29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макс Корж: Тут мая сіла і мая зямля

14
Макс Корж: Тут мая сіла і мая зямля

Як музыка сабраў поўны стадыён «Дынама».

Учора на стадыёне «Дынама» адгучаў канцэрт Макса Каржа – аднаго з галоўных музыкаў незалежнай Беларусі. Апошнія гады рэпер з Лунінца не дае інтэрв'ю і ўсяляк пазбягае публічнасці, што ніяк не перашкаджае яму ладзіць неверагодна руховыя канцэрты на дзясяткі тысячаў чалавек.

Журналістка tut.by Крысціна Горбач тлумачыць, чаму ад музыкі гэтага хлопца любы стадыён будзе трашчаць у швах і як атрымалася, што Корж стаў беларускім артыстам нумар адзін.

ФОТА: TUT.BY

Зразумець, што суботнім вечарам у горадзе будзе рух неверагоднага маштабу, вельмі проста. Калі вечарам у пятніцу вы шпацыравалі па Нямізе і Зыбіцкай, то маглі заўважыць кампанію падлеткаў са сцягамі і фаерамі, якія гарлапаняць трэкі Каржа, – гэта падказка нумар раз. Падказку нумар два вы знойдзеце каля будынка па вуліцы Кірава, 8 за некалькі гадзінаў да пачатку канцэрта – натоўпы людзей, якія вызвалілі суботні вечар для таго, каб ужывую паглядзець, якія магутныя канцэрты дае Макс Корж. Некаторыя з фанатаў вартуюць пад стадыёнам з пятай раніцы, а адзін хлопец, кажуць, прыйшоў за суткі! Трэцяя падказка са стартам канцэрту стане самай відавочнай – гэта гук, які цягам трох з паловай гадзінаў будзе разносіцца па многіх вуліцах далёка за межамі стадыёна.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

Калі ў лістападзе летась Корж абвесціў, што будзе збіраць «Дынама», многія гэтаму не здзівіліся. Для артыста, які ўжо двойчы з аншлагам выступіў у «Менск-Арэне», лагічна было скочыць троху вышэй і сабраць у Менску не 15 тысячаў чалавек, а 35 тысячаў. Сам Корж кажа, што не ішоў да футбольных стадыёнах мэтанакіравана, хутчэй, гэта некаторае лагічнае прадаўжэнне забітых з коптурам пляцовак накшталт галоўнай беларускай лядовай арэны. Сёлета ў спісе канцэртаў беларуса значыцца пяць стадыёнаў (акрамя Менска – Масква і Кіеў, а яшчэ Краснадар і Чэлябінск), і ўсе яны, як вы маглі здагадацца, не пакутуюць ад недахопу гледачоў. Дарэчы, сённяшні канцэрт – самы вялікі сольнік у жыцці Каржа (пабіты нядаўні кіеўскі рэкорд 26 тысячаў чалавек).

Першых людзей пусцілі на стадыён а 16-й гадзіне, а 19-й гадзіне танцпол выглядаў цалкам запоўненым (чарга, да слова, рухалася досыць хутка). Да пачатку канцэрта людзей забаўлялі фанаты Каржа. Разам з інструментамі (пераважна духавымі) яны забраліся на пляцоўку для відэааператараў, якая размяшчалася паміж першай і другой часткамі танцпляца, і гралі трэкі (натуральна) Каржа, «Ляпіса», а яшчэ несмяротныя хіты групы Reflex.

Прыкладна ў 20.30 на сцэне ўключылася відэа з дзяўчатамі ў нацыянальнай вопратцы, якія спявалі пра «сінявокую Беларус». На сцэну выйшаў Максім Корж. Ён таксама праспяваў пра родную краіну і сказаў: «Дзе б я ні быў, я чамусьці заўсёды вяртаўся назад. Тут мая сіла, мая сям'я, мая зямля».

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

Як і падчас папярэдняга канцэрту ў Менску, Максім часта ўспамінаў пра тое, як пачыналася ягоная кар'ера. Ён звяртаўся да тых з фанатаў, хто слухае яго нядаўна, і да тых, хто сочыць за ім даўно. Дарэчы, паспрабуйце задаць сабе пытанне, з якога трэка вы слухаеце Каржа? Магчыма, вы не ўспомніце, але мне гэты момант ўрэзаўся ў памяць: 2012 год, гарадскі парк у Пінску, мы з аднакласнікамі пазуем для выпускнога альбома, а з калонак грае «Неба дапаможа нам».

Тады я яшчэ не ведала, што гэта трэк майго земляка, хлопца з беларускага Палесся. Не ведала, што праз пяцёрку гадоў гэты хлопец будзе даваць канцэрты ад Камчаткі да Амерыкі і збіраць велізарныя стадыёны, на адным з якіх сёння знаходжуся і я. Усё, што я запомніла тады, гэта ўчэплівы матыў, але менавіта ён, як кажа сам Корж, даў яму дарогу ў жыццё.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

Многія думаюць, што менавіта з «Неба дапаможа нам» пачалася гісторыя Каржа. Гэта і праўда, і не. Як музыка Максім стартаваў яшчэ ў родным Лунінцы задоўга да 2012-га. Музычную школу, куды хадзіў маленькі Корж, пад увагу не бярэм, хоць, паводле словаў многіх, любоў да музыкі яму прышчапіла менавіта першая настаўніца фартэпіяна. Першыя прыкметныя хіп-хоп-спробы лунінецкага падлетка выявіліся ў групе LunClun, якую Корж з сябрамі сабралі ў старэйшых класах. Спявалі, між іншым, на беларускай (ёсць відэа – абавязкова паглядзіце).

Многія з школьных сяброў і сёння побач з Каржом на сцэне. Напрыклад, Лёша Лазько – бэк-эмсі. Ён прайшоў з Максімам увесь шлях і наўрад ці ў свае 17 гадоў думаў, што ў жніўні 2019 года яны разам будуць даваць канцэрт у роднай Беларусі на 35 тысячаў чалавек.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

А LunClun, калі вам яшчэ цікава, разваліўся: ягоныя ўдзельнікі скончылі школу і з'ехалі з маленькага гарадка за 40 кіламетраў ад мяжы з Украінай. Корж з'ехаў, як вы здагадаліся, у Менск. Дзясяткі, калі не сотні лунінчанаў сёння паўтарылі ягоную дарогу і таксама прыехалі ў сталіцу. Праўда, усяго на адзін дзень – пабачыцца з земляком. Са сцэны Максім сказаў, што няма ніводнага канцэрту ў свеце, на якім знаходзілася б столькі людзей, якіх ён ведае ў твар. На «Дынама» былі не толькі сябры і знаёмыя Макса, але яшчэ мама і тата, дзядзька і цётка і нават суседзі – і старыя, і новыя. Упэўненая, усе лунінецкія ганарацца тым, што гэты хлопец, Макс Корж, нарадзіўся і вырас не ў якім-небудзь іншым непрыкметным гарадку, а менавіта ў тым, адкуль родам і яны самі.

Але знаёмыя і сваякі Каржа – людзі дарослыя. На канцэрце ж было значна больш моладзі, студэнтаў і школьнікаў. Яны таксама, як і сам Корж некалі, напэўна прагульваюць заняткі, а тыя з іх, хто шукае дасягнення чагосьці ў музыцы, на сцэне бачаць прыклад таго, што ўсё магчыма: гэты хлопец у свой час выступаў у падземных пераходах, першы сольны канцэрт у клубе «Афрыка» быў параўнальны для яго з палётам у космас, а сёння ён стаіць на сцэне перад трыццаццю пяццю тысячамі.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

Чаму ж сярод сотняў, калі не тысячаў звычайных юнакоў, якія хацелі рабіць музло, стадыёны збірае менавіта Корж? Наўрад ці на гэтае пытанне ёсць адназначны адказ. Але дакладна можна сказаць адно: вялікую ролю ў гэтым згуляла ягоная шчырасць. Максім кажа пра тое, што хвалюе яго самога, не выстаўляецца грашыма, якія ў яго, напэўна, ёсць, жыве ў кайф і не спрабуе быць тым, кім на самай справе не з'яўляецца.

На шчасце самога Макса, ён досыць рана зразумеў, наколькі важна заставацца самім сабой. Хто ведае, можа, калі б відэа на «Неба дапаможа нам» апублікавалі ў першапачатковым выглядзе, то Корж сёння не стаяў бы на сцэне (хутчэй за ўсё, вы не ведалі, але ў першай версіі кліпа ў кадры красаваліся дзяўчаты і дарагія тачкі). «У нейкі момант я зразумеў: уся гэтая раскоша не для мяне», – прызнаўся музыка сам сабе, і кліп перазнялі на той, што ёсць у YouTube. Велізарная колькасць слухачоў з многіх гарадоў і краінаў гэтую сумленнасць ацанілі. І – пайшлі за Каржом.

Фанаты музыканта ў літаральным сэнсе ідуць за ім. На любым канцэрце ёсць хлопцы «на выездзе» – і мінімум 10% квіткоў на менскі канцэрт набылі жыхары іншых краінаў, а гэта блізу трох тысячаў чалавек. На «Дынама» мільгалі сцягі Расеі і Украіны, Латвіі і Літвы, Эстоніі і Грузіі.

ФОТА: TUT.BY

Што рабілася на самім канцэрце, прызнацца шчыра, словамі апісваць досыць складана: Корж сыграў многія вядомыя трэкі, стадыён яму падпяваў, а паўзы паміж слэмам наўрад складалі 10 хвілінаў. Каб пранікнуцца рухам, які акумулюе на канцэртах Макс, варта хоць бы раз на іх пабываць. Для чысціні эксперыменту трэба абавязкова схадзіць на канцэрты іншых рэпераў, каб убачыць відавочную розніцу: так запальваць публіку, як беларус, могуць толькі адзінкі.

Корж заводзіцца сам і ўмее завесці натоўп – пры гэтым ён асабіста амаль нічога для гэтага не робіць: «працуе» ягоная музыка. Прыхільнікі ведаюць тэксты на памяць і выдатна разумеюць, у які момант трэба скакаць, гучна выкрыкваць ключавыя фразы, ісці ў слэм. Але калі зусім шчыра, атмасферу стварае нават не гэта і не сотні сцягоў і «алімпіек», якімі сёння напоўніўся стадыён «Дынама». Рэч у тэкстах і думках Каржа, якія знаходзяць водгук у сэрцах як 15-гадовых, так і 30-гадовых. Гэтых людзей тысячы, калі не мільёны. Яны жывуць і ў Лунінцы, і на Сахаліне – куды б ні прыехаў з канцэртам Корж, ад ягонай музыкі абсалютна любы стадыён будзе трашчаць у швах.

Калісьці Каржа лаялі за простасць тэкстаў песняў. Здаецца, гэтыя людзі не здагадваліся, што праз пяцёрку гадоў гэтыя трэкі назавуць «гімнам маладосці» і ім будуць падпяваць дзясяткі тысячаў чалавек у сотнях гарадоў. Сваім прыкладам хлопец з Лунінца даказаў, што калі шчыра займацца любімай справай, усё абавязкова атрымаецца. Галоўнае – быць сабой.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках