28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што хвалюе ІП у рэгіёнах

11
Што хвалюе ІП у рэгіёнах

У мястэчках масава з'яўляюцца сеткавыя крамы.

Адкрыццё сеткавай крамы «Дабраном» у Слуцку запланаванае на 27 верасня. Харчовая крама агульнай плошчай 472 м2 з'явіцца ў гандлёвым цэнтры ў 11-м гарадку, піша kurjer.info.

Хоць адкрыццё чарговай крамы не з'яўляецца навіной для слуцакоў, таму што яны з'яўляюцца ледзь не кожны месяц. Але ў гэтым выпадку мясцовыя прадпрымальнікі сур'ёзна занепакоіліся за свой бізнэс - міні-рынку ў 11-м гарадку можа прыйсці канец.

Як паведаміла Жанна Руцкая, намесніца старшыні Слуцкага раёна ў эканоміцы, у пачатку жніўня прайшоў аўкцыён продажу права падпісання дамовы арэнды нерухомай маёмасці - гандлёвы цэнтр у 11-м гарадку. Сярод некалькіх заяўнікаў права арэнды выйграла ЗАТ «Дабраном».

На пытанне «Ці вытрымаюць канкурэнцыю дробныя бізнэсоўцы, якія гандлююць на міні-рынку, з буйным гульцом» суразмоўніца адказала, што ў першую чаргу памяшканне прапаноўвалася мясцовым гандлёвым прадпрыемствам, аднак ахвочых не было.

«На жаль, сёння сітуацыя такая, што велізарныя крэдыторскія запазычанасці прадпрыемства КУП «Слуцк-Усход» трэба за кошт чагосьці выплачваць. І было б нерацыянальна, калі б мы дазволілі прастойваць маёмасці. Памяшканне было выстаўленае на аўкцыён, і на таргах усе заяўнікі былі ў роўных умовах», - падкрэсліла Жанна Руцкая.

Што хвалюе прадпрымальнікаў

Цяпер на міні-рынку працуе блізу 20 прадпрымальнікаў, ёсць і павільёны слуцкіх прадпрыемстваў, і шэрагі для прыватнікаў, якія гандлююць прадукцыяй з асабістага падворка.

Вестка пра тое, што паблізу рынку адкрыецца супермаркет, прадпрымальнікаў не ўзрадавала. Яны сказалі, што галоўная пагроза для іх у тым, што сеткавая крама саб'е кошты і гэтым перацягне пакупнікоў.

«Для нас, дробных прадпрымальнікаў, закупачны кошт бывае вышэйшым, чым у іх прадажны. У такіх умовах захаваць пакупніка вельмі складана», - сказала адна з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць мясной і каўбаснай прадукцыяй.

Гэтак жа ацанілі з'яўленне сеткавых крам прадпрымальнікі, якія рэалізуюць гародніну і садавіну. «І так апошнім часам людзей на рынку стала менш, пакупніцкая здольнасць упала. Што будзе з нашым бізнэсам, калі адкрыецца супермаркет, - не ведаю», - сказала адна з прадаўцоў.

Прыватнікі, якія гандлююць півам і спадарожнымі таварамі, лічаць, што іх бізнэсу з'яўленне такой крамы ніяк не перашкодзіць, таму што ў іх асартымент, які ў супермаркеце прадстаўлены слаба.

Ёсць на рынку і такія, хто спадзяецца на «сваіх» пакупнікоў. «Мы робім стаўку на людзей, на асабістыя зносіны і на асартымент. У мяне адных цукерак і печыва больш за 300 найменняў, - заўважыла прадавец кандытарскіх тавараў, гарбаты і кавы. - Бывае, што замаўляем тавар на просьбы пакупнікоў.

Супермаркет накіраваны на атрыманне звышпрыбытку, а ў нас іншая мэта - зарабіць на жыццё. Таму і працуем па-іншаму. Дробным бізнэсам вялікіх грошай не заробіш. Я спадзяюся, што наш пакупнік ад нас не адвернецца».

Некаторыя прадпрымальнікі мяркуюць, што страцяць пакупнікоў, а магчыма, і бізнэс. Знікнуць працоўныя месцы, даходы пэўнай колькасці людзей паменшацца, як i падаткі, што выплачваюцца імі ў мясцовы бюджэт.

Да ведама: сеткавыя крамы, як правіла, зарэгістраваныя ў іншых гарадах Беларусі, таму прыкметная частка грошай трапляе, так бы мовіць, «па месцы рэгістрацыі». То бок куды заўгодна, але не ў бюджэт Слуцкага раёна.

Здаровая канкурэнцыя

Святлана Якушава, начальніца аддзела гандлю Слуцкага райвыканкама, мяркуе, што з'яўленне сеткавай крамы побач з міні-рынкам не нашкодзіць мясцовым прадпрымальнікам, а толькі створыць здаровую канкурэнцыю.

- Ці не шмат у нас у горадзе сеткавых крам?

- У заканадаўстве нідзе не пазначана, што ў горадзе не можа быць больш за 3, 4, 5 сеткавых крамаў. Да таго ж развіваецца здаровая канкурэнцыя. Гэта нармальна, - сказала Святлана Якушава.

- Ці кантралюецца мясцовымі ўладамі захаванне антыманапольных нормаў заканадаўства, пускаючы чарговую буйную сеткавую краму?

- Гэтым займаецца МАРГ (Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь).

- Гэта значыць, у Слуцку сеткавых крам не шмат і няма прычын для адмовы новаму гульцу?

- Мы працуем паводле заяўнага прынцыпу. Суб'ект гаспадарання сам прымае пастанову, дзе яму з'яўляцца. Ён падае заяву на ўключэнне ў Гандлёвы рэестр, і мы не маем права ўмешвацца ў працу суб'екта гаспадарання.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках