнасці можа зыходзіць толькі ад нашага грамадства. Тут магчымыя два варыянты. Першае: Захад прымушае ўладу да дыялогу з грамадствам, да супольных мерапрыемстваў у абароне незалежнасці. Другое: беларускі народ самастойна прыбірае дыктатара, які давёў краіну «да ручкі». Мы гатовыя да рэальнага дыялогу з уладай, але часу ў яе застаецца ўсё менш.

Перамены ў Беларусі будуць у кожным выпадку, яны непазбежныя. Нічые датацыі Лукашэнку ўжо не выратуюць, беларусы ненавідзяць дыктатара. Гаворка ідзе толькі аб тым, якім чынам адбудуцца гэтыя перамены.

Я спадзяюся, што высокі прадстаўнік ЗША падчас візіту ў Менск будзе знаходзіцца на вышыні сваёй місіі. Таму што ягоная краіна доўгі час была вядучай дэмакратыяй планеты, флагманам у барацьбе за свабоду іншых народаў. Дзякуючы гэтай пазіцыі Амерыка заўсёды мела каласальны маральны аўтарытэт для мільёнаў людзей.

А беларусы заўсёды з сімпатыяй ставіліся да ЗША.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках