20 красавiка 2024, Субота, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У арганізме архангельскага лекара знайшлі радыеактыўны цэзій-137

5
У арганізме архангельскага лекара знайшлі радыеактыўны цэзій-137

Расейскія ўлады афіцыйна пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Урад Архангельскай вобласці пацвердзіў, што ў аднаго з абследаваных мясцовых лекараў, якія дапамагалі пацярпелым пасля выбуху на вайсковым палігоне ў Нёнаксе, знайшлі радыеактыўны цэзій-137. Праўда, спецыялісты мяркуюць, што ён трапіў у арганізм лекара з ежай, паведамляе BBC.

Улады Архангельскай вобласці ў справаздачы аб выніках абследавання мясцовых лекараў заявілі, што агулам «перавышэння дапушчальных узроўняў радыеактыўнасці не выяўлена».

Аднак у аднаго з лекараў у мышачнай тканцы знайшлі радыеактыўны цэзій-137. Спецыялісты Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва палічылі, што ён трапіў туды не ў выніку ліквідацыі наступстваў інцыдэнту ў Нёнаксе, а «праз прадукты, якія ён [лекар] прымаў у ежу». Цэзій-137 можа «назапашвацца ў рыбе, грыбах, лішайніках, багавінні», заявілі ў ФМБА.

«Абследаванне прайшлі больш за 110 чалавек - гэта лекары, спецыялісты, кіроўцы і пілоты, іншыя супрацоўнікі сістэмы аховы здароўя рэгіёну», - гаворыцца ў справаздачы. З іх 20 чалавек праходзілі абследаванне ў медыцынскім біяфізічным цэнтры імя А.І Бурназяна ў Маскве.

Астатніх, паводле заяваў уладаў, правяралі спецыялісты маскоўскага цэнтра ў мабільнай лабараторыі ў Архангельску. Яна працавала на тым жа абсталяванні і з выкарыстаннем тых жа методык, якія ўжываліся пры абследаванні ў Маскве, гаворыцца ў справаздачы.

Журналістам у чацвер удалося пагаварыць з двума лекарамі, якія ў курсе таго, як надавалася дапамога пацярпелым. Са слоў медыкаў, ад персаналу ўтаілі дзеля захавання дзяржтаямніцы інфармацыю, якая мела дачыненне да іх бяспекі, а менавіта - што ад пацярпелых яны маглі атрымаць вялікую дозу радыяцыі. Пацярпелыя знаходзіліся ў прыёмным пакоі лякарні, і побач з імі хадзілі іншыя пацыенты, распавялі лекары. З іх слоў, усяго з пацярпелымі кантактавалі блізу 90 чалавек.

Упершыню аб выяўленым у аднаго з лекараў цэзіі-137 са спасылкай на крыніцы напісала выданне The Moscow Times тыдзень таму, 16 жніўня. У матэрыяле таксама гаварылася, што супрацоўнікі ФСБ патрабавалі ад лекараў, якія непасрэдна кантактавалі з пацярпелымі, падпісаць пагадненне аб невыдаванні. Гэта пацвердзілі два суразмоўцы.

У пятніцу 23 жніўня The Moscow Times напісалі аб выяўленым паведамленні ва «Вконтакте», напісаным, паводле інфармацыі выдання, кардыяхірургам Архангельскай абласной клінічнай бальніцы Ігарам Сем’іным. На сайце лякарні сапраўды паказаны сэрцава-судзінны хірург з такім імем.

Ён піша, што «ніхто нічога не сказаў, не папярэдзіў і ўсё. Кінулі іх, далей разбірайцеся як хочаце» і што «падстаўленымі выявіліся шматлікія», сярод якіх «маладыя хлопцы, самому старэйшаму з якіх 31 год, за дзень разваленыя ад радыяцыі».

У сераду 21 жніўня «Медуза» са спасылкай на супрацоўніка Архангельскай абласной лякарні напісала, што лекару, у якога знайшлі радыеактыўны элемент, сказалі, што ён «проста наеўся фукусімских крабаў» у Тайландзе, куды нядаўна ездзіў. «Ён малады мужчына, цяпер у яго цяжарная жонка», - сказала крыніца выдання пра лекара. З ягоных слоў, ён меў кантакт з цэзіем некалькі гадзін, удзельнічаў у правядзенні аперацыі і «навісаў над хворым без рэспіратарнай маскі».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках