28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Бандарэнка: Я хачу элементарных рэчаў - свабодных выбараў і недапушчэння новага Чарнобыля

9
Міхаіл Бандарэнка: Я хачу элементарных рэчаў - свабодных выбараў і недапушчэння новага Чарнобыля
МІХАІЛ БАНДАРЭНКА

Чым жыве горад, размешчаны ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад зоны адчужэння.

Удзельнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Міхаіл Бандарэнка нарадзіўся ў 1994 годзе ў горадзе Мазыры. Тут жа атрымаў адукацыю і правёў амаль усё жыццё. Актывіст, які наважыў узяць удзел у парламенцкай кампаніі, распавёў БНК пра тое, з якімі праблемамі сутыкаюцца жыхары аднаго з найбуйнейшых гарадоў беларускага Палесся:

- Я скончыў Мазырскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў і атрымаў спецыяльнасць мантажніка металаканструкцый і трубаправодаў. Потым адслужыў у войсках СПА, механік-кіроўца зенітна-ракетнага комплексу «Аса». Пасля вяртання на «грамадзянку» ў траўні 2014-га ўладкаваўся па спецыяльнасці і дагэтуль працую мантажнікам.

Часта кантактую з людзьмі, са сваімі аднагодкамі, калегамі. Напэўна, галоўная тэма - падзенне ўзроўню жыцця, нізкія заробкі, адсутнасць перспектыў. Нават калі ўзяць гэты месяц, атрымалі разліковыя лісты - нават тыя невысокія аклады, якія ў нас былі, сталі яшчэ меншымі. Многія проста адмаўляюцца працаваць за капейкі, шукаюць магчымасць уладкавацца за мяжой. Нават тыя, хто застаўся і выходзяць на аб'ект, фактычна страйкуюць, нічога не робяць, бо працаваць за такі жабрацкі заробак проста зневажальна.

Прыязджаюць начальнікі, кіраўніцтва, як правіла, кормяць абяцанкамі. Кожны месяц адно і тое ж: прыедуць, наабяцаюць і паедуць. На гэтым усё заканчваецца.

З медыцынай і аховай здароўя - наогул катастрофа. У нас у горадзе ёсць медыцынскі каледж, але многія выпускнікі з'язджаюць, спрабуюць працаваць там, дзе хоць крыху больш плацяць. Заробак лекара, прыкладна 400 - 500 рублёў. За апошнія пару месяцаў на маім участку тры разы памяняўся тэрапеўт. Спецыялісты з'язджаюць за мяжу.

Ледзь лепшая сітуацыя на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, заробкі там па нашых мерках неблагія. Але гэта шкодная вытворчасць, людзі да 30 гадоў страчваюць здароўе. Працоўнага НПЗ лёгка адрозніць ад іншых жыхароў па вонкаваму выгляду.

Новых працоўных месцаў няма. Шмат каго звальняюць, на ўсіх прадпрыемствах скарачэнні. Людзей, якія застаюцца без працы, з кожным днём усё больш.

Я неяк заходзіў на біржу працы. У спісах вакансій заробкаў, вышэйшых за 300 рублёў, наогул не было. А шмат каму на гэтыя грошы трэба ўтрымліваць сям'ю, дзяцей. Як гэта зрабіць? Гэта проста немагчыма!

- Мазыр даволі блізка да Палескага радыяцыйнага запаведніка. Як сітуацыя з экалогіяй?

- Мы, сапраўды, знаходзімся не так далёка ад Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і гэта накладае адбітак на ўвесь рэгіён. Сотні тысяч беларусаў, у першую чаргу, жыхароў Гомельшчыны пацярпелі ад той аварыі, у Мазыры жывуць многія ліквідатары. Ім ніхто не дапамагае. Раней былі хоць нейкія льготы, потым іх скасавалі, забралі нават бясплатны праезд у транспарце.

- У Беларусі будуюць новую АЭС...

- Пры тым, што многія спецыялісты, ды і звычайныя людзі выступаюць супраць гэтага праекту. Чытаў у розных крыніцах, што таннейшай электраэнэргія ад гэтага не стане, хутчэй наадварот. Ды і які сэнс казаць пра яе кошт, калі галоўнае іншае - бяспека. Занадта моцна беларусы пацярпелі ад «мірнага атаму» і безадказнасці чыноўнікаў.

Што будзем рабіць, калі зноў здарыцца аварыя? Хто за гэта адкажа? Хто дасць гарантыю, што пры нашым бязладдзі на АЭС не здарыцца чарговае надзвычайнае здарэнне, якое ўлады, як звычайна паспрабуюць утаіць ад нас усіх? Пагаворыце з ліквідатарамі, паслухайце, што яны скажуць пра гэтую задуму. Я не хачу паўтарэння 1986 года і прыкладу ўсе сілы, каб не дапусціць гэтага.

- А чаго хочаце? Чаму наважылі ўзяць удзел у парламенцкай кампаніі?

- Хачу таго ж, чаго хочуць большасць беларусаў - змены ўлады. Хачу элементарнага - свабодных выбараў і недапушчэння новага Чарнобыля. Хачу вярнуць магчымасць самім вызначаць, як жыць далей. Бо корань усіх праблем - менавіта ў гэтым. За 25 гадоў кіравання Лукашэнкі практычна нічога не было зроблена для таго, каб палепшыць жыццё людзей. Законы і дэкрэты працуюць у інтарэсах чыноўнікаў, уся дзейнасць уладаў накіраваная на тое, каб забраць у нас апошняе. Пра што казаць, калі беларусы не могуць знайсці нармальную працу ў сваёй краіне і шукаюць лепшай долі на чужыне?

Хачу, каб мая краіна стала моцнай незалежнай еўрапейскай дзяржавай. Хачу, каб пра нашу будучыню не дамаўляліся за нашай спіной. Хачу ганарыцца Беларуссю і беларусамі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках