20 красавiка 2024, Субота, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Handelsblad: Д'ябальскі пакт паміж Сталінам і Гітлерам дагэтуль жывы

7
Handelsblad: Д'ябальскі пакт паміж Сталінам і Гітлерам дагэтуль жывы
ФОТА: IMPERIAL WAR MUSEUMS

Дамова цалкам адпавядае мысленню сучаснай Расеі.

У Будапешце камуністычная зорка на помніку Чырвонай арміі ўзвышаецца над Плошчай свабоды, сімвалізуючы падзяку «вызваліцелям». Ледзь бліжэй да парламента выяву Імрэ Надзя, партыйнага дзеяча, які хацеў вырваць Вугоршчыну з лап СССР у 1956 годзе, нядаўна дэмантавалі.

Прэм'ер-міністр Віктар Орбан, які ў 1989 годзе патрабаваў вываду савецкіх войскаў са сваёй краіны, відавочна, цяпер ігнаруе трагічны ўрок Імрэ Надзя, - піша NRC Handelsblad, (пераклад - unian.net).

У такога тыпу мыслення ёсць гістарычныя і ідэалагічныя карані, якія прарастаюць з «д'ябальскага пакта» паміж Іосіфам Сталінам і Адольфам Гітлерам, які быў падпісаны 23 жніўня 1939 года. Менавіта пасля з'яўлення гэтага дакумента праз некалькі тыдняў пачалася Другая сусветная вайна.

Пакт «Рыбентропа-Молатава», укладзены паміж Трэцім рэйхам і СССР, утрымліваў сакрэтны пратакол. У параграфе, які быў рассакрэчаны Міхаілам Гарбачовым у 1989 годзе, было паказана, што Гітлер і Сталін атрымлівалі поўную свабоду дзеянняў у Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі, Украіне і Малдове. Берлін акупаваў Польшчу, а Масква - усе астатнія краіны. Пояс смерці і разбурэнняў паміж Балтыйскім і Чорным марамі цяпер называюць «крывавымі землямі». Жыхары гэтай часткі Еўропы сталі ахвярамі. Вугоршчына, з другога боку, выйграла, атрымаўшы крыху больш тэрыторый. На землях, якія апынуліся пад акупацыяй Вермахта і Чырвонай арміі ў 1939-1940 гадах (сёння тут пражывае 70 мільёнаў чалавек), пакт мае благую славу. Але ў Вугоршчыне (10 мільёнаў жыхароў) усё як раз наадварот.

У Расеі пакт «Рыбентропа-Молатава» таксама не расцэньваецца як нешта дрэннае. У Маскве таемны пратакол аб падзеле часткі Еўропы паміж нацыстамі і камуністамі з чацвярга выстаўлены на публічны паказ. Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў на прэзентацыі выставы апраўдваў дакумент. Ён сцвярджаў, што з'яўленне савецкіх дамоўленасцей з Гітлерам было непазбежнае з віны Вялікай Брытаніі і Францыі, якія не стварылі своечасова альянс супраць Нямеччыны. Пасля таго, як у Мюнхене прынеслі ў ахвяру Чэхаславаччыну, не было іншага выбару акрамя як дамаўляцца з рэйхам. Сталін нібыта адкрыта пра гэта казаў, падкрэсліваючы, што СССР не будзе «выграбаць жар з вогнішча для капіталістаў».

Такая трактоўка падзей распаўсюджаная ў колах Лаўрова. Палітыку Еўропы для прадухілення вайны разглядаюць як унутраную баязлівасць. А вось пакт «Рыбентропа-Молатава» ў Расеі расцэньваецца як сімвал прыземленай «рэальнай палітыкі». Гэтую інтэрпрэтацыю яшчэ можна зразумець. Але неспасціжным выданне называе тое, што Лаўроў не ўспрымае абурэнне краін-ахвяраў пактам і накладвае «д'ябальскі дакумент» на сучаснасць. Кіраўнік МЗС РФ кінуўся крытыкаваць суседзяў з постсавецкага блока, якія цяпер часта асуджаюць Еўропу за заплюшчаныя вочы на расейскую акупацыю Крыма і Данбаса, параўноўваючы гэта з падзеямі 1939 года. На думку Лаўрова, яны абвінавачваюць Расею толькі таму, што яна правапераемніца СССР. З ягоных слоў, яны ўтойваюць уласны «калабарацыянізм з рэжымам Гітлера» і апраўдваюць «нядобрасумленную вайну супраць помнікаў вызваліцелям».

Вядома, Лаўроў гаварыў не пра Вугоршчыну. Будапешт сапраўды быў у змове з нацысцкім Берлінам. Але ж зорка дагэтуль на плошчы. Расейскі дыпламат гаварыў пра Украіну і краіны Балтыі, у якіх добрыя і дрэнныя ўчынкі пераплятаюцца значна складаней, чым у Вугоршчыне. Але савецкія помнікі тут знеслі. Лаўроў перасцярог, што гісторыя карае тых, «хто не хоча памятаць урокі мінулага». Гэта быў непрыкрыты сігнал для лідэраў G7, якія найбліжэйшымі выхаднымі будуць абмяркоўваць вяртанне Расеі ў клуб. І «д'ябальскі» пакт 80-гадовай даўніны перасцерагае, што гэта было б няправільна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках