19 красавiка 2024, Пятніца, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У кіроўцаў набралася пытанняў да ДАІ і Лукашэнкі

33
У кіроўцаў набралася пытанняў да ДАІ і Лукашэнкі
Леанід Кулакоў

Але ўлада баязліва хаваецца ад народа.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», таксіст з шматгадовым стажам Леанід Кулакоў апавёў сайту Charter97.org, што думаюць беларускія кіроўцы пра аперацыю ДАІ «Тэхагляд», як адгукаюцца пра ўладу Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў і што трэба рабіць, каб прыбраць «крывасмокаў, якія сядзяць на шыі ў народа».

– Нядаўна ДАІ скончыла дэкаду «Дзяржтэхагляд»: за 10 дзён спынілі і аштрафавалі 14 тысячаў кіроўцаў. А з пачатку года – 200 (!) тысячаў... Як Вы пракаментуеце гэтыя лічбы?

– Я сумняваюся ў дакладнасці гэтых лічбаў. Па-мойму, ДАІ не ў стане спыніць і праверыць столькі аўтамабіляў. Але ім трэба было адрапартаваць наверх пра «паспяхова праведзеную аперацыю». Але гэта маё асабістае меркаванне.

– Фермер з-пад Гомеля нядаўна заявіў, што з 3 тысячаў машынаў 2 тысячы сёння ездзяць без тэхагляду і запатрабаваў «не душыць мытамі» беларускіх кіроўцаў. Чаму беларускія кіроўцы «партызаняць» супраць уладаў і масава не хочуць праходзіць тэхагляд?

– Раскажу на сваім прыкладзе. Раней я працаваў у таксі і мне трэба было два разы на год праходзіць тэхагляд. І кожныя паўгода я за сваю машыну плаціў 100 даляраў. А каб зарабіць, напрыклад, 500 даляраў за месяц, трэба сядзець 12–14 гадзінаў за рулём кожны дзень. Я ўжо не ў тым узросце, каб гуляць з уладамі ў такія «гульні».

Па-другое, я думаю, што ў большасці беларусаў цяпер такі «прыбытак», што грошай аплачваць дарожны падатак проста няма. Тое, што ў нас хочуць адабраць за допуск да дарожнага руху, нармальны кіроўца лепш укладзе ў рамонт свайго аўтамабіля.

Па-трэцяе, паліва так доўга даражэла «на капейку», што можна меркаваць, што дарожны збор ужо ўключаны ў ягоны кошт. І справядліва было б, каб улады прызналі гэта афіцыйна. Напрыклад, цяпер у мяне машына стаіць «на прыколе», за год я максімум езджу на ёй месяц. Чаму я тады павінен плаціць гэты падатак? За тое, што раз на месяц з'езджу ў Курапаты і назад?

І так жыве значная частка краіны. Пенсіянеры дазваляюць сабе з'ездзіць на лецішча пад Менскам – і не больш. Гэта 50–60 км раз на тыдзень. Усё. За што ім плаціць дарожны падатак? Ды ў іх і няма такіх грошай. Дарожны збор павінен быць афіцыйна ўключаны ў кошт палiва: каб чалавек плаціў столькі, колькі ён рэальна ездзіць.

– Ці не баіцца ўлада настроіць супраць сябе сотні тысячаў аўтамабілістаў напярэдадні выбарчай кампаніі?

– Збольшага, улады паказалі, што ім пляваць на нашу краіну і на інтарэсы ўсіх беларусаў – кіроўцаў, працоўных, інтэлігенцыі... Яны ўжо ведаюць, што людзі за іх не галасуюць і не пойдуць за імі ні пры якіх умовах.

Лукашэнка некалі казаў, што ўлада павінна быць «працоўна-сялянскай». І ў гонар працоўна-сялянскіх рэвалюцыянераў названыя многія вуліцы ў Беларусі.

На самай справе Лукашэнка баіцца народа, баіцца сапраўднай «працоўна-сялянскай» улады. Дык чаму б нам цяпер не вылучыць у «дэпутаты» звычайных працоўных і сельскіх працаўнікоў? Баішся – дык і заслужыў.

Давайце толькі ўявім, што было б з Лукашэнкам, калі б у Беларусі усталявалася сапраўдная «працоўна-сялянская» ўлада! Па-першае, кожны звычайны беларус на сваёй шкуры адчуў бы, што такое ўлада і як у ёй дыхаецца. І галасавалі б тады, прымаючы законы, не робаты, як цяпер у «палатцы» ў Лукашэнкі, а жывыя людзі.

Лукашэнка любіць казаць, што ў яго дзве вышэйшыя адукацыі. Вось ён сядзіць, такі «адукаваны» на нашай шыі 25 гадоў – а толку ад яго ніякага. Упэўнены, што любы просты працаўнік, нават без адукацыі, рабіў бы ўсё лепш за яго.

Кожны чыноўнік Лукашэнкі крычыць і б'е сябе ў грудзі, што ён «самы сумленны». Але самыя сумленныя беларусы чамусьці прайшлі праз турмы, а некаторыя і да гэтага часу там знаходзяцца. Упэўнены, што любы палітвязень кіраваў бы краінай лепш, чым чыноўнікі Лукашэнкі.

Суддзі Лукашэнкі загразлі ў карупцыі. Упэўнены, што любы просты чалавек у «парламенце» будзе больш сумленным, чым ягоныя прызначэнцы.

Ярмошына калісьці сказала: трэба выбіраць чыноўнікаў-кар'ерыстаў. А што такое кар'ерыст? Гэта той, хто пайшоў на ўгоду з сумленнем, пайшоў па галовах іншых людзей. Упэўнены, што любы просты кіроўца або працоўны будзе больш прыстойным пры выкананні сваіх абавязкаў.

Я скажу адной фразай: сённяшнія чыноўнікі ад улады, у тым ліку і тыя, што прызначаныя Лукашэнкам у «палатку» – гэта крывапіўцы нашага народа, якія будуць забіраць у яго ўсё, што магчыма.

І ў народа – і ў працоўных, і ў кіроўцаў, якія знарок не праходзяць тэхагляд, і ў жыхароў вёскі – назбіралася вельмі шмат пытанняў і да чыноўнікаў, і да ДАІ, і да самога прэзідэнта. Але як іх задаць, калі Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі баязліва хаваюцца ад людзей?

Паглядзіце на ягоныя паездкі: ён ні разу не выйшаў да рэальных людзей. Значыць, ён баіцца. І яму няма чаго сказаць людзям. Ён можа толькі выйсці і сказаць падстаўным асобам, якіх выбралі загадзя для здымкі, для масоўкі. А ён будзе на іх фоне рабіць паказушны «разнос».

І самае галоўнае: сілавікі, якіх Лукашэнка ўважае сваёй «надзейнай апорай», таксама бачаць, што адбываецца ў краіне. Я рэгулярна стаю на вахце ў Курапатах. Да нас неяк прыязджалі супрацоўнікі ДАІ, і тэт-а-тэт адзін з іх мне сказаў: «даслужваю свой кантракт – і звальняюся з міліцыі. У гэтым дзяр... варыцца больш не хачу». Так і сказаў. І ўсе экіпажы, якія летась прыязджалі штрафаваць нас у Курапатах, ужо абсалютна новыя. Людзі сышлі, у міліцыі велізарная цякучка кадраў.

Атрымліваецца, што і тут у Лукашэнкі няма сапраўднай «апоры».

– Дарэчы, нядаўна супрацоўнік ДАІ звольніўся і апавёў праўду пра тое, як інспектараў прымушаюць паляваць на кіроўцаў: за месяц трэба злавіць і аштрафаваць не менш за 16 чалавек. Ці сутыкаліся Вы з падобным, працуючы ў таксі?

– Я пра гэтую сістэму ў ДАІ выдатна ведаю. У мяне ёсць таварыш, з якім я сябрую шмат гадоў. Ён – былы даішнік. І ён апавядаў наступнае: быўшы на выходных або бальнічных, ён апранаў міліцэйскую форму – і ішоў «рабіць план». Натуральна, ён гэтага не вытрымаў і звольніўся.

– Вы маеце намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Чаму Вы прынялі такую пастанову?

– Я буду ўдзельнічаць у гэтай кампаніі ў 108 акрузе – гэта Зялёны Луг, тая ягоная частка, якая размешчаная ў Першамайскім раёне Менска.

Зразумела, што ўлада зробіць усё, каб нас – незалежных кандыдатаў – не дапусціць.

Але, як той казаў – хто, калі не мы? Мы ідзем таму, што мы павінны гэта зрабіць. Па-першае, каб паказаць, якія ў Лукашэнкі «выбары». Па-другое, каб выкарыстоўваць гэтую кампанію для зносін з людзьмі. Народу надакучыла тое, што ад ўлады ідуць на «выбары» адны крывапіўцы. Так, няхай у «палатку» прызначаецца некаторая колькасць спецыялістаў – юрыстаў, эканамістаў і гэтак далей. Але што ні прыдумаў бы спецыяліст, усё гэта павінен зацвярджаць народ сам, а не кішэнны «парламент», дзе робаты Лукашэнкі падымаюць рукі.

Хай народ убачыць восенню: за кім можна ісці, а за кім – не. Хто «крывасмок», а хто – заадно з людзьмі. Таму мы будзем выстаўляць пікеты і апавядаць людзям, як усё ёсць на самай справе. Хоць нашы людзі ўсё добра ведаюць і разумеюць. Трэба толькі перамагчы страх і дзейнічаць.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках